Вы тут

Чаму ў Бярозе ўмеюць «ткаць урэдко»?


Чым больш цікавінак спецыялісты даведаюцца ў сталых людзей, тым больш разумеюць, як многа яшчэ трэба шукаць. Прызабытыя рамёствы трэба адраджаць і адначасова прыдумваць, як адаптаваць у сучасным жыцці. І справа не толькі ў тым, што на такія вырабы знойдзецца попыт. Рамёствы могуць багата расказаць пра нашых продкаў. Напрыклад, у іх усё было шматфункцыянальным. Так, каб сагнуць летам галінку для вырабу кашоў, яны памяшчалі яе ў вандлярню. Былі нашы дзяды і вельмі назіральнымі. Калі рабілі ткацкі станок, у канструкцыі ўлічвалі нават тое, што ў левай і правай рукі розная сіла ўдару...


Ажурнае ды падвойнае ткацтва

— Існуе шмат розных нюансаў, пра якія мы нават не здагадваліся, пакуль не селі за ткацкі станок. Так, выкарыстоўваем тое, што ішло з ім у камплекце, і як прымяніць розныя запчасткі, разумеем у час работы. Кажуць, што да станка ідзе каля сто дадатковых прыстасаванняў. Калі пачынаеш ткаць, думаеш, што іх магло быць і болей,— расказвае дырэктар Бярозаўскага цэнтра рамёстваў Наталля КАВАЛЕВІЧ.

На жаль, многія таямніцы продкаў ужо страчаны. Часам нават жанчыны, якія ткалі, сумняваюцца, ці змогуць успомніць старое рамяство.Але варта іх пасадзіць за станок —  зразумела, што рукі памятаюць. Паступова работнікі Цэнтра збіраюць каштоўную інфармацыю, у іх ёсць аўдыя- і відэазапісы, дзе бабулькі знаёмяць са старадаўнімі сакрэтамі. Ды і самі яны спасцігаюць гэтае майстэрства за станкамі (якім, магчыма, больш за сотню гадоў), што прывезены з вёсак.

Як вынік адроджана некалькі старых тэхнік. А пачыналі супрацоўніцы цэнтра з дыванкоў на падлогу: трэба, каб ткачыха найперш прызвычаілася да станка. Тым больш што ўсе тры старадаўнія станкі ў цэнтры не аднолькавыя, таму і ткаць на іх можна па-рознаму.

Тут аднавілі ажурнае ткацтва, пра яго бабулі кажуць «ткаць урэдко». Людзі недасведчаныя прымаюць рэчы, зробленыя ў такой тэхніцы, за мярэжку і вельмі здзіўляюцца, што яны вытканыя на станку. Але такое рамяство не было шырокадаступным. Калі можна спачатку зрабіць ручнік, далей — палатно, дык пад ажурнае ткацтва станок трэба рыхтаваць асобна. Акрамя таго на яго патрэбны быў час і іншыя ніткі. Таму, відаць, «урэдко» ткалі толькі ў заможных вёсках. Так, на Бярозаўшчыне такія вырабы сустракаліся ў Борткаўскім і Междулескім сельсаветах. У першым з іх, напрыклад, жыхары раней займаліся бондарствам і валяннем воўны, адпаведна мелі пэўны прыбытак. Свае работы цэнтр прадстаўляў у Польшчы, тамтэйшыя ткачыхі падыходзілі і казалі, што падобныя рысы ёсць у іх музеі, але самі яны так рабіць не ўмеюць.

Яшчэ адна адроджаная тэхніка — падвойнае ткацтва: адразу ствараюцца верхні і ніжні слаі, швоў пры гэтым на вырабе няма. Чаўнок закідваецца па коле. Такі прыём выкарыстоўваўся пры тканні слуцкіх паясоў. Вынаходлівымі былі нашы продкі.

