Вы тут

Страсць Макбета абарочваецца трагедыяй для народа


Славутаму палкаводцу караля Дункана вядзьмаркі напрарочылі ўладу. Спакуса падпарадкавала сабе ўсе яго ўчынкі, ператварыла военачальніка ў подлага забойцу, упэўненага, што ніхто з народжаных жанчынай не можа яму пагражаць. Так і ёсць... У Шэкспіра, твор якога натхніў Джузэпэ Вердзі на оперу «Макбет», была паказана трагедыя асобы, але музыка здолела яе ўзмацніць, ператварыўшы ў трагедыю агульнанародную. Аднак Шэкспіра і Вердзі ўсё ж шукаеш надзею — хоць бы ў кім з герояў.


Ніна Шарубіна і Уладзімір Пятроў у спектаклі «Макбет».

З надзеяй спрачаецца пастаноўка оперы «Макбет», якую ажыццявіў на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета галоўны рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ. Адкуль надзея, калі ведзьмы правяць балем і фактычна праграмуюць будучыню?

Спакуса, укладзеная ў вушы чалавека, саноўнага, але зямнога, ператвараецца ў павуцінне, якое аплятае ўсё навокал, накрывае людзей і нават галоўнага сярод іх.

А ў той момант, калі думаеш, што вось-вось яе разарвуць... Яна навісае над тронам і горадам зноў. Які б ні заняў яго кіраўнік, само адчуванне ўлады над іншымі здольнае мяняць асобу, пераўтвараючы ў пачвару, як гэта адбываецца з Макбетам. Але далей хто, пасля яго?... Такім чынам рэжысёр робіць трагедыю фактычна беспрасветнай.

Гэта ягонае прачытанне оперы — і, бадай, галоўнае ў канцэпцыі пастаноўшчыка, якая, відаць, паўстала не толькі дзеля самарэалізацыі. «Макбет» — гэта гісторыя, праз якую можна паразмаўляць з людзьмі, завесці з імі дыялог ці ўступіць у дыскусію пра тое, што ёсць улада і што адбываецца, калі розум увесь час заняты думкамі пра трон, а не інтарэсы каралеўства. Таму гэты трон у цэнтры сцэны: у цэнтры палаца, які ўвасоблены металічнай канструкцыяй-каркасам (мастак-пастаноўшчык Аляксандр Касцючэнка): там, дзе ўсё павінна быць празрыста, як у жыцці, творацца страшныя, схаваныя ад вачэй учынкі.

Канструкцыя паварочваецца і адкрывае нам розныя бакі жыцця караля: грамадскія і асабістыя, а разам з тым — і яго псіхалогію. Таксама як і музыка: у ёй гучаць і сумневы, і чорныя думкі, і цяжкія стогны знявечанай пад уладай тырана краіны. Стогнам здаецца і паварот сцэнаграфічай канструкцыі, што адцягвае ўвагу ад ігры аркестра, і ў такія моманты думалася: а мо так і трэба? Нібыта падпарадкаваўшыся дыктату Макбета...

Прытым, што даволі часта першынство аддадзена апавядальніку. У яго ролі, па сутнасці, павінен выступаць аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Пласкіны, таму што ў спектаклі ёсць эпізоды, дзе ўсё вырашае толькі музыка, а яна часам гучыць манатонна (як жыццё ў каралеўстве пры Макбеце?).

Рэжысёр дадаў харэаграфічныя нумары з вядзьмаркамі (іх ставілі Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў). Паглядзіш на такіх вядзьмарак — і адразу ўзгадваецца Баба Яга ў старых савецкіх казках, якая ўспрымалася нейкім карыкатурным вобразам.

Пэўная стэрэатыпнасць у паказе нячыстай сілы (а яе ў такой колькасці не было нават у Вердзі) не іграе на ідэю спектакля, якому рэжысёр імкнуўся задаць філасофскі тон. А калі так — то носьбітамі нячыстай сілы ў жыцці з'яўляюцца часцей звычайныя людзі. Казачнасці і «каралеўскасці» дадаюць і касцюмы герояў, якія прыдумаў расійскі мастак Вячаслаў Окунеў і Марыя Мароз. Глядзіцца ўсё «па-багатаму», нават з футрам і брыльянтамі на пальцах. І Макбет — кароль Шатландыі...

У Станіслава Трыфанава герой атрымаўся аб'ёмны (яшчэ было б цікава паглядзець на Уладзіміра Пятрова ў гэтай ролі). Злодзей, логіку якога хочацца зразумець — яна прапісаная асобнымі арыямі і дуэтамі. Артыст спяваў і іграў чалавека, які збіўся з курсу, месцамі можна было ўявіць чалавека, блізкага да вар'яцтва. Чалавека, у якога гарыць вока (нават пярсцёнкаў, якія таксама свецяцца, магло і не быць) у моманты найбольшай спакусы ці рашучасці. Ён вёў гэтую гульню.

А Лэдзі Макбет у выкананні Таццяны Траццяк ішла ўслед за суджэнцам — спакушалася яго славай, яго бляскам і магчымасцямі. І сама адчувала спакусу. Яе Лэдзі Макбет атрымалася не жорсткай жанчынай, што кіруе сваім мужам, а наадварот, мяккай, хоць і не без ганарлівасці. Месцамі яе голас гучыць нават нясмела. А знешне мы бачым ракавую жанчыну з рудай капной валасоў. (Яшчэ гэтую партыю спявае Ніна Шарубіна, у яе іншы выгляд). Таму, калі такая паненка пакутуе на самнамбулізм (што сведчыць пра глыбокія перажыванні), дзіву даешся. Хоць з яе ўдзелам прыдуманы ці не самыя эфектныя сцэны ў спектаклі.

Але як ні дзіўна, сапраўдным галоўным героем гэтай пастаноўкі стаў народ — у выкананні хору тэатра.

Хор на сцэне не проста адпрацоўвае свае музычныя нумары, адыгрывае не дэкаратыўную функцыю, а стварае патрэбны для галоўнай ідэі кантэкст грамадскага гучання оперы.

Таму што ад імя народа чуюцца словы пра няшчасную радзіму, якую заліў крывёй тыран, пра пакуты і надзеі. Яны могуць з'явіцца з новым гаспадаром: ёсць жа тыя, каму ўдалося збегчы ад караля-забойцы. Яны блізка. А разам з імі — зноў навісае павуцінне спакусы ўладай.

Міхаіл Панджавідзэ выбірае оперы для пастаноўкі з ліку той класікі, дзе актуальнасць пазачасовая. Умее выбраць, каб яны адгукаліся. «Макбет» — складаная опера не толькі з пункту гледжання тэмы, але і з-за тэатральнай рэалізацыі, падбору артыстаў, якія б, спяваючы, выконвалі яшчэ і драматычныя задачы: тут без іх немагчыма, нават пры ўсёй умоўнасці опернага мастацтва, дзе амаль усё вырашае музыка і галасы. Тэатр замахнуўся на «Вільяма нашага Шэкспіра» на пару з Вердзі, відаць, таму, што адчувае сілы для гэтага. Варта адзначыць выканаўцаў галоўных партый (за імі каласальная праца), але галоўным героем у «Макбеце» становіцца ўсё ж народ. Таму што якія б ні былі кіраўнікі-героі і наадварот, іх дзеянні ніколі не будуць іх асабістай справай.

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Заварожаны каронай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.