Вы тут

Выйшаў сямейны мабільны дадатак, які дапаможа пазбягаць канфліктаў


Дзіцячае «хачу» супраць бацькоўскага «трэба». Як гэты канфлікт вырашае большасць сем'яў? Спачатку бацькі спрабуюць дамовіцца з дзіцем. Калі гэта не атрымліваецца, на дапамогу прыходзіць крык. І самы негатыўны спосаб вырашэння — пакаранне. У выніку малы крыўдзіцца, бацькі трацяць нервы, і, што самае сумнае, сітуацыя паўтараецца зноў.


Стваральнікі бясплатнага дадатку для ўсёй сям'і «ХочПо» (ад слоў «хочешь» — «получишь») вырашылі, што барацьбу інтарэсаў лепш замяніць на цікавую мабільную гульню. Як яна працуе? Бацькі запісваюць жаданне дзіцяці (напрыклад, веласіпед) і пазначаюць яму кошт у віртуальных манетах. Далей прапаноўваюць заданні — атрымаць добрую адзнаку, прыбрацца ў пакоі. За кожнае з іх — свая цана. Калі дзіця спраўляецца з абавязкамі, тата і мама пацвярджаюць выкананне (усё ў рэжыме анлайн: малыя ж любяць сядзець у гаджэтах) і абменьваюць заробленыя манеткі на жаданне. Ужо рэальнае.

Для самога ж дзіцяці гэты працэс — маляўнічая гульня на смартфоне, дзе ён ідзе да мудраца, выбірае ў яго заданне, выконвае і атрымлівае манеты як узнагароду. Потым сустракаецца з купцом і абменьвае грошы на жаданне, на якое яму хапае «капіталу». Такім чынам дзеці вучацца ставіць мэты і дасягаць іх, планаваць свой час і цаніць час бацькоў, быць адказнымі і самастойнымі. І распараджацца грашыма: малы можа або патраціць іх адразу на тое ж марожанае ці паход у кіно, або збіраць, каб хапіла на большую пакупку.

У камандзе праекта 25 чалавек з чатырох краін, у тым ліку з Беларусі. Мінчанін Аляксей Бажко расказвае, што яны змаглі знайсці інвестараў усяго за два тыдні. У распрацоўцы дадатку ўдзельнічалі псіхолагі і бізнес-трэнеры. У снежні бясплатная мабільная гульня «ХочПо» выйшла адразу на некалькіх мовах. Стваральнікі праекта спадзяюцца, што да канца наступнага года іх дадатак збярэ аўдыторыю ў адзін мільён карыстальнікаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Прыбяры пакой — зарабі на марожанае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.