Турэцкія паясы (накшталт якіх і ствараліся гэтыя вырабы) былі аднаслойнымі. А беларусы вырашылі, чаму б не зрабіць такое дарагое задавальненне больш універсальным. Пояс стаў двайным (напрыклад, верхні слой сярэбраны, а ніжні — залаты). А яго яшчэ можна зрабіць чатырохколерным і выкарыстоўваць шмат разоў. Трэба толькі згарнуць, каб кожны раз быў новы колер.

Раней у тэхніцы ажурнага ткацтва рабілі фіранкі, абрусы, накідкі на падушкі. А сёння гэта можна выкарыстаць для розных упрыгажэнняў. Хіба сумачкі, што зроблены падвойным ткацтвам, не зацікавяць сучасных модніц? Вы толькі шапніце ім, што па такой жа тэхніцы ствараліся слуцкія паясы.

Папярэчына, шылінка, ніўлінка

Гэта ўсё спадніцы, якія насілі жанчыны на Бярозаўшчыне. У кожнай з іх ёсць асаблівасці, яны і візуальна адрозніваюцца і вырабляюцца па сваіх правілах. Вядома, ж тут быў і андарак. Між іншым, ён горш за ўсё захоўваўся, бо зроблены з воўны — і моль шкодзіць, і ад святла псуецца.

У Цэнтры рамёстваў можна даведацца, што насілі раней мясцовыя жанчыны, тут адноўлены строі, прычым у маленькай выставачнай зале вы ўбачыце як звычайную вопратку, так і лялечную. Але ўсё саткана, зроблена па старых узорах.

— Даўно, калі я яшчэ вучылася, пайшла мода на «шатландку», — расказвае Наталля Іванаўна. — Я адхапіла сабе шыкоўную сінюю спадніцу ў клетку, прыехала да бацькоў і хвалюся. Маці неяк спакойна адрэагавала, а бацька, не задумваючыся, кінуў: «Адзела некую шылінку, яшчэ і задаецца. У нас такія былі ў клетачку, сінія, гэта ж самыя бедныя насілі».

Шылін — гэта вёска, і такую ж назву атрымала спадніца. Яна традыцыйная, але кардынальна адрозніваецца ад усіх астатніх касцюмаў Бярозаўскага раёна. У гэтай вёсцы і асаблівая манера гаварыць, выконваць песні. Мяркуецца, што тут жылі перасяленцы.

— А ці не было на Беларусі, каб па палосках на спадніцах меркавалі, з якога роду жанчына, як у тых жа замежнікаў?

— У кожным раёне свае асаблівасці строяў і колеравай гамы. Раней, кажуць, па спадніцах маглі пазнаваць, з якой жанчына вёскі. З першага погляду яны падаюцца падобнымі, а калі прыгледзецца, палосы ўстаўлены па-свойму, розныя іх колькасць і спалучэнне. Зараз мы збіраем фотаздымкі ды андаракі з розных вёсак і будзем параўноўваць. Магчыма, таксама зможам гэту асаблівасць падаваць як уласную «фішку».

Новы стары сімвал

За тыя пяць гадоў, што існуе мясцовы Цэнтр рамёстваў, тут адрадзілася і шчэпавая птушка-абярэг. Пашанцавала, што заспелі майстроў, якія рабілі такую птушку, і запісалі гэта на відэа. Сёлета дзякуючы намаганням спецыялістаў з Бярозы яна ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

А раней шчэпавая птушка лётала (калі прывязаная, падаецца, што яна качаецца пад столлю) па ўсёй Беларусі, яе пазнаюць і ў Польшчы, і ў Літве, пра яе ведаюць нават у Амерыцы. Фатаграфіі такой птушачкі сустракаюцца ў этнаграфічных выданнях розных краін.

Хутка забывацца на гэтых птушак пачалі, таму што яны не захоўваліся. Была традыцыя спальваць іх у печы — выпускаць у вырай. Так нібыта сыходзіла дрэнная энергетыка, што на іх збіралася. Гэтак жа спальваюць старыя вербныя галінкі. Вясковыя гаспадыні могуць параіць ставіць у печ пачастункі, наконт якіх ёсць сумненне, ці не прынеслі іх вам з дрэннымі намерамі. Трэба толькі адкрыць комін і праз яго сыдзе ўсё благое.

