Вы тут

Чаму ў гэтым годзе сабралі збожжа менш, чым у мінулым?


Навукоўцы і аграрыі ў адзін голас адзначаюць, што спрачацца са зменлівым надвор'ем з года ў год становіцца ўсё больш складана. Але ў бітве за ўраджай ні тыя, ні іншыя не хочуць здаваць пазіцыі. Пра гэта сведчаць і вынікі ўборачнай кампаніі, якая сёння практычна падышла да свайго лагічнага завяршэння. Нягледзячы на засуху, пылавыя буры і нераўнамернае размеркаванне ападкаў, сёлета, паводле папярэдніх вынікаў, удалося сабраць каля 7 млн тон збожжавых і зернебабовых культур. Разам з тым гэты паказчык прыкметна ніжэйшы за ўзровень мінулага года, калі валавы збор збожжа склаў больш за 8,5 млн тон. Падрабязней аб ходзе і выніках уборачнай кампаніі і пра тое, як селекцыя змагаецца з кліматычнымі зменамі, карэспандэнту «Звязды» расказаў доктар сельскагаспадарчых навук, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве Нацыянальнай акадэміі навук Фёдар ПРЫВАЛАЎ.


— Фёдар Іванавіч, з пункту гледжання аграрнай навукі, як вы ацэньваеце сёлетнюю ўборачную кампанію?

— Вучоныя навукова-практычнага цэнтра па земляробстве яшчэ 1 ліпеня 2016 года рабілі прагноз датычна ўборачнай кампаніі. Наведаўшы гаспадаркі ўсіх абласцей краіны, мы прыйшлі да высновы, што ўраджай збожжа складзе прыблізна 7,1 млн тон. Як відаць, ён сёння практычна выкананы. На вынікі ўборачнай кампаніі негатыўна паўплываў шэраг фактараў, да якіх можна аднесці меншае выкарыстанне азотных і іншых угнаенняў, а таксама меншае прымяненне сродкаў аховы раслін. Капрызы надвор'я таксама адыгралі сваю ролю.

Цяжкасці з угнаеннямі сёння відавочныя — крызіс сусветнай эканомікі адмоўна ўплывае на сітуацыю ў Беларусі: гаспадаркі атрымлівалі менш крэдытных рэсурсаў.

Што тычыцца клімату, то ўся восень летась была вельмі засушлівай. Гэта прывяло да таго, што сеялі літаральна ў пясок і насенне апынулася на вялікай глыбіні (да 10 см).

Пакуль расліна выбіралася наверх, яна слабела. У такіх умовах было неабходна больш падкормкі, якую выкарыстоўвалі не ўсе гаспадаркі. Менавіта гэта дрэнна адбілася на азімых. Не вельмі добра надвор'е паўплывала і на яравыя. Думаю, многія адчулі на сабе, наколькі быў гарачым ліпень. А менавіта ў гэты час ячмень, авёс, яравая пшаніца фарміруюць свой наліў, і ліпень практычна «падпаліў» іх. Акрамя таго, у некаторых гаспадарках краіны да гэтага часу існуе меркаванне, што ў дачыненні да збожжавых культур заўсёды дзейнічае формула «больш пасеем — больш пажнём». Пры гэтым аграрыі парушаюць структуру пасеваў, што прыводзіць да адмоўнага выніку, бо зямлю падмануць немагчыма. А калі б структура пасеву выконвалася лепш, то менш прыходзілася б марнаваць дзяржаўныя грошы на сродкі аховы і ўгнаенні, што сёння крытычна важна. Істотна ўзрасла б і ўраджайнасць, нават нягледзячы на зменлівасць надвор'я.

— Кажучы аб клімаце, наколькі ён стаў менш спрыяльным для збожжавых?

— Змена клімату за 20 гадоў адбылася досыць значная — пацяплела на 1 градус. Пры гэтым перапады тэмператур паміж днём і ноччу сталі больш рэзкімі. Менавіта гэта найбольш негатыўна ўплывае на ўраджай. Напрыклад, нізкая начная тэмпература дрэнна ўплывае на кукурузу, якая больш актыўна расце менавіта ў гэты час, калі цёпла. Таксама павялічылася і колькасць пылавых бур. Гадоў 10 таму іх лік вар'іраваўся ў межах 80 на год, а сёння дасягае 360. Змянілася і частата выпадзення ападкаў. Яшчэ некалькі гадоў таму яны выпадалі больш раўнамерна і навукоўцы ведалі нормы іх выпадзення. Сёлета ў пачатку жніўня колькасць ападкаў за два дні перавысіла месячную норму. Перад навукоўцамі стаіць важная задача — адаптаваць расліны да кліматычных змен. Тыя традыцыйныя культуры, якія сёння вырошчваюцца, робяцца намі больш устойлівымі да засухі. Таксама асаблівую ўвагу надаём і менш звыклым для нашых шырот раслінам, напрыклад, кукурузе, соі, сланечніку. Некаторае пераасэнсаванне падбору сартоў сёння неабходна для кожнага рэгіёна з улікам асаблівасцяў глебы. Задача перад селекцыянерамі ставіцца непасрэдна прыродай. Хачу адзначыць, што менавіта нашы беларускія сарты і гібрыды больш адаптаваныя сёння да нашага клімату. Ніякія іншыя замежныя сарты няздольныя даць больш высокую ўраджайнасць у такіх напружаных умовах, якія сёння мы можам назіраць на палях.

