25 верасня, пятніца

Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


Каманда Прэзідэнта стала пераможцай ІХ рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аматараў хакея, юніёрская зборная выйшла ў элітны дывізіён, а мінскія гандбалісты заваявалі «серабро» Балтыйскай лігі. Пра самыя актуальныя навіны спорту раскажам у штотыднёвым аглядзе «Звязды».


1. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла ў спаборніцтвах сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У другім матчы фінальнай серыі (да дзвюх перамог) дружына кіраўніка дзяржавы перайграла каманду Гомельскай вобласці з лікам 9:6. Нагадаем, у першым матчы, які праходзіў у Лядовым палацы Жлобіна 9 красавіка, гомельскія хакеісты саступілі 3:7.

Па выніках турніру вызначаны найлепшыя хакеісты па амплуа: галкіпер — Аляксей Грыцэнка (Мінская вобласць), абаронца — Аляксандр Зелянко (хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі), нападаючы — Павел Волчак (Гомельская вобласць), найлепшым бамбардзірам стаў Эдуард Валіулін (Гомельская вобласць) — 18 балаў (9 галоў + 9 перадач).

Трэцяе месца ў ІХ рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод аматараў заняла каманда Мінскай вобласці, якая ў вырашальным паядынку была мацнейшай за Брэсцкую вобласць — 6:4.

Нагадаем, раней хакейная каманда кіраўніка дзяржавы выйгравала гэтыя спаборніцтвы ў 2008, 2010-2012, 2014, 2015 гадах. Па разе перамагалі каманды Гомельскай (2009) і Мінскай (2013) абласцей.


2. Юніёрская зборная Беларусі (U-18) па хакеі перамагла ў заключным матчы чэмпіянату свету ў групе А дывізіёна 1 каманду Германіі (5:3) і заняла першае месца на турніры. Адзначым, што на гэтым матчы ў Чыжоўцы быў аншлаг, арганізатары налічылі 9 тысяч гледачоў. Ну а ў наступным годзе нашы хакеісты згуляюць ужо ў элітным дывізіёне. Галоўны трэнер юніёрскай зборнай Юрый Файкоў пракаментаваў паспяховае выступленне сваіх падапечных.

— Пры такой падтрымцы мы не маглі паказаць дрэнны хакей. На нас глядзела ўся краіна, у тым ліку па тэлевізары, і мы абавязаны былі перамагчы. Мы ведалі, што ўсе матчы будуць няпростымі і таму рыхтавалі хлопцаў на кожны паядынак, як на апошнюю гульню.

Нагадаем, апошні раз юніёрская зборная Беларусі па хакеі да 18 гадоў у наймацнейшым дывізіёне выступала ў 2010 годзе. Найбольш высокага выніку нацыянальная каманда да 18 гадоў дамагалася ў 2002-м, заняўшы тады на сусветным форуме ў Славакіі 5-е месца.


3. Гандбалісты мінскага СКА чацвёрты раз запар выйшлі ў фінал Балтыйскай лігі. У паўфінальным паядынку ў эстонскай Пыльве каманда Спартака Мірановіча разграміла гаспадароў — 36:28. На наступны дзень у фінале армейцы сустрэліся з фінскім «Рыіхімякі», асноўны час матча завяршыўся з нічыйным лікам 29:29, а вось у авертайме мінчане не змаглі вырваць перамогу — 32:36. Найбольш выніковымі ў беларускай камандзе сталі Уладзіслаў Кулеш і Мікіта Вайлупаў, на іх рахунку па 10 мячоў.

Нагадаем, армейцы выйгравалі Балтыйскую лігу ў 2013 і 2014 гадах.


4. На алімпійскім кваліфікацыйным турніры па барацьбе, які прайшоў у сербскім Зрэняніне, беларускія спартсмены заваявалі дзве ліцэнзіі ў Рыа-дэ-Жанэйра. У жаночай вагавай катэгорыі да 63 кг пуцёўку атрымала Марыя Мамашук. У мужчын такога ж поспеху дамогся барэц вольнага стылю Амар Магамедаў (86 кг).

У трох відах барацьбы (грэка-рымскай, вольнай і жаночай) запланаваны яшчэ два адборачныя турніры, якія пройдуць 22-24 красавіка ў мангольскім Улан-Батары і 6-8 мая ў турэцкім Стамбуле. Нагадаем, што ў верасні мінулага года беларуска Васіліса Марзалюк стала бронзавай прызёркай чэмпіянату свету па барацьбе і заваявала першую алімпійскую ліцэнзію для беларускіх барцоў.


5. Завяршыўся 3-ці тур футбольнага чэмпіянату краіны ў вышэйшай лізе. Дэбютанты турніру «Іслач» і «Крумкачы» не выявілі пераможцу (0:0), але ўсталявалі рэкорд па цікавасці гледачоў на мінулых выхадных. Сустрэчу на стадыёне ў Маладзечне ўбачылі больш як 4 тыс. балельшчыкаў. БАТЭ аформіў трэцюю запар перамогу, футбалісты з Барысава перайгралі «Мінск» — 3:2. Мінскае «Дынама» згуляла ўнічыю з салігорскім «Шахцёрам» — 0:0.

Вынікі астатніх сустрэч 3-га тура: «Славія» (Мазыр) — «Граніт» (Мікашэвічы) — 1:3, «Нёман» (Гродна) — «Віцебск» — 0:0, «Белшына» (Бабруйск) — «Дынама» (Брэст) — 4:2, «Тарпеда-БелАЗ» (Жодзіна) — «Нафтан» (Наваполацк) — 2:1, «Гарадзея» — «Слуцк» — 2:0.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Пераможцы пацвердзілі статус

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.