Вы тут

Як справіцца з інтэрнэтзалежнасцю?


Сёння інтэрнэтзалежнасць параўноўваюць з прыхільнасцю да алкаголю ці наркотыкаў. Псіхалагічныя механізмы падобныя, але адсутнічае хімічны складнік. Таму не рэдкія выпадкі, калі дарослыя, якія вылечваюцца ад алкагольнай залежнасці, пераключаюцца на сеціва. Праблема яшчэ і ў тым, што спіртныя напоі нікому з бацькоў і ў галаву не прыйдзе прапаноўваць дзецям, а гаджэты падсунуць нават маленькаму дзіцяці, каб проста яго заняць ці супакоіць. І хоць вывучаць уплыў камп'ютара на псіхіку чалавека пачалі яшчэ ў 1980-я гады, такога дыягназу, як інтэрнэтзалежнасць, і па цяперашні дзень не існуе.


— Калі вашы блізкія завязлі ў сеціве, іх паводзіны, як лакмусавая паперка, якая паказвае, што чалавеку, яго сям'і патрэбна дапамога, — заўважае псіхолаг Гарадскога дзіцячага клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Галіна Станчык. — Як правіла, дзеці сыходзяць у віртуальны свет, калі адчуваюць псіхалагічны дыскамфорт, маюць праблемы з роднымі, сябрамі. Для іх гэта спосаб зняцця трывогі, стрэсу, у тым ліку бегства ад павучанняў і — увага (!) — ведаў. «Патупіць» каля манітора для многіх дзяцей — гэта проста жаданне адпачыць ад інфармацыі, якой іх загружаюць.

І, што цікава, у выніку некаторых даследаванняў псіхолагі заўважылі, што ў падлеткаў, якія рана пазнаёміліся з інтэрнэтам, з узростам гэта захапленне значна зніжаецца, больш схільныя да залежнасці людзі, якія пачалі асвойвацца ў сеціве ў больш сталым узросце.

Можна шмат казаць пра шкоду залішняга завісання ў віртуале. Статычная нагрузка, калі чалавек падоўгу праседжвае ў манітора, не на карысць пазваночніку, праблемы са зрокам, галаўны боль.

Звяртацца па дапамогу спецыяліста неабходна, калі вы бачыце, што «губляеце» сваіх дзяцей — яны перастаюць з вамі размаўляць, становяцца раздражнёнымі, агрэсіўнымі, неахайнымі. Хлопчыкі і дзяўчынкі не цікавяцца нічым, акрамя камп'ютара, не сустракаюцца з равеснікамі, адмаўляюцца ад забаў, якія ім раней падабаліся, забываюць пра хатнія справы, не робяць урокі і нават ядуць за «кампом». Сустракаюцца і такія, што з-за камп'ютарных гульняў прапускаюць школу.

— Інфармацыйная перагрузка ўяўляе сур'ёзную рызыку для здароўя, — папярэджвае Галіна Станчык. — Мозг, калі ён нечым захоплены, не заўважае фізіялагічных патрэб. У людзей ствараецца ўяўленне, што яны хутка атрымаюць задавальненне. Яны бясконца правяраюць пошту, думаюць, што наступны ліст, ролік на «ютубе» будзе класным. Гэта знясільвае фізічна. Карыстальнікі сеціва, асабліва юныя, могуць не адчуваць голаду і стомленасці.

— Праўда, ёсць даследаванні, якія даказваюць, што «стралялкі» не такія ўжо і шкодныя і нават дапамагаюць здымаць напружанне, пазбаўляцца ад трывогі. Для падлеткаў і дарослых больш шкодныя гульні ролевыя, калі ёсць рызыка, што яны сыдуць у іншыя светы, перастануць адрозніваць рэчаіснасць ад віртуальнага жыцця.

Псіхолагі не раяць прапаноўваць камп'ютары дзецям да пяці гадоў — гэта будзе лепшай прафілактыкай інтэрнэтзалежнасці.

Канешне, бацькам зручна, каб супакоіць дзіця, прапанаваць яму гаджэт, але для малых гэта шкодна. Дзеці, якія не нагуляліся з равеснікамі ці бацькамі, могуць сутыкнуцца з праблемамі ў школе. Яны плачуць, калі ў іх нешта не атрымліваецца, таму што не навучыліся прайграваць, бо калі штосьці пайшло не так у камп'ютарнай гульні, яе можна проста перазагрузіць.

— Сучасным дзецям не даюць пасумаваць. А сум — як і іншыя пачуцці — вельмі карысны, дзіця вучыцца пераадольваць яго, разумець свае жаданні, — заўважае Галіна Станчык.— Таму школьны сум для малых часта невыносны. Вось і дастаюць дзеці мабільныя тэлефоны на ўроках, бо не ведаюць, як ім інакш справіцца са сваім дыскамфортам.

Вяртанне ў рэальнасць пачынаецца з наладжвання ўзаемаадносін у сям'і.

І калі бацькі не могуць выйсці на кантакт са сваім дзіцем, лепшая парада — паспрабаваць усё наладзіць пры дапамозе... гаджэтаў. Варта толькі папрасіць, каб сын ці дачка навучылі вас розным камп'ютарным хітрыкам.

— Калі дзяцей вучаць плаваць, яны першы час знаходзяцца пад кантролем дарослых. Прыкладна так павінна быць і з камп'ютарам, — заўважае Галіна Станчык. — Бацькам трэба сачыць, каб сыны і дочкі не «патанулі» ў сеціве, адпусціць у «вольнае плаванне» можна толькі тады, калі дзеці будуць упэўнена прытрымлівацца правіл бяспекі (вельмі важна «за буйкі не заплываць»). Можна дамаўляцца, каб яны па таймеры выключалі камп'ютар альбо прытрымліваліся ўстаноўленых правіл: сёння засядзеліся за гаджэтамі — на наступны дзень не змогуць імі карыстацца.

Наўрад ці нечага можна дасягнуць поўнай забаронай карыстацца гаджэтамі. Наадварот, так вы толькі будзеце падаграваць цікаўнасць, бо забаронены плод заўсёды саладзейшы. Ды і прапанаваць віртуальныя сеансы як узнагароду, напэўна, не варта. Псіхолагі спрабавалі і такі спосаб уздзеяння, як навязванне падлеткам камп'ютара, прымушалі сядзець за ім па 5-6 гадзін і заўважылі, што, калі ў дзіцяці былі іншыя, не віртуальныя інтарэсы, яно праз некаторы час усё роўна да іх вярталася. Напэўна, кожная сям'я зможа выпрацаваць нейкую сваю стратэгію, але галоўнае, каб дзецям было ўтульна ў рэальным свеце. І новыя інтарэсы, захапленні, знаёмствы дапамогуць выцягнуць дзіця з павуціння. Сёння складана ўявіць жыццё без інтэрнэту, схаваць ці забараніць яго немагчыма, але, як да любой новай культуры, да яго трэба прызвычайвацца і вучыцца правільна ім карыстацца.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Выхапіць з павуціння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.