Вы тут

Беларускамоўны Дзед Мароз пра тоны грыму, цуды і тыграня-Снягурку


Пра тое, чаму тоны грыму выходзяць з моды, як тыграня стала Снягуркай, што прымушае маўчаць дваццаць дзяцей і калі адбываюцца цуды, мы даведаліся ў беларускамоўнага Дзеда Мароза.


Магія слоў і дзеянняў

— Вялікае шчасце быць Дзедам Марозам... без касцюма Дзеда Мароза, — парадкуючы на сядзенні аўтобуса вялікія торбы з тым самым навагоднім уборам і рэквізітам, кажа Васіль Дранько-Майсюк. — Усё павінна ісці знутры.

У той дзень Васіль спяшаўся падарыць казку яслям-саду № 356 г. Мінска. Па дарозе да дзятвы Дзед Мароз быў не вельмі гаваркі. Маўляў, «за мяне ўсё скажа мая справа». Лепей размаўляць прадметна. Не паўтарае перад выступленнем навагодні чараўнік і сцэнарый, які, дарэчы, заўсёды піша сам.

— Шмат чаго залежыць ад таго, з кім прыходзіцца працаваць. Да кожнага патрэбен свой падыход. З дарослымі я гавару на адной мове, з дзятвой — на іншай. Пераключацца трэба вельмі хутка, каб усё выглядала гарманічна і натуральна, — усміхаючыся, тлумачыць Васіль.

Першы раз касцюм навагодняга чараўніка Васіль Дранько-Майсюк прымераў гады чатыры таму — у Маскве, дзе жыў і працаваў. Малады драматург, рэжысёр, акцёр адчуў, што яму, Дзеду Марозу, дзеці вераць, а бацькі — давяраюць. Ці не гэта галоўнае?!

— Прабачце, не падкажаце, дзе тут дзіцячы садок? — запытаўся ў дворніка Васіль.

— А вы хто? Навошта вам туды? — пачулася насцярожанае ў адказ.

— Я — Дзед Мароз, — растлумачыў Васіль, — на навагодні ранішнік іду.

— А, Дзядуля, — падабрэла жанчына з лапатай у руках, — вам вось туды, — хутка сарыентавалася суразмоўніца.

Услед жанчына пажадала добрых свят, а я падумала аб магічных уласцівасцях слоў «Дзед Мароз», якія так хутка прымушаюць людзей мяняцца...

Мінімум рэквізіту, максімум шчырасці

— Скажу адразу: дзеткі складаныя, яны толькі прыйшлі ў садок. Узрост 3—4 гады. Хтосьці больш сацыялізаваны, хтосьці менш, таму рыхтуйцеся да ўсяго, — хутка ўвяла ў курс справы педагог-псіхолаг садка.

— Справімся, не ўпершыню. Да таго ж хто, як не Дзед Мароз, ведае падыход да дзятвы? — з упэўненасцю адказаў Васіль.

Пасля галоўны герой навагодняга свята і загадчыца садка ўдакладнілі яшчэ некалькі важных момантаў наконт падарункаў, вершыкаў, музыкі.

— Зразумела, што ўсё прадбачыць цяжка. Але зрабіць усё магчымае для таго, каб у дзіцяці і яго бацькоў склалася адчуванне свята, я абавязаны, — удакладніў Дзед Мароз.

Што датычыцца нечаканасцяў, то Васіль сутыкаецца з імі амаль заўсёды. Новы год — час чароўны, што тут скажаш. Вось, напрыклад, аднойчы прыйшлося забаўляць сапраўднае тыграня, якое бацькі падарылі свайму сыну. Жывёла пазнала ў Марозе свайго папярэдняга гаспадара, які быў таксама сівы, і літаральна ўвесь вечар не адыходзіла ад Васіля — замест Снягуркі было!

Дарэчы, пра тое, чаму Дзед Мароз без унучкі ходзіць, у Васіля знайшліся свае тлумачэнні.

— Па-першае, часцей за ўсё людзі хочуць, каб іх павіншаваў выключна Дзед Мароз, па-другое, працаваць аднаму зручней. Мне больш падабаецца спадзявацца толькі на сябе, а не залежаць ад напарніцы, якой бы казачнай яна ні была, — расказаў Васіль.

Тоны грыму наш Дзед Мароз не любіць. Лічыць гэта лішнім. Васіль давярае мне трошкі падфарбаваць яму нос і бровы, але пільна сочыць за кожным маім рухам.

— Тут усё павінны гаварыць вочы, а не размаляваны твар, — кантралюе мой энтузіязм Дзед Мароз. — Маюць значэнне і голас, інтанацыя, з якой ты звяртаешся да публікі. Усюды павінна быць мяжа.

