Вы тут

Як нараджаюцца батлеечныя пастаноўкі


З 12 па 15 студзеня ў Адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра, што ў сталіцы, пройдзе міжнародны фестываль батлеечных тэатраў «Нябёсы». На працягу чатырох дзён можна будзе назіраць, як у маленькіх скрынях з дапамогай лялек, тканін, святла і, вядома ж, чалавечых рук і галасоў, будзе ажываць казка. Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з кіраўнікамі некаторых батлеечных тэатраў, каб распытаць, як нараджаюцца прадстаўленні, спецыяльна створаныя да свята Раства.


Кан­стан­цін Пет­ры­ман рас­каз­вае пра бат­ле­еч­ныя ляль­кі, зроб­ле­ныя ў Мір­скім ка­ле­джы.

«Ляльку не падманеш»

Канстанцін Петрыман, кіраўнік батлеечнага тэатра Мірскага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа расказаў:

«Мы пазіцыянуем сябе як тэатр, які аднаўляе і рэканструюе аўтэнтычныя батлеечныя пастаноўкі. Вывучаем тыя прадстаўленні, якія існавалі на нашых землях. Сёння вядомыя мірская, красненская школы.

Батлейкі на Беларусі сапраўды шмат — і гэта надзвычай добра. Бо такая творчасць — нацыянальная спадчына. Яе можна параўнаць са слуцкімі паясамі — такая ж сапраўдная з'ява народнай культуры.

Каб знайсці арыгінальны матэрыял пастановак, ладзім экспедыцыі па сваім раёне, размаўляем са старымі людзьмі — збіраем так званую вусную гісторыю. Гэта вельмі важная праца, бо ў архівах матэрыялу няма, запісаў прадстаўленняў не існуе. А існаванне батлейкі на гэтых землях спынілася ў пачатку ХХ стагоддзя.

Калі мы аднаўляем спектакль, адразу бачым, паспяхова ён ідзе ці не. Ці адпавядае манера маўлення ляльцы? Напрыклад, старажылы казалі, што чорт размаўляў, як крамнік Мэйза. Хто такі гэты Мэйза? Пачынаеш шукаць сваякоў таго Мэйзы Стэльмаха — нейкі дзядуля ўспамінае, што сапраўды быў такі чалавек, які размаўляў і па-польску, і па-яўрэйску, — для пэўнай важнасці, але ў выніку, наадварот, атрымлівалася абы-што. Хтосьці прыгадаў, што анёлы размаўлялі, як бацюшкаў панамар... А як размаўляў той панамар? Нам трапілася перапіска 1920—1930-х гадоў — у такіх бытавых, неафіцыйных лістах акурат можна ўбачыць манеру ўжывання царкоўнаславянскіх слоў у звычайнай размове — і гэта мы выкарыстоўваем для спектакляў.

Ведаеце, ляльку не падманеш. Можна напісаць вельмі шмат п'ес. Але калі выходзіць лялька-анёл і словы не адпавядаюць ёй, гэта адразу адчуваецца. Людзі сталага веку, якіх мы апытваем, могуць і забыцца нешта, дадумаць па-свойму... Таму даводзіцца яшчэ і вывучаць літаратуру таго часу — творы Элізы Ажэшкі, Марыі Канапніцкай, якія расказвалі пра побыт сялянства і мяшчанства ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя на нашых землях.

«Гэта дарослы філасофскі тэатр»

Мы аднавілі пастаноўку «Салдат і чорт», за якую на міжнародным фестывалі «Нябёсы» летась атрымалі дыплом пераможцы ў намінацыі «Рэканструкцыя нацыянальнай пастаноўкі». А калісьці ў Міры гэты спектакль ставілі браты Сілко.

Раней батлейку ладзілі ад 25 снежня (каталіцкага Раства) да 19 студзеня (праваслаўнага Вадохрышча). Аднак нам удалося адшукаць успаміны, у якіх сведчыцца, што «Цара Ірада» ставілі ў Піліпаўку (самы разгар праваслаўнага посту). Гэта ўвогуле ламае ўсялякія ўяўленні пра тое, што батлейку прымяркоўвалі толькі да Раства. Маюцца звесткі, што яе ладзілі нават на Вялікдзень! Таму ў 2015 — 2016 гадах мы таксама ставілі гэту пастаноўку на Піліпаўку.

У большасці людзей батлейка асацыюецца з дзіцячымі пастаноўкамі. Аднак насамрэч гэта сур'ёзны дарослы філасофскі тэатр. У інтэрмедыі «Салдат і чорт», напрыклад, падымаецца глыбокая праблема. Салдат ідзе з вайны, і яго вельмі непакоіць тое, што ён забіваў людзей. Чорт кажа, што салдат усё адно пойдзе ў пекла, таму трэба ўжо збірацца — і той згаджаецца. Але па дарозе дадому непрыкметна для сябе робіць добрыя справы і тым самым ачышчаецца.

