Вы тут

Мар'яна Саўчанка: «Перакладчыку патрэбныя натхненне і смеласць»


Мар'яна САЎЧАНКА — малады перакладчык кітайскай літаратуры на ўкраінскую мову. З ёю сустрэўся наш карэспандэнт і задаў некалькі пытанняў пра яе творчыя зацікаўленні, пра тое, як успрымаецца кітайская літаратура ва Украіне. Якія ўвогуле перспектывы развіцця ўкраінскай кітаістыкі. Ці ёсць масавы чытач у кітайскай прозы ва Украіне. І вось што пачуў у адказ...


— Мар'яна, вы звярнулі ўвагу на Мо Яня яшчэ да таго, як яго мастацкія вышукі былі адзначаны Нобелеўскай прэміяй?

— Імя Мо Яня было мне вядома дзякуючы фільму Чжана Імоу «Чырвоны гаалян», які зняты па матывах аднайменнага рамана. Аднак блізка з яго творчасцю я знаёмая не была. Па праўдзе кажучы, Мо Янь да атрымання Нобелеўскай прэміі не ўваходзіў у лік так званых абавязковых да прачытання пісьменнікаў, паколькі кітайскія інтэлектуалы не лічаць яго мастацкі стыль дастаткова ўзвышаным.

— «Краіна віна» — раман, з якога фактычна пачалося ўзыходжанне Мо Яня да рускага чытача... А ўкраінская гісторыя знаёмства з Мо Янем — з чаго яна пачалася?

— Першым раманам Мо Яня, перакладзеным на ўкраінскую мову, стаў усё той самы «Чырвоны гаалян: гісторыя аднаго роду» — праца Надзеі Кірносавай, які выйшаў у 2015 годзе, на некалькі месяцаў раней, чым пераклад рамана «Краіна віна»...

— Наколькі складана было перакладаць «Краіну віна»? Ці шмат у рамане выключна кітайскай спецыфікі, якую нельга даслоўна перакласці на іншыя мовы?

— Безумоўна, складанасць перакладу ў першую чаргу заключаецца менавіта ў перадачы кітайскіх рэалій і культурна-літаратурных алюзій, якімі напоўнена простая на першы погляд мова Мо Яня. Я пастаралася ўнесці як мага болей тлумачэнняў для ўкраінскага чытача, у надзеі данесці інтэртэкстуальнасць і шматграннасць рамана нават да тых, хто судакранаецца з кітайскай рэчаіснасцю ўпершыню.

Адным з прыкладаў стылістычных асаблівасцяў, і гэта, на жаль, прыкметна страчана пры перакладзе, з'яўляецца частковае выкарыстанне класічнай мовы веньянь. Аналагам магла б быць стараўкраінская мова, але ў такім разе ахвярай зрабіўся б змест, паколькі наўрад ці быў бы ён зразумелы большасці чытачоў. Адпаведна, пры перакладзе падобных фрагментаў давялося б шукаць спосабы захаваць арыгінальную задумку і надаць словаформам адценне архаічнасці.

Яшчэ адной няпростай задачай стала праблема вызначэння тэрміналогіі спіртных напояў. Слова «цзю» ў кітайскай мове ахоплівае даволі шырокі клас моцнай алкагольнай прадукцыі, аднак у савецкай перакладчыцкай традыцыі кітайскай літаратуры, і найперш паэзіі, яго прынята перакладаць як «віно», што даволі істотна звужае рамкі тэрміна. Але і тэрмін «водка»...

— Па-беларуску — гарэлка... Ды і па-ўкраінску таксама «гарэлка»...

— Дык вось тэрмін «гарэлка» не з'яўляецца абсалютна дакладным для вызначэння напояў, якія атрымліваюць з гааляна і рысу. А героі Мо Яня якраз іх і ўжываюць... у немалой колькасці. Адным словам, «Краіна віна» застаецца назвай выключна паэтычнай, а на самай справе дзеянне рамана адбываецца ў прыдуманым горадзе з назвай «Алкагольная краіна» («Цзюго»).

Беларуская перакладчыца кітайскай літаратуры Дар'я НЕЧЫПАРУК з вядомым мастаком, вучоным і літаратарам Кітая Гао Манам.

— Наклад рамана Мо Яня «Краіна віна» на ўкраінскай мове не дужа высокі — 500 асобнікаў... Наколькі хутка раман разышоўся ў кніжным гандлі? Ці былі рэцэнзіі, водгукі ў друку, у самых розных медыя?

— Я не сачу за продажам і рэцэнзіямі. Мне была выключна цікавай сама гэтая праца, але найболей важкім з'яўляецца тое, што раман усё ж такі выйшаў, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, і цяпер яго можна знайсці ў кнігарнях і бібліятэках.

— А ўвогуле, наколькі шырока сёння прадстаўлена проза Мо Яня на ўкраінскай мове?

— Наколькі мне вядома, акрамя двух ужо згаданых раманаў і апавядання «Геній» (надрукаванага раней у літаратурным часопісе «Усесвіт»), іншыя пераклады Мо Яня на ўкраінскую мову не былі надрукаваны.