Мінімум датычыцца і рэквізіту, і музыкі, пад якую адбываецца асноўнае дзеянне. «Трэба ўмець зацікавіць сваімі словамі, гісторыяй. Усё астатняе — другараднае. Ведаеце, хто б што ні казаў, а дзеці — добрыя слухачы», — лічыць Васіль.

Навагодняя праграма Васіля звычайна доўжыцца гадзіну, але ўсё залежыць ад абставін, пажаданняў. Тут, як кажуць, на любы колер і густ. Датычыцца гэта і асноўнай канцэпцыі выступлення. Аднойчы «Трапічны Новы год на востраве» ладзіць прыйшлося. Свята з пальмамі, бананамі і гарачымі танцамі спадабалася ўсім. Яшчэ б, Дзеда Мароза ў кепцы і шортах не кожны год сустрэнеш!

Сіла веры, мовы і цуду

Да свайго першага навагодняга ранішніка маленькая Сафійка з матуляй пачалі збірацца за месяц. Акрамя ружовай сукенкі і пышных бантаў, дзяўчынка падрыхтавала невялічкі верш.

— Я сама добра размаўляю па-беларуску, таму лічу, што і дачцэ гэта не будзе лішнім, — дзеліцца матуля трохгадовай прынцэсы. — Да таго ж у школе потым будзе лягчэй.

Беларускамоўная група з'явілася ў садку сёлета. Ініцыятарамі выступілі самі бацькі дзяцей. Віталь Абакановіч быў адным з першых, хто падняў гэтае пытанне.

— Гэта цудоўна, калі ў дзіцяці ёсць магчымасць вучыць родную мову з трох гадоў, — лічыць Віталь, — знаёміцца з традыцыямі і культурай свайго народа. А дзіцячы садок, напэўна, найлепшае для гэтага месца.

Матуля Ганначкі, якая атрымала падарунак ад Дзеда Мароза, расказвае, што дачка не толькі сама вучыць мову, але і прымушае старэйшага браціка дома размаўляць па-беларуску.

— Я бачу, што дзеці мяне разумеюць, — кажа Васіль. — Яны ідуць на кантакт, а гэта галоўнае.

У Васіля дзве вышэйшыя адукацыі (ён культуролаг і рэжысёр), але, як кажа сам артыст, дзецям не патрэбны дыпломы. З імі ён працуе інтуітыўна.

Дзед Мароз вельмі даражыць тым, што хлопчыкі і дзяўчаткі давяраюць яму свае самыя патаемныя мары і жаданні. Хтосьці просіць зрабіць ляльку, падобную да таты, бо той надоўга з'язджае ў камандзіроўкі. Нехта спрабуе праз Дзеда Мароза перадаць прывітанне бабулі-нябожчыцы і пахваліцца, што «раніцай есць кашу і вучыць алфавіт».

— Чаму ты рыдаеш? — звяртаецца да свайго сына ў касцюме медзведзяняці бацька. — Вершык забыўся?

— Я падаЛунак хачу і дадому, — скрозь слёзы вымаўляе малое.

А да Дзеда Мароза ўжо падышоў маленькі пірат. Хлопчык, відаць, таксама перахваляваўся, але, як кажа наш чараўнік, «прамаўчаць па-беларуску таксама ўмець трэба».

Неймаверна, але Дзеда Мароза з заміраннем слухаліся не толькі малыя, але і іх бацькі: дзе яшчэ вы ўбачыце сур'ёзнага тату ў ролі дуба ці маму траіх дзяцей, якая падахвоцілася быць асінай?

Ранішнік скончыўся апоўдні. Задаволеныя дзеці і бацькі ззялі ўсмешкамі, а Дзед Мароз прызнаўся, што крыху стаміўся. У апошнія дні снежня графік чараўніка распісаны па гадзінах і ўсюды трэба паспець.

— Як усё прайшло? — запыталася каля ганка дворнік, што зранку падказала дарогу да садка. — А дарослым жаданне загадваць можна? Ці ўсё гэта глупства?

Дзед Мароз усміхнуўся і, ухваляючы, кіўнуў: «Цуды не маюць межаў. Ні моўных, ні тэрытарыяльных, ні ўзроставых. Яны заўжды адбываюцца з тымі, хто ў іх верыць...»

Кацярына АСМЫКОВІЧ

asmykovіch@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Каментары

Вельмі прыемна, што наша свята ў садочку не засталося незаўважаным, і хто не змог з бацькоў прыйсці, убачыў цудоўныя фота і прачытаў добрыя словы. Болей такіх святаў! З Новым годам усіх чытачоў "Звязды"

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.