Вы тут

Беларускія музыкі запісалі альбом «сярэдневяковага рока»


У жніўні ў ЗША выйшаў альбом «Medіeval Classіc Rock», запісаны ўдзельнікамі беларускага гурта «Стары Ольса». Пра гэта самі выканаўцы расказалі, вярнуўшыся пасля працяглых заакіянскіх гастроляў у Мінск.


Зазначым, за 17 год існавання «ольсаўцы» паспелі запісаць на свае творчыя рахункі тузін разнастайных паўнавартасных альбомаў — ад старажытных народных песень да класічнага «Полацкага сшытка», ад гераічнага эпасу ВКЛ да танцавальных мелодый, папулярных у нашых продкаў. А ў 2014-м на адным з тэлепраектаў гурту прапанавалі выканаць кавер-версію вядомай балады «One» Metallіca — і вынік настолькі спадабаўся слухачам, што гэты відэазапіс сабраў больш як 2 мільёны праглядаў на інтэрнэт-канале Youtube, а прапановы выканаць на старадаўніх інструментах іншыя рок-хіты пасыпаліся як з рога. Не дзіва, што праз пэўны час нарадзілася ідэя запісаць цэлы зборнік «сярэдневяковага рока».

Прэзентацыя альбома рок-хітоў у сярэдневяковай стылістыцы ды вялікі амерыканскі канцэртны тур сталі магчымымі дзякуючы паспяховай краўндфандынгавай кампаніі — збору грошай праз інтэрнэт. Меламаны з усяго свету прымалі ўдзел у вызначэнні найбольш упадабаных твораў, а таксама ахвяравалі грошы на стварэнне будучага музычнага зборніка. Замест 7 тысяч, патрэбных на запіс і выданне альбома, гурт замахнуўся на заакіянскія гастролі. Тыя, у сваю чаргу, атрымаліся амаль удвая больш насычанымі, чым планавалася — замест 25 канцэртаў у дваццаці штатах ЗША гурт выступіў перад публікай, у тым ліку і былымі суайчыннікамі, больш як паўсотню разоў! Культурныя сувязі, паводле слоў флейтысткі калектыву Марыі Шарый, перараслі ў сяброўскія: «Мы спыняліся ў некаторых амерыканскіх сем'ях, якія цяпер актыўна стасуюцца з гуртом у сацыяльных сетках. Прычым многія не толькі сочаць за нашай дзейнасцю, каментуюць фатаграфіі і навіны, але і збіраюцца наведаць Беларусь — настолькі іх зачапіла». А «амерыканскія беларусы», якія прыходзілі на канцэрты гурта, прапанавалі запусціць сумесны інтэрнэт-праект відэаўрокаў беларускай мовы для амерыканцаў — кажуць, цікавасць у тых ёсць, і немалая.

Там жа, у ЗША, адбылася прэзентацыя доўгачаканага альбома сусветнавядомых рок-кавераў. Цяпер ацаніць новае гучанне старых мелодый, літаральна пераўтвораных наноў на сярэдневяковых інструментах, змогуць і беларускія меламаны: 20 лістапада «Стары Ольса» дасць канцэрт у сталіцы, 26 лістапада — у Гомелі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.