Сучасныя формы падачы інфармацыі, найноўшыя тэхналогіі — усё гэта робіць гісторыю цікавай і прывабнай нават для тых, хто мае да яе самае аддаленае дачыненне.
Квэст?.. Ведаем!
Цяпер у музеі-запаведніку ў Нясвіжы можна паўдзельнічаць у адмысловым квэсце «Таямніцы і загадкі Палаца Радзівілаў». Падчас яго будзе магчымым лепш вывучыць гісторыю старажытнага збудавання і яго колішніх уладальнікаў. Прычым выконваць заданні трэба не ў адным-двух пакоях, а ў цэлым велічэзным палацы!
З дапамогай гульні можна трапіць у закрытыя ў звычайны час для турыстаў месцы. Напрыклад, апынуцца на апошнім паверсе вежы і спусціцца ў сутарэнні.
Дзякуючы інтэрактыўнай забаве можна будзе сустрэцца з... князем Антоніем Вільгельмам. Ён задасць гасцям пару пытанняў, адказы на якія дадуць магчымасць пазнаёміцца і з іншымі асобамі мінулых часоў.
Квэст прадугледжвае ўдзел асобных каманд з колькасцю гульцоў ад 2 да 7 чалавек у кожнай. Гульня разлічана на адначасовы ўдзел ад 20 да 80 чалавек.
Вандраваць, не выходзячы з дома
Усё часцей патэнцыйныя вандроўнікі могуць убачыць абранае месца, нават не выходзячы з дома. Гэта магчыма дзякуючы камп'ютарным 3D-турам, на якіх можна ўбачыць досыць поўную панараму абранага аб'екта.
Для віртуальнай прагулкі можна скарыстацца, напрыклад, сайтам 3dmap.by. На ім, сярод іншага, прадстаўлены віртуальныя туры па Беларускім дзяржаўным музеі Вялікай Айчыннай вайны, па мемарыяльным комплексе «Хатынь», па Чарнобылі і Прыпяці, а таксама па многіх адметнасцях беларускай сталіцы — Вялікім тэатры оперы і балета, Траецкім прадмесці і многім іншым.
Дзякуючы прадстаўленым панарамным здымкам можна за адно імгненне апынуцца ў славутым месцы. Прагуляцца ўправа, улева, зазірнуць уверх... Міні-вандроўка дапамагае адчуць атмасферу пэўнага аб'екта, каб, натхніўшыся, выправіцца ў вандроўку рэальную!
Такую паслугу прадстаўляюць таксама ў некаторых знакавых айчынных палацах і замках. Віртуальна прагуляцца можна па гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў, а таксама па Крэўскім замку. На апошнім, дарэчы, рэканструявана тое, чаго ў рэальнасці ўжо не ўбачыш...
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.