Вы тут

У сталічным доме №22 па вуліцы Калініна ў кватэрах пайшла цвіль


Пакуль рамонтнікі і жыхары высвятляюць, якой таўшчыні павінен быць уцяпляльнік, у кватэрах пайшла цвіль.

Змена заканадаўчых дакументаў, няправільна выкананыя рашэнні і нават надвор'е зацягнулі капітальны рамонт у сталічным доме №22 па вуліцы Калініна больш як на год. Пра гэта расказвалася ў артыкуле «Такі капрамонт нам патрэбны?», які выйшаў у «Звяздзе» 28 кастрычніка. Мінуў месяц, але, як высветлілася, да гэтага часу фасад не ўцеплены, газавыя награвальныя калонкі не дэманціраваны, а праз замочаную знешнюю сцяну ў кватэрах з'явілася цвіль.


Старому дому — старыя паказчыкі

Карагод праблем пачаўся пасля рашэння адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы выключыць работы па ўцяпленні фасадаў з праекта капрамонту. Яно было прынятае на падставе ўрадавай пастановы, якая выйшла ў красавіку 2016-га і
датычыцца планавання, правядзення і фінансавання капітальных рамонтаў будынкаў. Жыхароў абурыла, што замест першапачаткова запланаванага ўцяплення мінералватнымі плітамі таўшчынёй 110 мм фасад вырашылі закрыць 30-міліметровым слоем пенапласту.

Адстойваючы свае правы, уласнікі пачалі пісаць звароты ў розныя дзяржаўныя ўстановы, у рэдакцыю. Як вынік — у газеце з'явілася згаданая публікацыя. Адказ на яе прыйшоў ад КУП «Жыллёвая камунальная гаспадарка Першамайскага раёна г. Мінска». У ім дырэкцыя прадпрыемства тлумачыць прынятыя ў дачыненні да праектна-каштарыснай дакументацыі (далей — ПКД) змены, спасылаючыся на загад Міністэрства ЖКГ аб правядзенні капрамонту ў 2015 годзе, дзе сказана, што «цеплатэхнічныя характарыстыкі знешніх агараджальных канструкцый павінны быць даведзены да нарматыўных патрабаванняў на момант праектавання жылога будынка пры яго будаўніцтве». Гэта значыць, што старому дому па вуліцы Калініна не трэба адпавядаць сучасным нарматывам па цяплу — яму дастаткова дасягнуць тых, што дзейнічалі ў краіне на момант яго будаўніцтва некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Кіраўніцтва Першамайскай ЖКГ сцвярджае, што пенапласт таўшчынёй 30 мм «...забяспечвае адпаведнасць цеплавой аховы і супраціву цеплаперадачы знешніх агараджальных канструкцый дома №22 патрабаванням ТКП 45-1.04-206-2010 «Рамонт, рэканструкцыя і рэстаўрацыя жылых і грамадскіх будынкаў і збудаванняў...». Аднак жыхары ў гэтым сумняваюцца і хочуць, каб слой уцяпляльніка быў таўсцейшы.

Чаго чакае фасад?

Аляксандр Мацэвіч, дырэктар КУП «Жыллёвая камунальная гаспадарка Першамайскага раёна г. Мінска» тлумачыць у лісце перапыненне работ па ўцяпленні наступным:

— З прычыны выканання жадання ўласнікаў (наймальнікаў) жылога дома №22 павялічыць таўшчыню пліт уцяплення за кошт уласных сродкаў, работы па рамонце фасадаў на гэтым аб'екце прыпыненыя да афармлення неабходнай дакументацыі згодна з заканадаўствам.

Трэба заўважыць, што капітальны рамонт адбываецца адразу ў трох дамах па вуліцы Калініна: №№ 18, 20 і 22. Слой уцяпляльніка па фасадзе быў паменшаны ва ўсіх іх. У лісце з Дзяржкамітэта па стандартызацыі, які прыйшоў у адказ на зварот жыхароў дома №22, паведамляецца, што новую праектную дакументацыю (пра выкарыстанне іншага ўцяпляльніка) Першамайская ЖКГ на дзяржэкспертызу ў кастрычніку не прадстаўляла.

