Вы тут

Сацыяльны работнік ва Ушацкім раёне незаменны


«Ведаеце, да нас цяпер пераходзяць працаваць з сельскай гаспадаркі, — расказвае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна Алеся ХВАШЧЭЎСКАЯ. — Там работы няма, а ў нас заробкі хоць і невялікія, затое рэгулярныя. Ёсць у нас і маладыя супрацоўнікі, і тыя, хто ў прафесіі па 15—20 гадоў. Мы сваіх спецыялістаў стараемся падтрымліваць, найбольш старанным выпісваем прэміі».


Клопатаў у сацыяльных работнікаў хапае. На надомным абслугоўванні ў раёне — 582 чалавекі.

— Колькасць людзей, якім патрэбна сацыяльная дапамога, штогод павялічваецца. Чаму? Насельніцтва старэе. Дзеці, якія раней жылі ў вёсках, з'язджаюць у горад уладкоўваць сваё жыццё, а іх пажылыя бацькі застаюцца адны, — тлумачыць Алеся Уладзіміраўна.

Каб старыя не адчувалі сябе адзінока, пры тэрытарыяльным цэнтры для іх працуе аддзяленне дзённага знаходжання. Яго наведваюць 28 пажылых жыхароў раёна. Для пенсіянераў там арганізаваны розныя гурткі: дэкаратыўна-прыкладной творчасці, музычна-тэатральны, нават клуб падарожнікаў (яго наведвальнікі займаюцца так званым віртуальным турызмам — рыхтуюць матэрыял аб нейкім месцы і дзеляцца ім на чарговым сходзе клуба). Для аматараў скандынаўскай хады ёсць «Сцежка здароўя». Адкрыты клуб стасункаў «Надзея»: там пажылыя збіраюцца адзначаць дні нараджэння, памятныя даты.

Часта сярод наведвальнікаў дзённых аддзяленняў няма мужчын: нецікава ім вязаць і клеіць вырабы з прыродных матэрыялаў. Але ва Ушачах паклапаціліся пра прадстаўнікоў моцнага полу, прадумалі гурткі і для іх — напрыклад, шахматна-шашачны клуб. «У нас мужчыны вельмі актыўныя», — заўважае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра.

Сярод запатрабаваных паслуг, якія аказвае ТЦСАН, — санаторый дома. Ён разлічаны ў сярэднім на дзесяць дзён. Да пажылога чалавека, які пакінуў заяўку, выязджае брыгада ў складзе сацыяльнага работніка, медыка і валанцёра з ліку пенсіянераў. Назначаюць працэдуры, робяць масаж, праводзяць культурныя чытанні. Сумесна з Домам культуры арганізоўваюць невялікія канцэрты.

— У гэтым годзе паслугу «санаторый дома» аказвалі больш за 20 разоў. У аддаленыя вёскі, праўда, брыгадзе складана выязджаць. Звычайна працуем па заяўках адзінокіх старых у бліжэйшых населеных пунктах.

Да Новага года тэрытарыяльны цэнтр Ушацкага раёна праводзіць акцыю «Павіншуй сваіх пажылых бацькоў». Прапануюць заказаць Дзеда Мароза і Снягурку для пенсіянераў, перадаць гасцінцы. Акцыю ладзяць ужо другі год. У цэнтры расказваюць, што віншаванні для сваіх адзінокіх суседзяў заказваюць нават проста іх знаёмыя. Дзякуючы сацыяльным работнікам, пажылыя людзі ў святы не адчуваюць сябе пакінутымі. Хаця, вядома, лепш было б, каб сваіх старых бацькоў наведалі і самі дзеці, якія некалі раслі ў гэтых вёсках.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: ...І санаторый дома

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.