Вы тут

Калі б людзі маглі гаварыць...


Колькі б непаразуменняў, канфліктаў, а то і сапраўдных бед, няшчасцяў удалося б пазбегнуць, каб у кожнай складанай жыццёвай сітуацыі людзі праяўлялі здольнасць сесці і спакойна пагаварыць адно з адным... Як жа гэта насамрэч складана! Мы здольныя імгненна дадумаць за другога, тут жа зрабіць выснову і вынесці вердыкт: вінаваты. З усімі магчымымі наступствамі, сярод якіх могуць быць разбурэнне сям'і, страта надзейных сяброў і сваяцкіх сувязяў, а пра перажыванні і патрачаныя нервы можна і не ўспамінаць. І галоўнае, усе пра гэта ведаюць, усе ўсё разумеюць, кожны можа павучыць іншага. А калі самога смажаны певень дзеўбане...


Цяпер пра гэта часта думае ваенны пенсіянер, добрай душы чалавек і мой даўні-даўні знаёмы Іван Адамавіч. Жыццё ўжо не пераменіш, але і праз дваццаць з лішнім гадоў ён шкадуе пра адзін учынак, зроблены з гарачкі, бяздумна. Ажаніўся ён з Верай па вялікім каханні. Малады выпускнік ваеннага вучылішча ў новенькай форме прыехаў у родную вёску і забраў з сабой тую, што чакала і пісала лісты. Ёй толькі-толькі споўнілася васямнаццаць. Распісаліся і ўзяліся пакаваць чамаданы: трэба было ехаць у вельмі далёкі ад Беларусі гарнізон. Потым была служба па розных пунктах бяскрайніх прастораў Савецкага Саюза. З кожным новым прызначэннем мужа Вера без усялякіх нараканняў складвала рэчы і надзіва хутка ўладкоўвала новы побыт.

Амаль ужо выраслі дзеці, калі яго перавялі служыць у адзін з абласных гарадоў. Вера не магла нарадавацца ўсім выгодам цывілізацыі, калі можна было схадзіць у моднае атэлье, зрабіць манікюр, а ў краме ваенгандлю купіць амаль любыя прадукты і прыгатаваць выдатны абед. Жылі душа ў душу, на зайздрасць іншым. Але што такое зайздрасць, самі ніколі не ведалі. І вось аднойчы Іван Адамавіч сярод дня супраць завядзёнкі заскочыў дадому. Нехта пазваніў на КП, сказаў, што ў яго нібыта госці дома, яго чакаюць. Ён яшчэ не дайшоў да кватэры, каля пад'езда на лаўцы ўбачыў сваю Веру ў абдымках падпалкоўніка з тылавікоў, якога ледзь не ўсе ў часці недалюблівалі. Што было далей, невядома. Відаць, слоў не падбіраў у адрас каханай. Толькі расказваў знаёмаму, што яна ціха сабрала чамадан і пайшла з дому.

Толькі гады праз два саслужыўцы расказалі яму, што ўсё было падстроена. Падпалкоўнік, жонка якога выпівала і які ніколі не меў ладу ў сям'і, зайздросціў яму чорнай зайздрасцю. І вырашыў пажартаваць. Арганізаваў званок на КП. Сам пайшоў да Веры, сказаў, што яму трэба тэрмінова пагаварыць з Іванам Адамавічам, і напрасіўся пачакаць гаспадара. А тая нават у кватэру не запрасіла, прапанавала пасядзець у двары на лаўцы. Як толькі падпалкоўнік убачыў калегу, кінуўся абдымаць яго жонку.

Калі ўсё гэта Івану расказаў прапаршчык за пляшкай, той ужо быў жанаты з іншай жанчынай. Так выйшла. Валянціна Мікалаеўна — цудоўны чалавек. З ёй яны пераехалі ў Беларусь пасля яго выхаду на пенсію, пабудавалі кааператыўную кватэру. Але ўвесь час, а з гадамі яшчэ больш, яго грызе сумленне. Чаму тады яны ўсё вырашалі вось так, не пагаварыўшы спакойна? Чаму кожны, лічачы сябе пацярпелым бокам, не мог утаймаваць сваю гордасць? Дзеці яго зразумелі і сталі наведваць толькі гадоў праз 10-15, калі ў саміх нарадзіліся і падраслі дзеці. А Вера так і жыве ўсе гады адна.

Наступны прыклад хутчэй смешны, а не сумна-лірычны, як папярэдні, але з той жа оперы. Аднак аб усім па парадку. У нядзелю сустракаю суседку: прычапураную, з прычоскай, вочы шчаслівыя, з ліфта выскачыла, нібы выпускніца, а не сёлетняя пенсіянерка, што трапіла «ў апошні вагон». «Адкуль гэта вы, Пятроўна?» — «З выбараў», — адказвае. Вось дзіва! Чалавека, які б быў яшчэ больш па-за палітыкай, чым былая бальнічная санітарка, уявіць цяжка. Здавалася, яе нічога не цікавіла, акрамя кухні, агарода і таго, як і дзе бавіць час уласны муж. Не магу ўтрымацца, пытаюся: хіба хто з кандыдатаў ёй добра знаёмы, што зрабіла такое выключэнне для сёлетняй кампаніі? «Яны мне ўсе як родныя!» — выдыхае жанчына, якая выглядае па-сапраўднаму шчаслівай. Вось гэта паварот! Бачу, што чалавеку хочацца падзяліцца, таму затрымліваюся і проста пытаю, што ж такога адбылося.

У адказ чую гісторыю, вартую тэатральнага фестывалю, які ў нас зараз праходзіць. Ужо са два тыдні, як Пятроўна закаціла свайму чалавеку чарговы скандал ад рэўнасці. У іх гэта звычайная рэч, праз сцены панэльнага дома міжволі пачуеш. І першы раз у жыцці ён узяў і сышоў. Такога ніколі не было, і яна месца сабе не знаходзіла. Па «агентурных звестках», якія няўрымслівай суседцы ўдалося раздабыць, жыў на дачы ў некага з прыяцеляў, але на яе званкі не адказваў. Неяк вечарам яна звярнула ўвагу на перадачу пра выбары па тэлебачанні, успомніла, што ён, у адрозненне ад яе, на выбары ходзіць заўсёды. Падумала, што злавіць яго можна будзе
на ўчастку.

Напярэдадні збегала ў цырульню, спякла яго любімы яблычны пірог, прыгатавала абед, прыбралася па-святочнаму і пашыбавала ў школу з самага ранку. Чакаць давялося гадзіны паўтары. Калі прыйшоў, падбегла і зрабіла выгляд, што прыйшлі разам. Ён не адпіраўся, потым сказаў: «Ідзі дадому, я хутка прыйду». Вось такую шчаслівую я яе і сустрэла ля ліфта. Можа, цяпер яна зразумее важнасць спакойнай размовы, у адрозненне ад ляманту і абраз па першым падазрэнні.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.