Вы тут

Фестываль кулікоў прайшоў у Тураве


Свята адбылося ўжо ў сёмы раз. Фестываль кулікоў у горадзе над Прыпяццю зладзіла грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны".


Супрацоўнікі і валанцёры “птушынай арганізацыі” падрыхтавалі вясёлую, цікавую, займальную і, галоўнае, адукацыйную праграму. Як заўсёды, дзейства разгарнулася на галоўным месцы тысячагадовага паселішча – Краснай плошчы. Апоўдні яна стракацела і гула, нагадваючы нешта сярэдняе паміж кірмашом і раз’юшаным вулейчыкам. А са сталіцы прыехалі музыканты групы “Рэха”, каб забавіць гледачоў сваімі рытмамі і песнямі.

Наведвальнікаў фестывалю чакалі выставы маляваных птушак, прыгожыя фотаздымкі, займальныя майстар-класы, “птушыная” пошта, гульні на кемлівасць. У імправізаванай глядацкай зале перад сцэнай, як заўсёды, сядзелі тураўскія бабулі і дзядулі.

Хто ў гэтыя выходныя апынуўся каля Прыпяці, той патрапіў ў сапраўдную вясну: на Палессі ва ўсю ўжо цвітуць вінші і грушы, ды і сонейка не шкадавала сваіх промняў. Многім карцела ўбачыць самых кулікоў, у гонар якіх і налажвалася гэтая імпрэза. Прыехаць у Тураў на фестываль куліка і не ўбачыць самога “віноўніка” – недаравальна.  Дарэчы, за вясновы час на Тураўскі луг, які мясцовыя жыхары і арнітолагі называюць балоннем, прылятаюць ажно 27 відаў кулікоў. Наўрад ці адшукаеш іншае месца ў Еўропе, дзе б была такая разнастайнасць гэтых птушак. Таму і едуць сюды еўрапейскія арнітолагі.

На Тураўскі луг са свята пасажыраў везлі конныя “маршруткі”. У праграму маршрута ўваходзіла не толькі назіранне кулікоў праз падзорныя трубы і біноклі, а яшчэ і наведванне станцыі кальцавання птушак – між іншым, адзінай ў Беларусі. Акальцаваных крылатых істот арнітолагі перадавалі ў рукі наведвальнікам, каб яны самі выпускалі нявольнікаў у неба.

Дарэчы, чаму птушкам на лапкі надзяваюць спецыяльныя “пярсцёнкі”, чаму ў нашых арнітолагаў Тураўскі луг выклікае занепакоенасць і якому віду куліка пастаўлены помнік у Тураве, чытайце і глядзіце ў майскім нумары часопіса “Родная прырода”.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.