— Вы — адзін з нямногіх перакладчыкаў кітайскай літаратуры, хто перакладае на ўкраінскую з мовы арыгінала... Але ж быў і іншы вопыт. У канцы 1940-х — 1950-я гады здарыўся бум перакладу кітайскай літаратуры на ўкраінскую мову. І такое ж назіралася ў Беларусі. Вы ведаеце тыя ўкраінскія пераклады? Яны нешта значаць для вас як для чытача і даследчыка, перакладчыка?

— Я — выпускніца Кіеўскай гімназіі ўсходніх моў №1, навучальнай установы, якая беражліва захоўвае і прывівае сваім выхаванцам традыцыі ўкраінскага ўсходазнаўства. Зразумела, у дзяцінстве, калі ўзровень кітайскай яшчэ не дазваляў чытаць арыгінал, наша знаёмства з кітайскай літаратурай і пачалося з перакладаў, ажыццёўленых у савецкую эпоху, — твораў Лу Сіня, Маа Дуня, Лаа Шэ, Ба Цзіня... Асаблівае месца сярод іх займалі работы Івана Карнеевіча Чырко, чый уклад нязменна застаецца прыкладам для айчынных кітаістаў-перакладчыкаў. І мае ўласныя першыя крокі ў мастацкім перакладзе пачаліся ўжо ў старшых класах школы, праўда, аб'ектам маіх спроб была не проза, а танская і сунская паэзія.

— Над чым вы цяпер працуеце? Якія раманы Мо Яня вам хацелася б перакласці ў першую чаргу?

— Мне цікавая творчасць больш маладых кітайскіх пісьменнікаў, маіх сучаснікаў, якія працуюць у эпоху, якую я назіраю і якую перажываю ў Кітаі сама. Акрамя таго, значная частка маёй дзейнасці звязана з тэатрам, таму ў гэты момант мая цікавасць як перакладчыка скіравана на драматургію. Менавіта сучасная драматургія... Цяпер я працую над перакладам дзвюх п'ес Ляо Імэй — надзвычай вядомай і даволі таленавітай пісьменніцы, драматурга, сцэнарыста...

— Будзем спадзявацца, што знаёмства з кітайскім тэатральным мастацтвам, кітайскай драматургіяй будзе ўплываць і на свядомасць украінскіх чытачоў, а не толькі гледачоў... Ці ёсць усё ж такі зацікаўленасць украінскіх выдаўцоў у выпуску ў цэлым кітайскай літаратуры на ўкраінскай мове?

— На вялікі жаль, зацікаўленасць надзвычай нізкая, як і цікавасць да кітайскай літаратуры ва Украіне ўвогуле. Дзякуючы перакладам на рускую мову, у чытачоў сфарміраваны пэўны вобраз кітайскай класічнай літаратуры, якая выклікае абмежаваны інтарэс, і, магчыма, у некаторай ступені існуе ўяўленне пра новую літаратуру. Што датычыць перакладаў найноўшай літаратуры, асабліва тых, што выйшлі ў якасці самастойных выданняў, — іх колькасць да неверагоднага малая. Прысуджэнне Мо Яню Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры паслужыла ўсяго толькі невялічкім штуршком для выдаўцоў, але ўвогуле сітуацыя даволі ўпадніцкая. Верагодна, аддаленасць нашых дзяржаў і культур, а таксама няздольнасць меркаваць пра якасць літаратуры на экзатычнай мове абмяжоўвае попыт. Мне вельмі хацелася б звярнуць увагу ўкраінскіх выдаўцоў на работу заходніх калег...

— Як, напрыклад, у Сербіі, дзе пабачылі свет ці не дзясятак асобных выданняў твораў Мо Яня...

— Бо там не ігнаруюць сучасных кітайскіх аўтараў. Іх рэгулярныя публікацыі перакладаў і рэцэнзій на англійскай мове маглі б паслужыць арыенцірам у выбары твораў для айчынных выдаўцоў.

— У Беларусі не выдадзена ніводнай кнігі, ніводнага рамана Мо Яня па-беларуску... Што б вы пажадалі сваім беларускім калегам на шляху засваення творчасці Мо Яня? З якога рамана варта пачаць беларускім перакладчыкам?

— Мне здаецца, што выбар перакладчыка — пытанне выключна асабістага літаратурнага густу і прафесійнага інтарэсу, таму складана штосьці раіць. Найбольш знакавымі творамі для знаёмства з напісаным Мо Янем, пэўна, з'яўляюцца раманы «Вялікія грудзі, шырокі зад» і «Чырвоны гаалян», але для лепшага разумення кітайскага грамадства нельга, на мой погляд, абысці ўвагай і «Краіну віна», і «Лягушку». Беларускім калегам хацелася б пажадаць пабольш натхнення і смеласці, бо, нягледзячы на сваю багатую фантазію, Мо Янь піша пра перажытае, і характары дастаткова ўніверсальныя і блізкія многім народам, а яго іранічная ўсмешка дазваляе разглядзець не толькі кітайцаў, але і на саміх сябе зірнуць крышачку іначай.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Пекін — Мінск

Каментары

Очень интересное интервью. А возьмите интервью у Мо Яня?

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.