— Ці спрабавалі навукоўцы стварыць «універсальны сорт» збожжавых, які меў бы высокую ўраджайнасць пры любым клімаце?

— Такія сарты ўжо ствараліся. Аднак любы ўніверсальны сорт будзе ў чымсьці адставаць ад таго, які створаны спецыяльна для пэўных умоў надвор'я і асаблівасцяў уборачнай тэхнікі. Акрамя таго, нельга стварыць ідэальнага «ўніверсала», які б ідэальна спраўляўся і са спёкай, і з холадам. Ген, які адказвае за супраціўляльнасць замаразкам, будзе нейтралізоўваць ген, які спрыяе прыстасаванню да павышанай тэмпературы.

Як правіла, калі селекцыянер хоча дасягнуць добрага эфекту ад сорту, ён стварае яго пад пэўныя ўмовы.

— На ваш погляд, чаму Віцебская вобласць да гэтага часу застаецца праблемнай па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых?

— Некалькі гадоў таму, калі прэм'ер-міністрам быў Міхаіл Мясніковіч, ён у Смалявічах праводзіў сход, падчас якога прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, аблвыканкамаў і навукоўцы абмяркоўвалі структуру пасяўных плошчаў кожнай вобласці краіны. Тады я выступіў з дакладам, у якім прагучала неабходная з пункту гледжання навукі структура пасеву. Яна б дазваляла атрымліваць максімальную аддачу падчас уборкі ўраджаю. І яе прынялі. Аднак да гэтага часу яна не выконваецца многімі гаспадаркамі, у тым ліку і ў Віцебскай вобласці. На месцах прыходзяць новыя кіраўнікі, якія адказваюць за пасяўную і ўборачную кампаніі і пачынаюць свае «эксперыменты» за кошт дзяржавы, не звяртаючы ўвагі на даныя навукі. Такія дзеянні прыводзяць да дрэнных вынікаў. У такой «пагоні за ўраджаямі» структура пасеву парушаецца на карысць тых культур, якія даюць вялікую аддачу, але ў якіх пры гэтым няма патрэбы. Так, напрыклад, адбываецца з пасевамі трыцікале. У гэтай культуры сапраўды высокая ўраджайнасць, але яна не патрэбна ў такім аб'ёме. Збожжа для харчовых мэтаў беларусам трэба крыху больш за 1 млн тон. Астатняе неабходна для жывёлагадоўлі, дзе больш запатрабаваныя высокабялковыя збалансаваныя культуры. Пагоня за «прывідным ураджаем» у канчатковым выніку шкодзіць усім. Сёння тыя гаспадаркі, якія выконваюць рэкамендацыі нашага Навукова-практычнага цэнтра па земляробстве, маюць высокую ўраджайнасць і валавы збор збожжа.

— Ці былі звароты ў Навукова-практычны цэнтр па земляробстве з боку кіраўнікоў раёнаў або гаспадарак Віцебшчыны пасля рабочай паездкі туды Прэзідэнта, падчас якой кіраўнік краіны паставіў дакладную задачу: вызначыцца са спецыялізацыяй выпуску сельгаспрадукцыі ў кожным раёне?

— Не, такіх зваротаў да нас пакуль не было... Дарэчы, наш Навукова-практычны цэнтр праводзіць так званыя дні поля, на якіх мы прадстаўляем свае распрацоўкі і праводзім кансультацыі для ўсіх ахвотных. Варта адзначыць, што беларускія гаспадаркі цікавяцца гэтымі мерапрыемствамі значна менш, чым замежныя прадстаўнікі. Да нас прыязджаюць і дэлегацыі з Германіі, Літвы, Венгрыі, Сербіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Казахстана.

— Над якімі новымі праектамі сёння працуюць беларускія селекцыянеры?

— Я думаю, многія ведаюць, што створаны сарты пшаніцы спецыяльна для хлебапячэння і асобна для жывёлагадоўлі. Але часта яны загружаюцца без разбору ў адно і тое ж месца для транспарціроўкі і ў канчатковым выніку выкарыстоўваюцца не па прамым прызначэнні. У сувязі з гэтым мы паставілі сабе задачу атрымліваць сарты пшаніцы з абалонкай зерня пэўнага колеру. Напрыклад, абалонка пшаніцы для пякарні будзе жоўтага колеру, а для кармоў зялёнага. Сёння мы ўжо атрымалі вопытныя прыклады кармавой пшаніцы з чырвонай абалонкай. Пры гэтым акрамя колеру абалонкі астатнія якасці такіх сартоў застаюцца нязменнымі. Гэта зменіць падыход гаспадарак пры транспарціроўцы сартоў пшаніцы і павысіць якасць прадукцыі ў кожнай з галін, для якіх яна вырошчваецца.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Зямлю не падманеш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.