Пасля гэтай пастаноўкі да мяне падышоў чалавек, які прыехаў з Украіны. Ён сказаў, што ў яго такая ж праблема, як у героя п'есы, — ваяваў, а пасля з'ехаў з сям'ёй у іншае месца. Гэты чалавек адзначыў, што атрымаў праз гэты твор для сябе адказ... Там анёл рэфрэнам паўтарае: «Ідзі і не грашы. Збаўца табе кажа: «Памятай, што кожнай душы пакаянне патрэбна». Чалавек думаў, што ўсё ўжо страчана, але 20-хвіліннае прадстаўленне здолела паказаць яму далейшы шлях.

Евангельскія ідэі дабра, любові, даравання рэфрэнам праходзяць праз усе такія пастаноўкі. Сама структура батлейкі застаецца нязменнай: верхні ярус — неба, ніжні — зямля.

Усе лялькі мы робім самі. У нашым каледжы працуе таленавіты мастак Людміла Ложачнік, якая вельмі спрыяе працэсу. Выкарыстоўваецца драўніна, з якой робіцца сама лялька — разам з навучэнцамі яе размалёўваюць, а затым апранаюць».


Па­вел Ка­ра­лёў (зле­ва) і Ілья Чы­жоў.

«Каб зразумець сэнс таямніцы»

Пра яшчэ адзін батлеечны тэатр, які можна будзе ўбачыць на «Нябёсах», расказаў яго кіраўнік Ілья Чыжоў:

«Мы ўваходзім у нефармальную тусоўку праваслаўнай моладзі. У некаторых з нас ёсць дзеці. Таму гісторыя тэатра пачалася з таго, што мы, збіраючыся разам святкаваць Раство, штосьці ладзячы, увесь час імкнуліся вынайсці пэўныя новыя формы. А аднойчы вырашылі паставіць батлеечны тэатр.

Сёлета робім святлоценявое прадстаўленне. Лямпачка, белая тканіна, кардонныя дэкарацыі, якія час ад часу мяняюцца... Святло ўключаецца і выключаецца. Мы спыніліся менавіта на гэтай тэхніцы, бо яна даволі простая — у выніку ўсё атрымліваецца вельмі прыгожа.

На гэта Раство вырашылі зрабіць новую пастаноўку — «Дары Артабана». Гэта гісторыя пра нібыта чацвёртага вешчуна. Усе іншыя ўжо пайшлі да Ісуса, а з ім адбываюцца пэўныя прыгоды. Мы крыху перарабілі канцоўку, да таго ж сам сюжэт адаптавалі для ценявога тэатра. Дарэчы, разам са мной наш тэатр ладзіць мая жонка Кацярына Куняўская-Чыжова, а таксама Хрысціна Курчанкова, Павел Каралёў, Вольга Алейнік, Марына Волахава, Наста Рымашэўская.

Да самога сэнсу свята Раства мы ставімся вельмі паважліва, перадаём яго ашчадна. Але некаторыя рэчы, адаптаваныя для дзяцей, безумоўна ж, дадаём... Такія спектаклі дапамагаюць зразумець сэнс таямніцы, што адбылася больш як 2000 гадоў таму. Дзеля яе мы, уласна кажучы, і збіраемся. Дзеці, якія кожны год глядзяць нашы пастаноўкі, усё глыбей пачынаюць разумець сэнс Раства.

У мінулым годзе мы ладзілі свае прадстаўленні для бацькоў з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі і ўбачылі вялікую зацікаўленасць гледачоў. Можа, зладзіць спектакль — гэта крыху лепш, чым прывезці дзецям звычайныя падарункі. Таму адной са сваіх мэт мы бачым выступленне ў межах дабрачынных акцый.

Спачатку мы паказалі само прадстаўленне, а затым дэманстравалі дзецям, як усё гэта працуе, — давалі паспрабаваць ім самім пакіраваць ценямі. Выступалі ў Навінках у інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці — спадабалася і нам, і дзецям. Штосьці яны запомнілі, цытавалі. Пасля спрабавалі кіраваць лялькамі. Магчыма, у будучым правядзём для іх майстар-класы, каб яны самі змаглі для сябе арганізоўваць такія невялічкія пастаноўкі, бо ўсё насамрэч даволі проста».

Свят­ло­це­ня­вы тэ­атр, ство­ра­ны Іль­ёй Чы­жо­вым і яго сяб­ра­мі.

Батлейка прыйшла на нашы землі з Захаду разам з манахамі-францысканцамі. У Польшчы манахі пакінулі след у падобным лялечным тэатры. Але там больш статычнасці, пыхлівасці — і гэта выключна касцельная дзея.

І праваслаўная, і каталіцкая царква адразу не хацелі прымаць батлейку, бо там евангельскія ісціны даносяцца зусім простымі словамі... Але ідэя ў тым, што спачатку чалавек ідзе ў храм на набажэнства. А пасля вяртаецца дадому, і ўжо для сваіх родных ладзіць такія 20-хвілінныя прадстаўленні на тэму Раства.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Мір — Мінск

Загаловак у газеце: Дакрануцца да «Нябёсаў»

Каментары

Выдатны фестываль "Нябёсы", хочацца, каб было больш магчымасці ўбачыць батлейку. Яшчэ можна ў музеі М.Багдановіча яе паглядзець.
Па якім раскладзе там праходзяць пастаноўкі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.