Вы тут

З жартам па жыцці


Антаніна Кузьміч адвучылася ва ўніверсітэце не толькі з карысцю, але і... з гумарам. Выпускніца спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ гуляе ў камандзе КВЗ «Спакваля» і смешыць комікаў на тэлебачанні.


КВЗ — гэ­та не толь­кі гу­мар, але і ак­цёр­скае май­стэр­ства.

У школьным тэатры, як гаворыць сама дзяўчына, у яе была роля «трэцяга дрэва справа», таму з творчай самарэалізацыяй прыйшлося пачакаць. Але «закопваць талент» яна не збіралася і ва ўніверсітэце ўсур'ёз занялася любімай справай.

— Спачатку было некалькі гумарыстычных выступленняў з аднакурснікамі на мерапрыемствах факультэта. Мяне гэта зацягнула. Я зразумела, што падабаецца выклікаць усмешкі і радаваць людзей. А потым аднагрупнік Аляксей Сасніцкі прапанаваў гуляць у КВЗ, мы рызыкнулі і пайшлі камандай з дзвюх асоб у сезон некалькіх мінскіх ліг КВЗ. Першапачаткова было складана: што рабіць і як правільна трэба сябе падаваць? Удваіх няпроста крытычна ацаніць свой матэрыял, таму на яго напісанне трацілася шмат сіл. Але з часам атрымалася расслабіцца і гуляць у сваё задавальненне.

Тро­хі фан­та­зіі — і вы па­чу­е­це, як яны іг­ра­юць Мо­цар­та.

Антаніна кажа, што пачуццё гумару — выратавальны круг у любой жыццёвай сітуацыі. Гэта прызма, праз якую глядзець на свет значна весялей. Але адзначае, што КВЗ для яе — не толькі жарты. Гэта сябры, свабода творчасці і ўпэўненасць у сабе і ў сваіх сілах. Мабыць, таму Антаніна і Аляксей рызыкнулі і паехалі на Міжнародны фестываль каманд КВЗ «КіВіН» у Сочы.

— Гэты фестываль — адпраўны пункт для любой каманды. Не ездзіў у Сочы — лічы, не гуляў. На ім трэба паказаць сваё выступленне на тры-чатыры хвіліны і чакаць вердыкт журы. Нам казалі, што лепш пагуляць некалькі сезонаў, набрацца вопыту, а потым ужо ехаць. Але мы вырашылі не марнаваць час і паехалі ў першы год. І ніколькі не пашкадавалі — эмоцыі незабыўныя! Ды і калі «варышся» ў КВЗ два тыдні без перапынку, бачыш, як выступаюць іншыя каманды, гутарыш з удзельнікамі, то на саму гульню пачынаеш глядзець зусім па-іншаму.

Каб стаць сапраўдным кавэзэшнікам, патрэбны пачуццё гумару і каманда. І калі першае можна мець, як той казаў, ад прыроды, то знайсці аднадумцаў значна цяжэй. Мабыць, таму фармат камандаў з двух чалавек становіцца ўсё больш папулярным. Асабліва пасля таго, як белгарадская каманда «Дэтэктыўнае агенцтва «Месячнае святло», якая складаецца толькі з Філіпа Вароніна і Цімура Баб'яка, два гады запар станавілася віцэ-чэмпіёнамі Вышэйшай лігі КВЗ.

Ча­сам для мі­ні­я­цюр па­трэб­на больш чым два ча­ла­ве­кі.  У та­кім вы­пад­ку «Спак­ва­ля» клі­ча на да­па­мо­гу сяб­роў.

— Галоўны плюс такой каманды — лёгка сабрацца. Выдатна, калі ўдзельнікі звязаны сяброўствам, бо ў гульні толькі на дзелавых адносінах далёка не заедзеш. Але і мінусы ў такой невялікай каманды ёсць. Калі людзей больш, то і каэфіцыент карыснага дзеяння ў некалькі разоў большы. Калі стаміўся ці «выпісаўся», можна адпачыць, пакуль іншыя члены каманды працягнуць працаваць. Размеркавання роляў, напрыклад, ты — аўтар, я — актрыса, быць не можа. Усе задзейнічаны аднолькава. Адказнасць часам не дазваляе атрымаць задавальненне ад падрыхтоўкі да гульні.

Акрамя КВЗ, Антаніна і Аляксей удзельнічалі ва ўкраінскім праекце «Рассмяшы коміка». Першы раз удваіх, а ў другі — Антаніна вырашыла паспрабаваць свае сілы самастойна. Абодва выступленні былі паспяховымі: яны змаглі рассмяшыць Уладзіміра Зяленскага і Яўгена Кашавога і атрымаць грошы. Антаніна кажа, што праект вельмі цікавы, хочацца прыехаць туды зноў. Усё па-сапраўднаму: добра жартуеш — выйграеш.

Па прызнанні Антаніны, гумар — гэта яе лад жыцця, і ён ва ўсім, што яна робіць. Найлепшыя жарты прыдумляліся падчас звычайнай размовы ці спрэчкі. Часам дапамагалі вопытныя гульцы з іншых камандаў.

Некаторымі жартамі каманда «Спакваля» падзялілася з намі:

  • Пагаворваюць, што беларускія футбалісты нават пасля смерці нікуды не трапляюць.
  • Машына спартыўнага трэнера, калі заканчваецца бензін, едзе на маральна-валявых.
  • Вельмі сентыментальная дзяўчынка купляла пельмені, каб сабраць свінку назад.
  • Іван-царэвіч перажыў нямала непрыемных імгненняў, перш чым зразумеў, што ўзяў не тую жабу.
  • Гадзіннік філосафа цікае з гукам «як-так», «як-так».
  • Дзяўчына з вельмі вялікім бюстам не ведае слова «рэзюмэ».
  • Ігар з дапамогай падушкі даказаў, што самае галоўнае ў жыцці дзяўчыны — гэта не ўвага, а кісларод.
  • Света зразумела, што хлопец — несапраўдны італьянец, калі той прадставіўся сеньёрам Памідорам.

Надзея АНІСОВІЧ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Дарыць усмешкі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.