Нагодай для візіту стала першая навукова-практычная канферэнцыя для навучэнцаў сярэдніх школ і гімназій, прымеркаваная да 110-годдзя творчай дзейнасці класіка. Падчас пасяджэнняў трох секцый вучні прадставілі больш як 60 дакладаў, прысвечаных аналізу розных аспектаў яго творчасці.
Ідэя правядзення падобнай сустрэчы з'явілася зусім нечакана. Настаўніца сталічнай гімназіі №192 Святлана ТАРАНДА, чые вучні спачатку бралі ўдзел у раённай канферэнцыі, а сёння прадставілі сваю работу ў музеі, расказала:
— Мы звярнуліся ў музей з ідэяй правесці вучнёўскую канферэнцыю, прысвечаную Коласу. Бо разам з вучнямі хацелі апынуцца ў коле даследчыкаў-пачаткоўцаў, якія зацікаўленыя вывучэннем менавіта спадчыны Коласа. У музеі ідэю падтрымалі, але ж мы не чакалі, што задумка выкліча такі рэзананс.
Дарэчы, у доме Коласа вучні Святланы Сцяфанаўны прадставілі сапраўды вялікі праект, прысвечаны вывучэнню старонак ваеннага жыцця пісьменніка. Маладыя даследчыцы Карына Зяленская і Марына Карпік прааналізавалі напісаныя ў гады вайны лісты Коласа да Міхася Лынькова, Петруся Броўкі, Алены Броўкі, да жонкі Марыі Дзмітрыеўны. Вучаніцы суаднеслі іх з творамі ваеннага часу і падзеямі ў асабістым жыцці Коласа. Атрымалася глыбокае і грунтоўнае даследаванне.
Самі дзевяцікласніцы сваю зацікаўленасць ліставаннем Коласа патлумачылі так:
— Калі чытаеш творы класіка, то бачыш яго асобу толькі з аднаго боку. Калі чытаеш лісты — знаёмішся з зусім іншым Коласам, даведваешся пра яго жыццё. І наадварот, лісты дазваляюць па-іншаму зірнуць на яго вершы, паэмы.
У кола навуковых інтарэсаў іншых удзельнікаў канферэнцыі трапіла педагагічная дзейнасць Коласа, яго вандроўкі і грамадская праца. Шмат увагі вучні звярнулі на паэму «Новая зямля», раскрылі яе энцыклапедычны характар і разгледзелі асобныя складнікі сюжэта. Даследчыцкі інтарэс школьнікаў выклікала і паэма «Сымон-музыка». Так, шасцікласнікі Настасся Лукашэнка і Уладзіслаў Марцішэвіч прааналізавалі адметнасці вобраза мастака і мастацтва ў гэтым творы і параўналі бачанне Коласа з успрыманнем свету творчасці сучаснымі школьнікамі.
Не засталіся без увагі і жыццёвыя пуцявіны Коласа. Маладыя даследчыкі Вадзім Сімановіч з Мінска і Сафія Левая з Піншчыны прайшліся сцежкамі класіка, атрымалі асалоду ад яго родных краявідаў. Дарэчы, падчас канферэнцыі закраналася і вельмі складаная, комплексная тэма адлюстравання вобраза горада ў творчасці Якуба Коласа і яго сучасніка Максіма Багдановіча. Дзесяцікласніцы Анастасія Балоціна і Марына Танковіч з Чэрвеня прадставілі даследаванне ўрбаністычнай тэматыкі ў творах класікаў.
У цэлым тэматычны абсяг работ маладых аўтараў здзіўляе сваёй шырынёй. Няма сумневу ў тым, што вучні самі праводзілі даследаванні, чыталі і аналізавалі творы. Натуральна, пад мудрым кіраўніцтвам настаўнікаў.
Вітаючы маладых даследчыкаў, дырэктар музея Якуба Коласа Зінаіда КАМАРОЎСКАЯ выказала спадзяванне, што такія канферэнцыі для вучняў стануць традыцыйнымі ў музеі. Гэта як падмурак у будучыню вялікіх «Каласавінаў», якія ўвосень пройдуць у доме класіка ужо трыццаты раз.
Іншыя выступоўцы — дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Важнік, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, паэт, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў у сваіх прывітальных словах адзначалі важнасць добрага пачатку навуковай працы вучняў, выказвалі радасць ад сустрэчы і спадзяванне на тое, што даследчыцкая дзейнасць удзельнікаў канферэнцыі будзе мець працяг, а першыя артыкулы перарастуць у кандыдацкія і нават доктарскія дысертацыі.
Дарэчы, з работамі маладых даследчыкаў, прадстаўленымі на канферэнцыі, можна будзе пазнаёміцца ўвосень: плануецца публікацыя зборніка.
Думаецца, гэты дзень школьнікам і іх настаўнікам запомніцца надоўга. У Коласавым доме яны не толькі атрымалі магчымасць прадставіць свае першыя навуковыя работы, але і сустрэліся з вядомымі пісьменнікамі, навукоўцамі, а самае галоўнае — пабывалі ў доме класіка і пазнаёміліся з яго сынам Міхасём Канстанцінавічам. Таму не выпадае сумнявацца, што канферэнцыя будзе мець плён у будучыні, а творчасць Коласа стане аб'ектам даследавання новых і новых пакаленняў навукоўцаў.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.