Вы тут

Шыншыла ў кватэры: каштоўны гадаванец або выбракаваны звер


Невялічкі пушысты звярок, які важыць менш за кілаграм і мыецца ў пяску, уздымаючы аблокі пылу па ўсёй кватэры, здолеў поўнасцю змяніць уклад жыцця сваіх сталічных гаспадароў. Алене прыйшлося пазбавіцца амаль ад усіх вазонаў з кветкамі, бо большасць з іх былі небяспечнымі для гадаванца. А Павел поўнасцю перайшоў на начную работу, бо адпачываць у пакоі, дзе гаспадарыць шыншыла, ён не змог.


Шуша аддае сваю прыхільнасць Паўлу і ўсяляк стараецца яму спадабацца. А гледзячы на такія вочы абодвух, думаецца, гаспадар адказвае ёй узаемнасцю.

Начная падарожніца

Амаль увесь дзень Шуша спіць, а па начах выдае столькі гукаў, што здаецца нібы па пакоі носіцца невялікі цягнік. Такі вёрткі ды гучны звер з'явіўся ў сям'і Тычынаў недзе год таму праз пэўную недасведчанасць.

— Я пачала працаваць у зоамагазіне і захапілася ціхім і мірным пухнатым звярком, што цэлымі днямі спаў сабе на пясочку або ціхенька сядзеў. Да таго ж ён не ліняў і не меў непрыемнага паху, як іншыя грызуны, чым канчаткова скарыў маё сэрца, — расказала Алена. — Куплялі па аб'яве, калі яшчэ нічога не ведалі пра гэтых звяроў. Пасля аказалася, што шыншыла і малую вагу мела, і пальчыка не хапала на лапцы.

Спачатку Шушу пасадзілі ў тэрарыум, і ўжо праз некалькі начэй яна асвоілася, пачала выдаваць гукі, здымаць накрыўку з доміка і вылазіць з яго. Забіралася на ложак да гаспадароў і лезла грэцца каля ног пад коўдру.

— Купілі ёй уласную клетку і думалі, што начное актыўнае жыццё на гэтым скончылася. Аказалася, не. Яна стала грукаць паілкай і міскамі, усяляк прыцягваць да сябе ўвагу і патрабаваць, каб выпусцілі. Таму муж перайшоў на работу цалкам у начныя змены. Цяпер перад яго выхаднымі мы яе вечарам спецыяльна выпускаем, каб набегалася па пакоі, — тады яна цішэй сябе паводзіць ноччу.

Аднак пры гэтым трэба знаходзіцца ў адным пакоі з ёю, інакш зашыецца так, што потым не знойдзеш. Калі на маленькую падарожніцу не звяртаюць увагі падчас яе праменаду, яна можа разбегчыся і па спіне залезці на плечы.

— У мужа аднойчы пасля такога драпіны тыдзень сходзілі, — смяецца Алена.

Аматар семак і арэхаў

Шыншылы схільныя да дыябету, і многія з кветак, што раслі ў Алены, былі для яе небяспечнымі.

Тым не менш звярок пад'ядаў усё, да чаго змог дацягнуцца, таму ад вазонаў прыйшлося пазбавіцца. Зараз засталіся толькі архідэі, якія нават не паспяваюць зацвісці, бо шыншыла абгрызае суквецці, бутоны і лісце. Нават кару, што ляжала ў вазонах, усю патрушчыла.

— Сяброўка спецыяльна з дачы прывозіць ёй яблыневыя галінкі, і шыншыла з задавальненнем іх грызе, як і крэйду. У некаторых яны і палічкі грызуць, а наша любіць правады пакаштаваць на смак. Недагледзелі з мужам аднойчы, дык яна абалонку шнура ад вентылятара паабгрызала, пакуль мы каву пілі на кухні.

Звычайна Шуша атрымлівае збалансаваны корм для шыншыл і амаль штодня — сушаныя яблыкі. Абажае кавуновыя семкі, якія есць, трымаючы ў лапах. Фінікі ці курагу таксама любіць (хоць ёй іх нельга), і пасля доўга мые ліпкія лапкі ў пяску. Праз гэта прыйшлося прыбраць з падлогі ўсе дываны, бо чысцюля-шыншыла ўздымае пыл на ўсю хату. Прасцей працерці падлогу, а не пыласосіць штодня.

Некалькі месяцаў таму сям'я набыла папугая. Корм для яго захоўваецца ў празрыстай шклянцы, і Шуша ўжо ведае, дзе яна стаіць. Калі заўважыць у сумесі арэх, у яе пачынаецца істэрыка — прыходзіцца даваць ласунак.
Хоць ёй нельга, бо ад арэхаў можа здарыцца атлусценне печані.

— У нашых звяроў розныя графікі. Да ўсходу сонца шуміць Шуша, пасля пачынае крычаць Пяцюня, — смяецца Алена.

Звер, які не сохне

Шыншыла належыць да атрада дзікабразавых, і калі палохаецца, скідвае кавалачкі футра ў тым месцы, за якое яе нечакана схапілі. Месцамі лысая шыншыла — відовішча не надта прыемнае, таму такога звера дакладна нельга набываць, калі ў вас ёсць маленькія дзеткі, якія могуць моцна абняць ад задавальнення. Затое для людзей, якія пакутуюць ад алергіі на поўсць, гэта ідэальны гадаванец.

У прыродзе, дарэчы, яны не рыюць норы, а займаюць чужыя, і калі ўваход для іх вузкі, скідваюць кавалачкі поўсці, пакуль праціскаюцца ў чужыя ўладанні.

— Яна таксама баіцца гучных рэзкіх гукаў. Вельмі палохаецца сірэны і калі заводзіцца грузавік, — расказала гаспадыня Шушы. — Сама ж утварае шмат розных гукаў. Бывае, ноччу спалохаецца чаго-небудзь і пачынае кракаць, быццам качка, ці сігналіць, як клаксон старой машыны. Калі Шушу разбудзіць днём, яна будзе актыўна абурацца, грозна фыркаць і рохкаць. Калі задаволеная, пачынае папіскваць, нібы мыш.

Каб выказаць сваю прыхільнасць, можа далікатна пакусваць палец, але калі дабярэцца да пазногця, "састрыжэ" яго ў момант. Дарэчы, Шуша больш любіць гаспадара. Як толькі ён прыходзіць, аж падскоквае, каб звярнуць на сябе ўвагу. Любіць ускараскацца на калені, калі працуеш за камп'ютарам, і ў задавальненні, калі пачухваюць за вухам ці жывоцік.

Вада для шыншыл катэгарычна супрацьпаказана — яны проста не высахнуць як след і могуць атрымаць грыбок праз поўсць.

— З кожнай валасяной цыбуліны ў яе вырастае не некалькі валаскоў, а адразу па 40–50, таму падшэрстак густы настолькі, што не можа высахнуць, — патлумачыла Алена. — Дзьмуць на яе фенам таксама нельга, каб не перагрэлася.

Ірына СІДАРОК

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.