У сваю чаргу галоўны інжынер ЖКГ Першамайскага раёна Сяргей ЖАХОЎСКІ ўпэўнівае, што «калі змены ў ПКД не прыводзяць да павелічэння кошту капрамонту, іх не абавязкова накіроўваць на экспертызу».

— Пэўныя змены ў праектах уцяплення дамоў адбываюцца амаль паўсюдна, гэта непазбежна на кожным канкрэтным будынку. А праз сітуацыю з домам №22 па вуліцы Калініна склалася беспрэцэдэнтнае становішча — цяпер па ўсім Мінску заказчыкі капітальнага рамонту павінны дасылаць змененыя рашэнні на экспертызу. А гэта дадатковыя тэрміны і грошы, якія лягуць на плечы ўсіх мінчан, нават тых, хто яшчэ толькі робіць адлічэнні на рамонт, і дзе ён яшчэ не запланаваны, — дадаў ён.

У лісце Дзяржстандарта, між іншым, паведамляецца: інспекцыйныя праверкі дамоў №20 і №22 па вуліцы Калініна ў кастрычніку бягучага года ўстанавілі, што шэраг работ на доме №22 выконваўся з парушэннем патрабаванняў тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Інспекцыя выявіла парушэнні зацверджанай ПКД і пры ўцяпленні пенапластам у 30 мм фасада дома №20. У выніку работы па ўцяпленні фасада прыпыненыя, «падрыхтаваны матэрыялы па прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці заказчыка, падрадчыка, аўтарскага і тэхнічнага нагляду, а таксама накіравана прадпісанне па ліквідацыі выяўленых парушэнняў».

Вада знадворку і ўнутры

Вялікую і мокрую праблему стварыла жыхарам дома №22, як пісала «Звязда», зняцце вадасцёкавых труб пры рамонце страхі. Праз дзіркі ў жолабе, які праходзіць пад дахам, дажджавая вада лілася на будаўнічыя рыштаванні і сцены. У выніку ў кватэры №35 першага паверха канструкцыя прамокла наскрозь. У кастрычніку ў пацярпелым памяшканні было два камісійныя абследаванні, па выніках якіх «па заканчэнні рамонтных работ генпадраднай арганізацыяй будуць праведзены аднаўленча-аздобныя работы ў гэтай кватэры», — паабяцалі ў лісце з ЖКГ.

Іншыя ўласнікі адчуваць наступствы мокрых сцен сталі крыху пазней. Так, над вокнамі кватэры №29 маюцца пастаянныя сляды заліцця, а ў кватэры №48 увогуле па ўнутранай частцы залітай сцяны па шпалерах пайшла цвіль. Яе жыхарка Ганна Манціцкая накіравала ў дырэкцыю ЖКГ ліст з просьбай прасушыць сцяну знутры кватэры і вывесці цвіль. Камунальнікі Першамайскага раёна наведаліся ў азначаную кватэру і, па словах гаспадароў, не склалі ніякага акта, паабяцаўшы прыйсці праз 20 дзён.

Дарэчы, газавыя калонкі, якія прадстаўнікі жыллёвай гаспадаркі планавалі дэманціраваць яшчэ пару тыдняў таму, працуюць у кватэрах дагэтуль, і сістэма цэнтралізаванага падагрэву вады так і не наладжана. Пры гэтым жыхары некалькіх кватэр паспяшаліся пазбавіцца ад калонак загадзя, выклікаўшы для гэтага адпаведныя службы. Цяпер тыя, хто паспадзяваўся на хуткае рашэнне пытання, засталіся ўвогуле без гарачай вады.

Улічваючы колькасць існуючых і новых праблем, нават намёку на канец гэтых рамонтных работ пакуль што не відаць. А на дварэ ўжо зіма...

Ірына СІДАРОК

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ці будзе сухі фінал у мокрай гісторыі?..

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.