Вы тут

Ці прачытаем мы той ліст...


Кожная дата — гэта частка гісторыі. І калі пазіраеш на каляндар з пэўнымі пазнакамі — звычайна хвалюешся, нешта прыпамінаеш. І з жыцця краіны, і з уласнага лёсу таксама. У лістападзе 2017 года спаўняецца цэлы век падзеі, якая перавярнула свядомасць многіх пакаленняў людзей, якая ўвогуле перавярнула гісторыю свету. Будзе 100 гадоў Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сёння часам забываюцца на маштабы з'явы, да якой ішлі нашы прашчуры, нашы прадзеды і іх папярэднікі.


Я жыву ў вёсцы і шмат што памятаю з яе сацыяльнага, палітычнага, грамадскага, так бы мовіць, летапісу. Памятаю герояў Грамадзянскай вайны. Перад вачыма — слёзы жанчын, якія нацярпеліся ў фашысцкую навалу. У свядомасці — тыя жахі, драматычныя падзеі, якія ад аднаго сведкі да другога, болей маладзейшага, перадаваліся ў аповедах пра спаленыя ў нашых ваколіцах вёскі. Бывае, што раз на год, мо і болей, я заходжу ў мясцовы краязнаўчы музей у нашым райцэнтры — у Слуцку. Заходжу, каб старымі вачыма паглядзець на тыя памяткі, якія расказваюць пра мінулыя часіны. Пра панства і гора, пра калгасы і вайну, пра бядоты і шчаслівыя моманты пераможных дзён 1944—1945 гадоў. Мне добра вядомыя імёны людзей, якія вызвалялі нашу старонку ў Вялікую Айчынную вайну... І згадваючы іх, я думаю пра тое, што іх светапогляд выпеставаў час палітычных змен пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, сама рэвалюцыя іх заклікала да жыцця актыўнага, дзейснага, вольнага.

І, разумеючы маштабы і ўсе складанасці змен новага стагоддзя, я трымаю ў памяці тую даўнюю дату... Днямі мне на вочы патрапіла кніга пра Міхаіла Матусоўскага. Славуты рускі паэт-песеннік, у Вялікую Айчынную ваяваў на Беларусі. І гісторыя некаторых яго вершаў звязана з Беларуссю таго перыяду. Дык вось, у той кнізе прачытаў, што ў пярэдадзень
50-годдзя Вялікага Кастрычніка камсамольцы Новарасійска вырашылі апусціць на дно Чорнага мора кантэйнер з пісьмамі і найболей характэрнымі дакументамі і песнямі савецкага часу. З разлікам на тое, каб падняць кантэйнер да стагоддзя рэвалюцыі. Значыць: у наступным, 2017 годзе. Звярнуліся маладыя людзі і да аўтара «Падмаскоўных вечароў» з просьбай напісаць суправаджальны ліст да сваёй песні. Міхаіл Матусоўскі выказаўся досыць лаканічна: «Штабу па адпраўцы пісем у будучыню.

Людзі 2017 года! Я не ведаю, якімі вы будзеце, але я хацеў бы, каб вы заўсёды помнілі, якой цаной дасталося нам ваша шчасце».

Што мне хацелася б яшчэ дадаць?.. Я не ведаю, ці знойдуць той кантэйнер у лістападзе 2017 года. І не магу нават уявіць, якім ён будзе ва ўсім свеце ці хоць бы на постсавецкай прасторы — лістапад 2017 года. Але ж і зараз жыву сваімі старэчымі спадзяваннямі на тое, каб і 2017 і ўсе наступныя гады для ўсіх нас былі ў міры і згодзе. Каб да нас ішлі з міралюбствам і каб мы толькі адну спагаду і ласку да людзей сваімі светлымі, беларускімі справамі выпраменьвалі. Ці атрымаецца так? Павінна атрымацца!..

Вось бы знайсці той «новарасійскі» кантэйнер і ў знак памяці пра розных людзей, што жадалі нашчадкам дабра і святла, міру і згоды, сказаць услых усяму чалавецтву: «Людзі! Помніце лепшае! Жывіце ў міры!»

Прабачце, што ў адным лісце спрабую ахапіць усё ранейшае вялікае жыццё. Але мне здаецца, што і сёння нам, людзям, несумненна, розным, трэба ўсё ж жыць з памяццю. Яе некалі было шмат — у музеях, у кнігах, на старонках газет. Часам мо дужа заідэалагізавана ўсё рабілася. Ды тым не меней многа добрага ў ранейшых клопатах па захаванні гістарычнай памяці, памяці пра палітычныя і сацыяльныя перамены, і рабілася, і стваралася. Між іншым, з разлікам і на сённяшні дзень, з разлікам на будучыню.

Мікола Квяткоўскі, пенсіянер

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.