Шчэпавая птушка, а звалі яе «голуб», была такім жа абярэгам, як і саламяны павук, яны нават часта выкарыстоўваліся разам. Бярозаўскія майстры паспрабавалі іх спалучыць — сапраўды абодва старадаўнія абярэгі выдатна глядзяцца разам. Быў голуб і абярэгам для дзяцей, напэўна, меў і іншае выкарыстанне. Птушкі ж часта згадваюцца ў песнях і абрадах...

І зноў жа чым шчэпавая птушка — не адзін з брэндаў Беларусі? Можна па-рознаму гуляць з матэрыялам, рабіць не толькі галубоў, але і буслоў. Выдатны атрымаецца сувенір турыстам з «зямлі пад белымі крыламі».

— Для таго, каб людзі ведалі пра тое, што адноўлена, неабходна адаптаваць рамёствы і рабіць сувеніры, — упэўнена дырэктар цэнтра. — Нас падтрымліваюць рэгіянальнай праграмай па захаванні рамёстваў і развіцці сувенірнай прадукцыі. Але вельмі добра і тое, што да нас пацягнуліся дзеці. Мы іх садзім за станок, яны спрабуюць на ім працаваць. Што цікава, некаторых дзяцей не трэба вучыць, яны быццам ведаюць, як ткаць. Што гэта? Генетычная памяць?

Для малых у цэнтры праходзяць майстар-класы, у тым ліку звязаныя з цацкамі. Тут ёсць розныя свістулькі. У адну з іх — падобную на маленькі гармонік нават не трэба дзьмуць. Складзіце гэты гармонік — і ён загучыць. Ёсць тут і драўляныя... завадныя цацкі. І нават такія пацешныя жукі і мухі, якія будуць перабіраць лапкамі, калі іх торгаць за матузкі. А калі дзяўчынкам паказваюць, як зрабіць ляльку з трох хусцінак, тыя часам бянтэжацца. Гэтая простая цацка сапраўды нагадвае маленькую безабаронную істоту, пра якую хочацца паклапаціцца...

— Такая лялька — не Барбі. Ад яе ідзе станоўчая энергетыка, яна сапраўдная. Менавіта такімі цацкамі раней продкі прабуджалі ў дзяўчатках мацярынскія інстынкты. А Барбі вельмі шкодная для маленькіх дзяўчынак, — кажа Наталля Іванаўна. — Чаму многія з тых дзяўчат, што выраслі на сучасных цацках, сёння да сваіх дзяцей ставяцца, як да Барбі — пагуляў і заўтра кінуў. Сёння наш цэнтр спрабуе выконваць функцыі дзядоў і бацькоў. Раней дарослыя вучылі дзяцей рабіць тыя ж свістулькі, стваралі для іх цацкі, вучылі гуляць. Сёння гэта робім мы.

А можа, сапраўды рамёствы трэба вяртаць і для таго, каб не перарывалася сувязь часоў і пакаленняў, каб бацькі і дзеці былі бліжэй адзін аднаму?

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Сто прыстасаванняў для аднаго станка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

Тураўскі крыж упершыню будзе прадстаўлены 26 верасня

На свята Узнясення Крыжа Гасподняга, падчас вячэрняй службы ў Мінскім кафедральным саборы.

Грамадства

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Як і чым жыве колішняя «памідорная сталіца» Беларусі?

Каб адчуць, чым organіc food адрозніваецца ад звыклых для сучаснага гараджаніна прадуктаў, дастаткова пакаштаваць памідоры ў Савічах і параўнаць іх з таматамі з гіпермаркета.

Грамадства

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

Генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Святлана Юркевіч: Мы будзем развіваць перш за ўсё паштаматы

На працягу многіх дзесяцігоддзяў пошта асацыіравалася з традыцыйным наборам паслуг — лістамі, пасылкамі, газетамі, пенсіямі... Але сучасныя тэхналогіі ўсё больш уваходзяць у наш побыт.