Вы тут

Кірыл Ермакоў: «Ты збіраеш гукі, як канструктар, у адзін твор...»


Музыкай ён захапляецца з дзяцінства. Працуе як кампазітар, аранжыроўшчык на многіх праектах, тэлевядучы. Прызнаецца, што ўсё атрымліваецца тады, калі ўмееш змяняць правілы пад сябе, а не слепа падпарадкоўваешся выбару іншых. Ці лёгка змагацца за мару, калі ты адзін, што патрэбна для напісання якаснай музыкі, і як ратавацца, калі жыццё выпрабоўвае цябе, мы распыталі ў Кірыла Ермакова.


— Чарговы адбор на конкурс «Еўрабачанне» застаўся ззаду. На чым ты засяроджаны цяпер?

— Займаюся сваім сольным праектам. Песні пішу не толькі для сябе, але і для іншых артыстаў. У мяне адразу пасля адбору на «Еўрабачанне» за тыдзень з'явілася шэсць трэкаў і цяпер я дапрацоўваю іх, каб можна было выпусціць кампазіцыі ў свет. Мяркую, можа ўжо гэтай вясной з'явіцца новы міні-альбом. Таксама хочацца здымаць кліпы і развівацца як артысту.

Я раблю ўсё сам, незалежна. Паралельна працую аранжыроўшчыкам у многіх нашых і расійскіх прадзюсарскіх цэнтрах. Напрацоўваю сувязі, каб потым была магчымасць знаёміць са сваёй творчасцю шырокую аўдыторыю не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

— У цябе ёсць вопыт напісання музыкі і аранжыровак, а таксама працы ў якасці бэк-вакаліста. Калі ўзнікла жаданне выйсці з ценю?

— Я заўсёды хацеў займацца сольнай творчасцю. І доўгі час пісаў толькі для сябе. У дзяцінстве было шмат выступленняў, канцэртаў, конкурсаў. А потым пачалася мутацыя голасу і на нейкі перыяд паглыбіўся ў саўндпрадзюсіраванне, аранжыроўкі. Цяпер разумею, што ўсё напісанае ў той перыяд я магу прадаць, бо не буду выконваць сам. Мне падабаецца рабіць музычны матэрыял пад сябе сённяшняга. Матэрыялу, над якім працую, хапае. Адчуваю, што наспеў час выказацца. Стыль, у якім планую ствараць сваю музыку, у нас рэдка сустракаецца, а ў той жа Амерыцы ён досыць распаўсюджаны.

— Значыць, твае арыенціры ў музыцы — заходнія выканаўцы?

— Так, калі мы кажам пра якасць гуку, падачу і эстэтыку. Дарэчы, актыўна гэта робяць цяпер і ў Расіі. Ад творчасці беларускіх музыкантаў у мяне ўражанне, быццам бы ўсе спыніліся на адной прыступцы і баяцца зрабіць крок улева ці ўправа. Людзі навучыліся працаваць у звыклым стылі, іх бяруць у ратацыю на радыё, і ім дастаткова такога выніку. Але я ведаю шмат таленавітых людзей, якія ствараюць цікавую музыку і працуюць на экспарт. Дык чаму б не паспрабаваць зрабіць штосьці незвычайнае.

— А наша публіка гатова ўспрымаць творчыя эксперыменты?

— Моладзь, думаю, падрыхтавана. Мой арыенцір — менавіта гэтая аўдыторыя. Мне цікава ствараць музыку для тых, хто цэніць у ёй якасць і жадае адкрыць штосьці новае для сябе. Гэта паспрыяе і выхаванню густу слухачоў, што, я лічу, з'яўляецца для артыста адной з найважнейшых задач.

— Ты робіш аранжыроўкі для праекта «Наперад у мінулае». Што ў гэтай працы для цябе галоўнае?

— Магчымасць дакранацца да фальклорнай спадчыны. У ёй нашы карані і, захоўваючы архаіку, мы зберагаем памяць пра мінулае і яго здабыткі. Інтарэс да такой музыкі ёсць не толькі ў нас, але і за межамі краіны. Напрыклад, мы рабілі для Юзары песню на аснове народнага матэрыялу, ён выканаў яе на сваім канцэрце ў Германіі. Публіка была ў захапленні!.. Мне гэта карысна і ў плане вопыту, бо я надаю новае гучанне песням, якія складваліся цягам стагоддзяў.

— З якімі мэтамі ты спрабаваў паказаць сябе на розных праектах, у тым ліку на расійскім «Голасе»?

