Вы тут

Як друкуюць кнігі шрыфтам Брайля?


Святлана Чартовіч, майстар участка паліграфічнага прадпрыемства «Чырвоная зорка», якая вось ужо амаль дваццацігоддзе адказвае за выданне кніг адмысловым рэльефна-кропкавым шрыфтам Брайля — для людзей з парушэннямі зроку, расказала пра сакрэты гэтай карыснай працы.


На ма­шы­не «Ты­тан» брай­леў­скі тэкст з ме­та­ліч­ных плас­цін пе­ра­но­сіц­ца  на па­пе­ру з да­па­мо­гай ціс­ку.

— Спачатку аб'ёмы работы былі невялікія, мы рыхтавалі кнігі шрыфтам Брайля без малюнкаў. Але былі такія гады, калі выходзіла многа кніг — па 15-20 найменняў, — расказвае спецыяліст. — Калі толькі пачыналі працаваць з «Народнай асветай», то рыхтавалі падручнікі для пачатковых класаў, яны простыя па сваім выкананні і змесце. Зараз працуем над падручнікамі па матэматыцы для 9 і 10 класаў. Лічыцца, што гэта вельмі складаныя выданні: тут шмат схем, малюнкаў, формул.

Як жа робяцца гэтыя незвычайныя кнігі? Пачатак працы нічым не адрозніваецца ад звыклых выданняў. Арыгіналы тэкстаў прадастаўляе выдавецтва, аператары паліграфпрадпрыемства ажыццяўляюць набор у спецыяльнай праграме. Потым — вычытка, праўка. Толькі пасля гэтага адмысловая праграма пераводзіць тэкст у шрыфт Брайля. Ён патрабуе і спецыфічнай вёрсткі старонак: у радку павінна быць 30 знакаў, а на старонцы мусіць размяшчацца не больш за 25 радкоў. Так звыклы аб'ём выдання на паперы павялічваецца ў некалькі разоў. Напрыклад, падручнік матэматыкі для 9 класа складаецца з 12 брайлеўскіх кніг, кожная з якіх змяшчае ад 130 да 170 старонак. Адметна, што самая першая кніга падручніка выпускаецца апошняй: паводле міжнародных стандартаў менавіта тут павінен друкавацца змест усіх брайлеўскіх кніг, што ўваходзяць у выданне.

Так, набраныя брайлеўскім шрыфтам і звярстаныя старонкі спачатку выводзяцца на металічныя пласціны з дапамогай спецыяльнай машыны «Пума». Вось цяпер іх чытае карэктар, які не бачыць. Потым пласціны з ужо выпраўленымі памылкамі (іх правяць малаточкам, які «застуквае» на метале непатрэбныя кропачкі) паступаюць на ўчастак, дзе на машыне «Тытан» брайлеўскі тэкст пераносіцца на паперу з дапамогай ціску. Затым аддрукаваныя, але насамрэч адціснутыя, старонкі пераплётчыца ўручную збірае ў сшыткі, пераклейвае і пераплятае ў кнігі.

Рэ­льеф­на-кроп­ка­вы шрыфт Брай­ля,  рас­пра­ца­ва­ны для лю­дзей  з па­ру­шэн­ня­мі зро­ку.

— Тыраж выдання (а яны звычайна невялікія — прыкладна 30-45 асобнікаў) можа быць пераплецены нашым спецыялістам за дзве гадзіны, — кажа Святлана Чартовіч. — Гэта ручная праца, і яе ніяк нельга замяніць машыннай: кропкі, адціснутыя на паперы, пры механізаваным пераплёце могуць быць пашкоджаныя. Пры чытанні чалавек можа не зразумець зместу.

Надзвычай цікавая і тэхналогія вырабу аб'ёмных малюнкаў для брайлеўскіх кніг. Яны выконваюцца на спецыяльным матэрыяле — полістыроле. Робіцца гэта так: спачатку старонкі друкуюцца на плёнцы-негатыве, потым выявы з іх пераносяцца на фотапалімерныя пласціны. Пазней іх наклейваюць на спецыяльныя фанерныя дошчачкі, і ў такім выглядзе на адмысловым апараце яны праходзяць вакуумную фармоўку на полістыроле.

Фотапалімерныя пласціны захоўваюцца на паліграфпрадпрыемстве вельмі доўга. Па-першае, яны вельмі дарагія, а па-другое, наяўнасць пласцін дае магчымасць у любы момант паўтарыць тыраж выяў на полістыроле.

Па тэхналогіі праходжання ўсіх этапаў тыраж кнігі шрыфтам Брайля можа быць падрыхтаваны за месяц. Калі шмат малюнкаў — да часу падрыхтоўкі дадаецца яшчэ тыдзень.

Дырэктар паліграфічнага прадпрыемства «Чырвоная зорка» Уладзімір ЛОБАЧ дадае:

— За дваццацігоддзе, што мы працуем з выданнямі шрыфтам Брайля, падрыхтавалі ў такім фармаце больш як тры дзясяткі класічных твораў мастацкай літаратуры. Гэта і «Ціхі Дон» Шолахава, і раманы Жуля Верна, і класіка на беларускай мове. Абсталяванне, на якім рыхтуюцца такія выданні, вельмі дарагое, унікальнае. Кнігамі шрыфтам Брайля цікавяцца многія, але не ўсе разумеюць, што іх вытворчасць — справа нятанная. Кошт аднаго такога выдання — больш за мільён рублёў. Лепш бы яны былі незапатрабаваныя, лепш бы ўсе дзеці і дарослыя бачылі і чыталі звычайныя кнігі. Але жыццё такое, што нават у сталым узросце людзі страчваюць зрок. Таму наша праца — важная і нават неабходная.

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Ручная работа

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.