Вы тут

Перамога — адна на ўсіх


Міжнародны форум «Вялікая Перамога, здабытая адзінствам» сабраў у Мінску ветэранаў з многіх былых рэспублік СССР.

Гісторыю трэба берагчы. Такі лейтматыў сёлетняга форуму, які ўжо шосты год запар збірае ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дзяржаўных дзеячаў, экспертную і навуковую супольнасці, журналістаў, лідараў маладзёжных арганізацый краін СНД, Балтыі і Грузіі. У такім фармаце пра гісторыю Другой сусветнай вайны ў сучасным кантэксце, яе інтэрпрэтацыю і агульную памяць нашчадкаў упершыню пагаварылі ў Мінску — на тэрыторыі той краіны, якая найбольш пацярпела ад фашысцкай навалы, заплаціўшы вялікую цану за Перамогу.


Сёння нельга пераацаніць той важкі ўклад, які ўнёс кожны народ у наша цяперашняе свабоднае і мірнае жыццё. Пра гэта сказаў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў і гасцей форуму. «Наш святы абавязак зрабіць усё дзеля захавання гістарычнай праўды, каб урокі Вялікай Айчыннай вайны ніколі не былі адданыя забыццю. У страшным супрацьстаянні з гітлераўскім фашызмам мы перамаглі, бо былі разам», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

— Паміраючы ў Брэсцкай крэпасці і Ленінградзе, змагаючыся пад Масквой, Сталінградам, на Курскай дузе, Дняпры, вызваляючы Беларусь, штурмуючы Берлін, воіны Чырвонай Арміі не думалі пра нацыянальнасць, — пераканана міністр інфармацыі Беларусі Лілія АНАНІЧ. — Яны былі адзінымі, уздымаючы сцяг Перамогі. Значыць, і Перамога была адзінай і будзе заўсёды непадзельнай. Таму вельмі важна, каб на форуме прагучалі словы аб непарушнасці братэрства народаў, аб важнасці жыць у міры, аб тым, каб маладое пакаленне шанавала подзвіг бацькоў, каб сродкі масавай інфармацыі заўсёды былі на варце абароны і ўрокаў, і праўды той вялікай вайны.

Як лічыць Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор РАПОТА, такога роду форумы настройваюць на тое, каб мы яшчэ раз, ужо з пазіцыі сучаснасці, асэнсавалі Вялікую Айчынную вайну: што прывяло да яе, як яна вялася, як паводзілі сябе палітыкі, і самае галоўнае, якія высновы можна зрабіць з гэтага трагічнага вопыту.

— Напярэдадні 71-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, самай жудаснай вайне ў гісторыі чалавецтва, людзі адчуваюць складаныя пачуцці: з аднаго боку, радасць за перамогу праўды, з другога — смутак аб палеглых за свабоду нашай Радзімы і пакланенне перад подзвігам тых, хто перамог у вайне, — адзначыў начальнік упраўлення прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальных і культурных сувязях з замежнымі краінамі Уладзімір ЧАРНОЎ. — Мы шануем подзвіг беларускага народа, які першым стаў на шляху ворага і гераічна змагаўся за нашу будучыню. Менавіта ад сцен Брэсцкай крэпасці пачыналася дарога да доўгачаканай перамогі. Гэта наша агульная гісторыя, якую мы абавязаны аберагаць і абараняць ад спроб перагляду.
У жудаснай вайне мы змаглі выстаяць, бо былі разам. І сёння мы павінны быць адзінымі ў імкненні да міру і ўзаемапаразумення.

«Сёння вельмі важна расказаць правільна аб Вялікай Айчыннай вайне, — упэўнены спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл ШВЫДКОЙ. — Мала сказаць праўду, трэба сказаць так, каб яе пачулі. Пачулі не толькі розумам, але і сэрцам. А гэта вельмі складана. Важна, каб людзі адчулі, што мы перамаглі, якую ролю адыграла наша краіна, нашы народы. І ў гэтым сэнсе такія сустрэчы, безумоўна, вельмі важныя. Горка, што кожны раз прыязджае ўсё менш і менш людзей, але яны, пакуль жывыя, з'яўляюцца для нас нейкім нацыянальным здабыткам».

Пра гэта казаў у сваім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

— У сваім пасланні Аляксандр Рыгоравіч вельмі выразна акцэнтаваў увагу на спробах фальсіфікацыі вобразу Беларусі, вобразу яе мінулага, культурнай бяспецы краіны і актыўным інфармацыйным супрацьдзеянні, — падкрэсліў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Ігар МАРЗАЛЮК. — Усе гэтыя пытанні вельмі цесна звязаныя з тымі аспектамі, якія разглядаюцца падчас форуму. На жаль, існуюць дзве тэндэнцыі, звязаныя з вобразам мінулага Беларусі, у прыватнасці Вялікай Айчыннай вайны. Адзін вобраз — ультрарадыкальны-нацыяналістычны, калі адмаўляецца сам факт гераізму беларускага народа ў вайне, які паказваецца ахвярай паміж молатам і кавадлам. У другім варыянце Беларусі таксама няма. Ёсць гераічны непадзельны рускі народ, які таксама стагнаў пад ігам, — тое, што я называю ўласаўскай расійскай гістарыяграфіяй, хоць, безумоўна, яе нельга назваць гісторыяй. Многія забываюцца, што Савецкі Саюз перамог яшчэ і таму, што была тая нацыянальная палітыка, якую так клянуць рускія нацыяналісты сёння. Таму трэба памятаць, што ёсць у гісторыі факты, якія нельга ні перапісаць, ні выкінуць. Мы ў рэшце павінны пачаць спакойна, непрадузята разглядаць працэсы і з'явы такімі, якімі яны былі на самой справе.

Іншыя актуальныя пытанні асвятлення Вялікай Айчыннай вайны ў гістарыяграфіі і СМІ, шляхі захавання і перадачы агульнай памяці, сучасны стан і перспектывы развіцця маладзёжных патрыятычных праектаў на прасторы СНД актыўна абмяркоўваліся падчас тэматычных секцый. Прадстаўнікі маладзёжных арганізацый прэзентавалі навуковыя, адукацыйныя і сацыяльныя праекты, звязаныя з ушанаваннем памяці аб Вялікай Перамозе. Гісторыкі і эксперты агучылі ролю навуковай грамадскасці ў даследаваннях праблемных эпізодаў вайны, пытанні папулярызацыі аб'ектыўных гістарычных ведаў аб Вялікай Айчыннай вайне і супрацьдзеяння фальсіфікацыі мінулых падзей.

Грамадская супольнасць сёння вымушана адстойваць сваю гісторыю, яшчэ раз даказваць даўно вядомыя ісціны, рабіць усё дзеля таго, каб не дапусціць скажэння мінулых падзей, рэабілітацыі фашызму і прыніжэння ролі савецкіх народаў у перамозе ў Другой сусветнай вайне. Невыпадкова падобныя аргументы сёння гучаць з міжнароднай трыбуны. Найбольш цікавыя і слушныя з іх — у найбліжэйшы час на старонках «Звязды».

kanyuta@zvіazda.by

Фо­та Яў­ге­на ПЯ­СЕЦ­КА­ГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.