Вы тут

«Мадэлізм — не проста хобі «дарослых дзяцей»


Адной уседлівасці тут мала.

У цяжкія ваенныя часы рэцэптура фарбы не заўсёды вытрымлівалася, таму, напрыклад, славутыя «трыццацьчацвёркі» маглі быць як аліўкавымі з жаўтаватым адлівам, так і цёмна-зялёнымі. Для большасці з нас такія нюансы асаблівай цікавасці не прадстаўляюць, але для аматараў мадэлізму гэта справа прынцыповая. Мы паразмаўлялі з трэцякурснікам Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандрам САЛАМ і даведаліся, што вабіць моладзь у гэтым занятку і чаму дробязі — гэта важна.


Уз­рост у ма­дэ­ліз­ме асаб­лі­вай ро­лі не ады­гры­вае.

— Па «спецыялізацыі» я — «авіятар», — расказвае хлопец. — Больш за ўсё цікаўлюся самалётамі і верталётамі. Але пакуль, каб набрацца вопыту, часова вырашыў заняцца бранятэхнікай — у гэтым кірунку менш радыкальна ставяцца да невялікіх памылак. Калі на мадэлі самалёта ёсць хаця б дробненькая плямка, трэба ўсё змываць, зачышчаць і фарбаваць нанава. На бранятэхніцы гэта можна схаваць за скрыняй, тросам ці ўвогуле імітаваць пашкоджанне.

У выпадку Аляксандра цікаўнасць да тэхнікі — яшчэ і прафесійная. Ён вучыцца на інжынера-механіка, а таксама працуе па сумяшчальніцтве ў музеі аэраклуба, што ў пасёлку Баравая пад Мінскам — удзельнічае ў рэстаўрацыі старых самалётаў. Па словах хлопца, цікаўнасць да тэхнікі ў яго з'явілася яшчэ ў самым раннім дзяцінстве, але заняцца мадэлізмам раней замінала тое, што ў невялікім Скідзелі было цяжка знайсці мадэлі і патрэбную літаратуру. Паступленне і пераезд у сталіцу два гады таму развязалі рукі — хлопец адразу ж знайшоў тэматычныя крамы і заняўся любімай справай.

— У Мінску, праўда, збіраць мадэлі не атрымліваецца — жыву ў студэнцкім інтэрнаце, а гэта не лепшае месца для скрупулёзнай працы з дробнымі дэталямі, — усміхаецца Аляксандр. — Таму перавожу ўсё ў «майстэрню», якую абсталяваў дома ў Скідзелі. Чаму мне гэта цікава?

Трэба разумець, што мадэлізм — гэта не проста хобі «дарослых дзяцей», якім падабаецца збіраць «канструктары». Трэба добра ведаць гісторыю — да якой эпохі адносіцца канкрэтная тэхніка, якія ў яе былі характарыстыкі, мадыфікацыі, дзе яна выкарыстоўвалася і шмат іншага. Ёсць спецыяльная літаратура для мадэлістаў, калі ў адным выданні сабрана абсалютна ўся інфармацыя пра пэўную баявую адзінку. Таму гэта яшчэ і своеасаблівы спосаб бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй.

— У мадэлізме ёсць некалькі кірункаў, — працягвае хлопец. — Самы просты — збіраць, што называецца, «са скрыні»: набываць пластыкавыя ці папяровыя наборы і рабіць усё па прыкладзеных чарцяжах. Самы складаны — самаробныя мадэлі, калі аматар сам збірае тэхніку са спадручных матэрыялаў. Але большасць (у тым ліку і я) знаходзіцца недзе пасярэдзіне: набываем наборы, але дапрацоўваем свае мадэлі і дадаем нейкія дэталі згодна з уласным бачаннем. Таму мадэлізм зусім не выключае магчымасць творчасці.

Мадэль сла­ву­тага танка Т-34, ство­ра­ная ру­ка­мі Аляк­санд­ра. Вя­до­ма, ва ўлас­най ін­тэр­прэ­та­цыі і са сва­ім ва­ры­ян­там афар­боў­кі.

Тэма ваеннай тэхнікі вельмі шырокая і большасць аматараў гэтага занятку канцэнтруецца на асобных эпохах ці эпізодах. Напрыклад, у Аляксандра — гэта Другая сусветная вайна, а таксама аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Апошняя вельмі цікавіць якраз «авіятараў» — у ліквідацыі аварыі прымалі ўдзел верталёты Мі-26, Мі-8, Мі-6. Хлопцу ў гэтым сэнсе асабліва пашчасціла — у музеі аэраклуба ёсць адзін Мі-26, які займаўся дастаўкай грузаў у зону аварыі. Удзелу непасрэдна ў тушэнні пажару машына не прымала, таму яе радыяцыйны фон адпавядае норме. Акрамя таго, мадэліст асабіста размаўляў з некаторымі ліквідатарамі аварыі, каб высветліць пэўныя тэхнічныя моманты. Цяпер ён збірае грошы на аэрограф (спецыяльны распыляльнік, якім фарбуюць мадэлі), каб вярнуцца да сваёй любімай тэмы.

— Мадэлізмам спрабуюць займацца многія, — заўважае Аляксандр. — Але рабіць гэта добра могуць далёка не ўсе. Мяркую, што галоўнае для такога хобі — шчырая цікаўнасць да тэхнікі і гісторыі, а таксама ўседлівасць. Бо без цікаўнасці наўрад ці магчыма атрымаць задавальненне. А без уседлівасці сабраць нешта добрае не атрымаецца, паколькі справа адымае не некалькі гадзін і нават дзён — вялікія дэталізаваныя мадэлі ствараюцца па некалькі гадоў. Уявіце сабе, якой сканцэнтраванасці гэта патрабуе ад аўтара. Што датычыцца мяне, то пасля атрымання дыплома я вярнуся працаваць у Скідзель. Але хобі сваё дакладна не закіну.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Убачыць праз мадэль мінулае

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.