Вы тут

Кантроль — узмоцнены!


Сярод усіх рэгіёнаў нашай краіны ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС найбольш сур'ёзна пацярпелі трынаццаць раёнаў Гомельскай вобласці, тры раёны Брэсцкай і пяць — Магілёўскай абласцей. За трыццаць гадоў на гэтых тэрыторыях змянілася некалькі пакаленняў жыхароў, да перыяду паўраспаду падышлі такія радыеактыўныя элементы, як стронцый-90 і цэзій-137...

Якія змены за гэты час адбыліся ў прыродзе? Палепшылася ці пагоршылася радыеэкалагічнае становішча на забруджаных тэрыторыях? Пра гэта «Звязда» пагаварыла з кіраўнікамі абласных камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і цэнтра па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя.


Сяргей ВАЎРЫНЮК, кіраўнік Брэсцкага абласнога цэнтра па гідрамэтэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя:

— Радыеактыўнаму забруджванню падвергнулася 4,6 тыс. км2, ці 14% плошчы Брэсцкай вобласці. З 1986-га па 2015 год плошча тэрыторый з узроўнем забруджвання цэзіем-137 ад 1 Кі/км2 зменшылася ў 2,3 раза. Забруджванне стронцыем-90 з узроўнямі ад 0,15 Кі/км2 і плутоніем-238, -239, -240 з узроўнямі ад 0,01 Кі/кмна тэрыторыі Брэсцкай вобласці не было зарэгістравана.

Радыяцыйнае становішча ў вобласці палепшылася. Калі параўноўваць, то ў 1992 годзе да зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем было аднесена 167 населеных пунктаў, да зоны з правам на адсяленне — 39. На 1 студзеня 2015 года да зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем аднесена 99 населеных пунктаў, да зоны з правам на адсяленне — 5 населеных пунктаў. Яны знаходзяцца на тэрыторыі чатырох раёнаў Брэсцкай вобласці: Драгічынскага, Лунінецкага, Пінскага і Столінскага. Дарэчы, на 1 студзеня 2015 года на забруджаных тэрыторыях пражывала 102 670 чалавек. З 1992 года колькасць насельніцтва паменшылася на 63 502 чалавекі.

Васіль МАСЛАК, старшыня Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— Гомельская вобласць — адзін з рэгіёнаў краіны, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таму клопат аб экалагічным дабрабыце рэгіёна мае вялікае значэнне для яго нармальнай жыццядзейнасці.

Так, даныя маніторынгу навакольнага асяроддзя гавораць пра паступовае паляпшэнне сітуацыі з забруджваннем атмасфернага паветра. Калі ў 2013 годзе выкіды забруджвальных рэчываў ад стацыянарных крыніц на Гомельшчыне склалі 123 тыс. т, то па даных на 2015 год гэты паказчык быў на ўзроўні 106 тыс. т.
Такое зніжэнне адбылося і дзякуючы пастаяннаму кантролю дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў рэгіёна — Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, Гомельскага хімічнага завода, Беларускага металургічнага завода (г. Жлобін) і інш. Дарэчы, на рэканструкцыю дугавой сталеплавільнай печы апошняга было выдаткавана з бюджэту каля 70 млрд рублёў. У выніку выкіды забруджвальных рэчываў ад яе дзейнасці скараціліся на 100 тон.

Водны басейн Гомельскай вобласці — самы буйны ў краіне: тут знаходзіцца 62% яе водных запасаў. У рэгіёне працякае каля 400 рэк, у тым ліку Дняпро, Прыпяць, Сож, размешчана больш за 270 штучных і натуральных вадаёмаў. Нягледзячы на значнае радыяцыйнае забруджванне і іншыя антрапагенныя фактары, па звестках гідраметэаралагічнага маніторынгу стан вод у Гомельскай вобласці ў асноўным ацэньваецца як добры ці выдатны. Толькі некаторыя водныя аб'екты з'яўляюцца «ўмоўна чыстымі».

Дзякуючы пастаяннаму радыяцыйнаму кантролю на ўсіх этапах стварэння прадукцыі ўдаецца аператыўна выявіць і прадухіліць пападанне забруджаных харчовых прадуктаў да чалавека. А ахоўныя мерапрыемствы ў сельскагаспадарчым сектары дапамагаюць зменшыць пестыцыдную нагрузку на прадукцыю раслінаводства і жывёлагадоўлі.

Для паляпшэння экалагічнай сітуацыі вельмі важна праводзіць інфармацыйную работу з насельніцтвам. Спецыялістам абласнога камітэта і раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў гэтым дапамагаюць мясцовыя СМІ і ўстановы адукацыі эколага-біялагічнага профілю. Бо горкі досвед Чарнобыля і іншых экалагічных катастроф паказаў: любую праблему лепш папярэдзіць, чым потым ліквідоўваць яе наступствы.

Мікалай ДЗЯДКОЎ, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС ад радыеактыўнага забруджвання пацярпелі 14 раёнаў Магілёўскай вобласці, з іх пяць — Быхаўскі, Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі, Касцюковіцкі і Краснапольскі — адносяцца да найбольш забруджаных. У пасляаварыйны перыяд са 170 найбольш забруджаных населеных пунктаў было адселена 22,7 тыс. чалавек.

Сёння плошча радыеактыўнага забруджвання тэрыторыі вобласці складае 7,88 тыс. км2, ці 27,1% ад агульнай плошчы рэгіёна. На тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання знаходзіцца 698 населеных пунктаў с агульнай колькасцю жыхароў звыш 106 тыс. чалавек.

У забруджаных радыенуклідамі населеных пунктах пастаянна кантралюецца прадукцыя асабістых падсобных гаспадарак і сельгаспрадпрыемстваў. Так, на працягу 2015 года перавышэння дапушчальных узроўняў па цэзіі і стронцыі ў прадуктах харчавання выяўлена не было. Колькасць радыенуклідаў у пітной вадзе таксама не перавышае дапушчальнага ўзроўню.

Радыелагічнымі лабараторыямі лясгасаў, ветэрынарнай службы, цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі, вытворчымі лабараторыямі ажыццяўляецца ўзмоцнены радыяцыйны кантроль грыбоў, ягад, дзічыны пры іх нарыхтоўцы, перапрацоўцы і рэалізацыі насельніцтву. Па даных радыяцыйнага кантролю, каля 25% проб гэтых «дароў лесу» змяшчалі радыенуклідаў больш за дапушчальныя ўзроўні.

У зонах адсялення сёння праводзіцца добраўпарадкаванне могілак і помнікаў, абворванне мінералізаваных палос, устанаўліваюцца знакі радыяцыйнай небяспекі.

У Магілёўскай вобласці асноўны аб'ём практычнай работы вядзецца ў рамках Дзяржаўных праграм па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

З прыняццем Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 08.06.2015 г. №235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці» з'явіліся новыя магчымасці для развіцця раёнаў вобласці, пацярпелых у выніку аварыі на ЧАЭС. У аснову стратэгіі аховы навакольнага асяроддзя пры распрацоўцы Праграмы развіцця паўднёва-ўсходніх рэгіёнаў Магілёўскай вобласці пакладзена неабходнасць павышэння якасці асяроддзя жыццядзейнасці насельніцтва з адначасовым скарачэннем узроўню негатыўнага ўздзеяння на прыродныя экасістэмы.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.