Вы тут

Пайшоў з жыцця паэт, журналіст Павел Вераб’ёў


«Мы лёс чужы не бралі напракат,/ Мы не вымольвалі лацвейшай долі./ І басаногі шлях наш — шлях на волю,/ Ніхто не змог аспрэчыць, помні, брат./ Таксама не забудзь, хто нас карміў./ Не збыльняжэюць гэтыя быліны./ І не забудзь, як вецер галасіў,/ Калі прыгадваў тое, дзе былі мы», — гэтымі радкамі адкрываецца кніга вершаў, эсэ Паўла Вераб’ёва «Не трэба вас...», выдадзеная ў «Мастацкай літаратуры» у 2005 годзе. 


Паэт нарадзіўся 7 лістапада 1958 года на Магілёўшчыне, у вёсцы Рабавічы Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння школы з 1976 па 1985 год працаваў у слаўгарадскай раённай газеце — карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. Адначасова ў 1977 — 1983 гг. завочна вучыўся на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1985 — 1987 гг. — слухач Мінскай вышэйшай партыйнай школы. У 1987 — 1991 гг. — рэдактар аддзела часопіса «Народная гапсадарка Беларусі», загадчык сектара друку ЦК ЛКСМБ, адказны сакратар газеты «Чырвоная змена», намеснік галоўнага рэдактара газеты «Знамя юности». З 1991-га — галоўны рэдактар «Знамя юности». З 1992-га — наменсік галоўнага рэдактара газеты «Добры вечар», з 1994 г. — аглядальнік газеты «Мінская праўда». У 1992 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Першыя вершы надрукаваў ў слаўгарадскай раённай газеце ў 1976 годзе. 

У 1990 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік вершаў Паўла Вераб’ёва «Крытычная маса». У 1995 годзе — другая кніга паэзіі «Цёмнае віно». У 2005 годзе — зборнік вершаў і эсэ «Не трэба вас...» Павел Вераб’ёў — лаўрэат прэміі імя М. Багдановіча выдавецтва «Мастацкая літаратура». 

«Сляпы падарожнік ідзе па Айчыне,/ Спыніцца не можа — шукае святыню./ Не можа знайсці супакойнага дому,/ Патрэбна чамусьці святыня сляпому...» («Жыццё без святыні») Павел Вераб’ёў пакутліва шукаў галоўныя паэтычныя радкі, якія б праўдзіва расказалі пра час і пра яго ўласныя перажыванні, ацэнкі, звязаныя з пільным агляданнем жыцця. Яго, выдатнага, сумленнага паэта, лёс быў нераздзельны з лёсам Айчыны. Вершы, выпеставаныя яго свядомасцю, — і светлыя, і журботныя, і часам прамалінейна-жорсткія. І гэта зусім не праява мастацкага раскідвання, змены эстэтычных перакананняў. У вонкавай разнастайнасці, шматпланавасці трывалым застаецца галоўны стрыжань паэтычнай сілы Паўла Вераб’ёва: падараваныя ім сучасніку паэтычныя радкі — шчыры, праўдзівы, смелы адбітак жыцця. 

Ёсць у паэта верш «Загадка шаравой маланкі»... «Слуга дабрыні сарамлівы/ Аднойчы ў адчаі рашыў:/ „Пэўна, каб стаць шчаслівым,/ Варта пазбыцца душы“/ Душу пусціў пехатою,/ Сам па свеце пайшоў наўздагад./ Хто палёт твой, душа, супакоіць/ І ці вернешся ты назад?/ Над сялом, над бацькоўскім дахам,/ Над грузам штодзённых турбот/ Прамільгнула імклівым птахам/ І знікла ў сумётах год./ Адрокся пакутнай ношы,/ Ды стала цяжэй — хоць крычы./ І лёсам зрабіўся пошук/ Адрынутай птушкі-душы./ Бяссрэбранік, вечны вандроўнік./ Тамленне па свеце вяло./ Маліўся на зоры і поўню — / Прыбіўся ў сваё сяло...» Шчыры слуга паэтычнай дабрыні, мастак слова, які многімі сваімі вершамі здзейсніўся як яркая мастацкая асоба, пайшоў у «сваё сяло»... Пайшоў следам за сваімі магілёўскімі суродзічамі — Міхасём Стральцовым, Аляксеем Пысіным, Алесем Пісьмянковым... Ім, сапраўдным паэтам, будзе пра што пагаварыць у «сваім сяле» вечнай Айчыны, вечнага прытулку...

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.