Вы тут

Ці стануць гарадскія квэсты сур'ёзным бізнесам?


Сёння неверагодную папулярнасць у моладзі і не толькі набіраюць квэсты. Магчыма, людзям надакучыла бавіць час ва ўжо звыклых кінатэатрах ды кавярнях, таму яны і шукаюць нязведанае. Апроч іншых праводзяцца і не зусім звычайныя гульні — гарадскія квэсты. Яны для тых, хто любіць вуліцы горада так жа моцна, як і авантуры.


Князь Радзівіл дае парады па пошуку 12 апосталаў.

Гуляць і вучыцца

У сталіцы на такіх квэстах спецыялізуецца платформа Шукай.by. Паўтара года таму яна была створана праграмістам Яраславам Ліхачэўскім: «Мы з сяброўкай вырашылі, што нам надакучыла працаваць у карпарацыі, хацелі зрабіць турыстычны сэрвіс, але іх і так ужо было шмат, таму стварылі гэты праект».

Ідэя была рэалізавана вельмі хутка — праз два тыдні пасля задумы прайшоў і сам квэст, паўдзельнічаць у якім захацелі больш як 500 чалавек. Калі іншыя гульні маюць даволі шырокае кола тэм, то для Шукай.by галоўнымі з'яўляюцца культура і гісторыя Беларусі. Доказ гэтаму — і самы вядомы квэст платформы «12 апосталаў», які праводзіцца ў Нясвіжскім палацы і над якім, па словах Яраслава Ліхачэўскага, каманда працавала даўжэй за ўсё: «Задача ў Нясвіжы — пошук 12 залатых апос-
талаў. Каб іх знайсці, трэба пазнаёміцца з прывідамі князёў, якія ў той час жылі, і выканаць іх заданні. У нас там усе вядомыя асобы — і пане Каханку, і Рыбанька, і Марыя Дарота Радзівіл».

Акрамя нясвіжскага, Шукай.by ладзіць і іншыя квэсты. Напрыклад, па рамантычных легендах і паданнях Мінска, у музеі Петруся Броўкі, па мінскім метро. І нельга сказаць, што ўсё гэта — проста забава. «Я дакладна ведаю адно: дзеці навучаюцца ў гульні ўсяму на свеце, праз яе пазнаецца навакольны свет. Менавіта таму мы і выбралі такую форму для падачы гісторыка-культурных звестак», — кажа Яраслаў.

Ствары гульню сам

Увогуле, прыдумаць сюжэт не так і лёгка. Ствараючы квэст, Яраслаў з камандай шмат часу правялі ў архівах, працавалі з дакументамі, раіліся з музейнымі супрацоўнікамі, прапрацоўвалі гістарычную дакладнасць. А вось для гарадскіх гульняў не трэба амаль нічога, акрамя эрудыцыі і вольнага часу, таму каманда падтрымлівае ініцыятыву людзей, якія самі хочуць прыдумаць квэст, — заахвочвае іх, каб яны стваралі турыстычны праект самастойна. Напрыклад, квэст у музеі Петруся Броўкі зроблены яго супрацоўнікамі.

Пашпацыраваць па горадзе прыходзіць у асноўным моладзь, але Яраслаў хоча прыцягнуць болей падлеткаў: «Важна зацікавіць іх гісторыяй праз гульню».

Зараз у камандзе Шукай.by дзесяць чалавек, якія займаюцца распрацоўкай мабільных праграм, астатнія — прыдумваюць квэсты. Яраслаў з сябрамі працуюць над сур'ёзным сэрвісам для беларускіх музеяў і палацаў — інструментам, які зробіць экскурсіі больш цікавымі. Там будуць рэчы накшталт інтэрактыўных карт месца, як у камп'ютарнай гульні, музейны кантэнт, інфармацыя пра экспазіцыю і гісторыю, аўдыёгід.

На шляху да таямніцы.

Усе любяць каханне

У Беларусі шмат цікавых месцаў, а тэм — яшчэ больш, лічыць Яраслаў Ліхачэўскі. «Усё гэта трэба расказваць і паказваць людзям. Якая б вялікая ў нас каманда ні была, жыцця на гэта не хопіць, таму задача ў заахвочванні іншых».