— На «Еўрабачанне» я проста падаў заяўку і, шчыра кажучы, не ведаю, ці ўзнікне жаданне ў наступным годзе паўтарыць гэты шлях. Не хачу стаць «праектным артыстам», хоць быў і на «Акадэміі талентаў», і на «Голасе»... Не магу сказаць, што такія тэлешоу спрыяюць пашырэнню тваёй аўдыторыі, бо па заканчэнні праекта пра цябе могуць і не прыгадаць. Таксама заўважыў, што часцей на тэлешоу людзі сябе паказваюць, а вось сольнай творчасцю займаюцца потым не многія. Таму я бачу карысць ад удзелу ў тэлепраектах толькі ў набыцці вопыту. Для мяне гэта яшчэ і магчымасць атрымаць штуршок, каб прабівацца далей.

— Момант, калі не ўдаецца выйграць ці прайсці адбор на праект, успрымаеш як няўдачу ці сігнал, што твой час яшчэ не настаў?

— У чалавека ёсць лёс і ад яго не ўцячэш. Напрыклад, на «Голасе» я перахваляваўся, таму і не прайшоў. Потым мне напісала Наргіз Закірава, а праз нейкі час на яе старонцы я ўбачыў аб'яву, што шукаюць аранжыроўшчыкаў. Маю заяўку адабралі з 400 удзельнікаў, і цяпер я супрацоўнічаю з Максімам Фадзеевым.

— Музыкай ты займаешся з дзяцінства. А што акрамя яе тады цікавіла?

— Больш за ўсё мяне вабіла сцэна. Бачыў па тэлевізары выступленне Кіркорава і імкнуўся паўтараць усё за ім. І гэтае захапленне перарасло ў выбар майго прафесійнага занятку. У дзяцінстве мне падабалася маляваць, складаць канструктар і заўсёды была мара мець сваю студыю. Але толькі цяпер удалося спраўдзіць задуманае.

— Стварэнне музыкі залежыць ад натхнення ці ўсё трэба пралічваць, як у матэматыцы?

— Для мяне важныя абодва гэтыя складнікі. Безумоўна, можна напісаць песню толькі натхніўшыся чымсьці, але ў гукарэжысуры і ў аранжыроўках большае значэнне мае матэматыка. Ты збіраеш гукі, нібы канструктар, у адзіны твор. Асабліва захапляе такі занятак, калі пішаш класічную музыку. І мне зараз гэта таксама вельмі цікава.

— Але быў у жыцці перыяд, калі ты моцна хварэў. І ведаю, што тады многія з сяброў перасталі кантактаваць з табой...

— Чатыры гады сталі для мяне добрай загартоўкай. Аднак я быў шчаслівы ад таго, што мог займацца любімай справай — музыкай. Цяпер, бывае, сумую па тым, што было страчана столькі часу, і я не бегаў на вуліцы з хлопцамі і не рабіў нейкіх рэчаў, якія былі дазволены ім. Можа Бог перасцярог ад нечага. Безумоўна, бывала і ў нейкія моманты крыўдна, калі не адчуваў падтрымкі збоку. Гэта падрывала маю ўпэўненасць у сабе. Але хвароба навучыла мяне быць добрым чалавекам і не псаваць сабе карму. На шчасце, я не ўмею ісці па галовах.

— У некаторых размовах ты адзначаў, што захапленне музыкай заўсёды падтрымлівала мама. А тата аказваў нейкі ўплыў?

— Ніяк, таму што я яго не ведаю. І з узростам усё больш разумею, як было б добра, калі б ён прысутнічаў у маім жыцці. Мы маглі б абмяркоўваць нейкія мужчынскія пытанні. З сябрамі і з маці не заўсёды ўсім можаш падзяліцца. Але я вельмі ўдзячны матулі, што яна паставіла мяне на ногі. І цяпер імкнуся аддзячыць ёй, бо ў тым, хто я ёсць і кім імкнуся стаць, — яе заслуга.

— Якія парады дапамагаюць табе трымаць правільны курс у жыцці?

— Карысная парада ніколі не бывае лішняй. Аднак кожны чалавек павінен прайсці сваёй дарогай і засвоіць урокі з розных жыццёвых сітуацый. Нядаўна са мной здарыўся не вельмі добры выпадак, і невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б я проста не папрасіў прабачэння. Думаю, самае важнае ў жыцці менавіта гэта — калі памыліўся, то знайдзі смеласць тое прызнаць і выправі сітуацыю.

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.