Да канкурэнтаў-квэструмаў у Шукай.by ставяцца спакойна. «Мы дапамагаем адзін аднаму. Ускосна спаборнічаем нават з кінатэатрамі, бо людзі выбіраюць: паглядзець фільм ці пагуляць па горадзе. Але ўсе мы робім прынцыпова розныя прадукты. Зараз квэструмы — трэндавая рэч, праз іх даведваюцца і пра нас. Людзі згулялі квэст у пакоі, а пасля хочуць авантурных прыгод у горадзе».

Самая папулярная гульня Шукай.by у Мінску — пра каханне, бо «ўсе ж любяць каханне». «Мы хацелі пазнаёміць людзей з гарадскімі легендамі, — расказвае Яраслаў, — але іх трэба было неяк звязаць у адзіны аповед. Таму мы знайшлі персанажа — гарадскога цмока, які быццам скраў прыгажуню, а нам трэба яе вызваліць».

Які пароль ад Wі-Fі?

Квэсты — выдатная рэч для знаёмства з гісторыяй. Прыклад — музей Петруся Броўкі. У яго часта водзяць школьнікаў, якім там бывае сумна, бо дзеці слухаюць сухія факты з біяграфіі пісьменніка. А зараз там з'явіўся квэст, ён вельмі просты, але цікавы і карысны. Напрыклад, пароль ад музейнага Wі-Fі — дзень нараджэння Петруся Броўкі. Гэтую інфармацыю вельмі лёгка можна знайсці ў экспазіцыі. А тут дзеці яшчэ і спаборнічаюць — хто даведаецца хутчэй, той хутчэй пройдзе гульню. Дарослых зацікавіць так жа лёгка. «Мы гэта яшчэ ў Нясвіжы пабачылі. Яны гуляюць не менш ахвотна, чым дзеці».

Праект Шукай.by без перабольшвання можа стаць для Мінска яшчэ адной турыстычнай «разыначкай» — з яго дапамогай госці даведаюцца пра гісторыю і сталіцы, і нашай краіны. Яраслаў Ліхачэўскі кажа, што хацеў бы, каб квэсты былі накіраваныя не толькі на ўнутранага турыста, але і на замежнага: «Штогод праз Нясвіжскі комплекс праходзіць 400 тысяч чалавек. Гэта дастаткова сур'ёзны бізнес. У Нясвіжы ўсё робіцца па-еўрапейску, іншым турыстычным месцам трэба на яго раўняцца».

Да Версаля — адзін крок

Яраслаў лічыць, што ў нашай краіне магчыма стварыць вялікі турыстычны трафік.

Але пакуль каманда Шукай.by збіраецца працаваць у Еўропе, рабіць праекты для іх музеяў. А пасля яны абавязкова перанясуць усё прыдуманае ў Беларусь. «Дапаможам нашай спадчыне адрадзіцца, — абяцае Яраслаў і дадае, што няма сэнсу пачынаць з маленькага. — У Еўропе мы будзем ладзіць квэсты ў Версалі і Таўэры. Калі можаш зрабіць вялікае — рабі. Таму ў Мінску мы пачалі з Нясвіжа».

Адна з нерэалізаваных задум Шукай.by — веласіпедная гульня ў Налібоцкай пушчы — пакуль іх самая грандыёзная ідэя. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў пушчу баяліся заходзіць немцы — гэта была тэрыторыя партызан. Там засталіся рэшткі сядзібы Тышкевіча, таксама гэтыя мясціны звязаныя з імем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Нікога не пакіне раўнадушным чароўная прырода пушчы. Яраслаў кажа, што яны ўжо нават склалі маршрут: «Але, калі праклалі дарогу, высветлілася, што там няма моста праз рачулку. Мы падлічылі, што можам аднавіць яго самі. Будзем збіраць грошы». Спадзяюся, у іх усё атрымаецца.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Шукаць і знаходзіць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.