Вы тут

Што чакае чалавецтва ў наступныя 15 гадоў


Кніга Мэцью Бароўза «Будучыня: рассакрэчана» распавядае пра самыя важныя трэнды, якія вызначаць, як будзе выглядаць свет праз 15 гадоў. Урыўкі з яе прапаноўваем нашым чытачам.


Чалавецтва пастарэе

Не менш важная і тэндэнцыя росту сярэдняй працягласці жыцця, якую мы назіраем ва ўсім свеце. У маі 2013 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя ААН апублікавала звесткі, якія дэманструюць «павышэнне сярэдняй працягласці жыцця ў свеце з 64 гадоў у 1990 годзе да 70 гадоў у 2011-м», і гэта істотны рост. Зніжэнне назіралася толькі ў Паўночнай Карэі, ПАР, Лесота, Зімбабвэ і Лівіі.

Хутка старэючыя краіны могуць сутыкнуцца з запаволеннем росту ВУП і нават стагнацыяй. «Пажылым» дзяржавам будзе нялёгка правесці рэформы пенсійнай сістэмы і праграм па ахове здароўя — і арганізаваць фінансаванне для падтрымкі маламаёмных пенсіянераў, — пры гэтым не абцяжарваючы маладыя пакаленні, якія вымушаны будуць аплачваць пенсійныя праграмы. Урады краін з адносна высокім сярэднім узростам — 45-50 гадоў — могуць быць вымушаны істотна скараціць выдаткі і павялічыць падаткі. Хуткі рост колькасці азіяцкіх і афрыканскіх меншасцяў у заходнееўрапейскіх краінах з нізкім узроўнем нараджальнасці рызыкуе падарваць народную згоду і выклікаць рост рэакцыйных настрояў у палітыцы. І мы не ведаем, да чаго ўсё гэта прывядзе.

Грамадства, якое старэе, можа і не стаць той катастрофай, якой яно было б, калі б фізічная праца ўсё яшчэ была жыццёва важнай патрэбай, як на многіх гістарычных этапах. Прагрэс у галіне аховы здароўя, пра які ішла гаворка крыху вышэй, напэўна палепшыць якасць жыцця пажылых, што дазволіць ім даўжэй заставацца працаздольнымі.

Памочнік або канкурэнт?

У пачатку 2014 года прайшло паведамленне, што адзін з наймагутных суперкамп'ютараў у свеце — японскі K. — стварыў найбольш дакладную сімуляцыю чалавечага мозгу з тых, якія калі-небудзь існавалі. Ёй патрабуецца 40 хвілін на тое, каб прайграць адну секунду чалавечай мазгавой дзейнасці. Навукоўцы мяркуюць, што сімуляцыя працы мозгу ў поўным аб'ёме будзе магчымая тады, калі з'явяцца яшчэ больш магутныя камп'ютары. Хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ў наступныя 10 гадоў. Разуменне канструкцыі чалавечага мозгу і здольнасць стварыць яго маюць шырокае прымяненне ў медыцыне пры лячэнні такіх захворванняў, як хваробы Альцгеймера, Паркінсона і мноства іншых парушэнняў працы мозгу. Гэта таксама дасць істотны стымул у працы над стварэннем штучнага інтэлекту і выкарыстанні вялікіх даных.

Даследаванні ў вобласці штучнага інтэлекту некалькі прасунуліся наперад у тым, што тычыцца імітацыі мазгавой дзейнасці, але ўдалая сімуляцыя дзейнасці чалавечага мозгу, зробленая не так даўно японскім камп'ютарам, дапаможа рушыць наперад у яе разуменні. Тут неабходна таксама зрабіць крок наперад у развіцці алгарытмаў, якія выкарыстоўвае камп'ютарная праграма для аднаўлення працы мозгу. Пошук больш эфектыўных алгарытмаў вырашэння праблем стаў для даследаванняў у вобласці штучнага інтэлекту першачарговай задачай.

Алгарытмы і інтэрнэт рэчаў, які ўсё часцей называюць інтэрнэтам усяго, — саюз, заключаны на нябёсах, які ўносіць істотны ўклад у навуку, ахову здароўя, эфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў і разумныя гарады. Аднак разам вялікія даныя і алгарытмы могуць прывесці да масіраванай атакі на асабістую інфармацыю. Больш за тое, ёсць вялікі патэнцыял для злоўжыванняў алгарытмамі прагназавання. Ужо сёння страхавыя кампаніі і камісіі па ўмоўна-датэрміновым вызваленні выкарыстоўваюць прагнозныя алгарытмы, каб вылічыць рызыкі; у ЗША ўсё больш месцаў, дзе праца паліцыі ажыццяўляецца на аснове прагназавання, пасля апрацоўкі звестак выбіраюцца вуліцы, групы або асобныя людзі, якія становяцца аб'ектамі больш пільнай увагі.

Атака робатаў

Нават у краінах, якія развіваюцца, робаты могуць замяніць мясцовую рабочую сілу ў такіх галінах, як электроніка, што адмоўна адаб'ецца на ўзроўні мясцовых заробкаў. Кампанія Fохсоnn — кітайскі вытворца прадуктаў Аррlе — як вядома, плануе замяніць 80% супрацоўнікаў робатамі.

Выкарыстанне робатаў не будзе абмяжоўвацца рабочым месцам або побытам. Аўтаномныя рухальныя апараты, у тым ліку культавы беспілотны аўтамабіль ад Gооglе, могуць ужо ў бліжэйшыя 10 гадоў запоўніць нашы аўтастрады. Доўгатэрміновым наступствам укаранення беспілотных аўтамабіляў і іншых аўтаномных транспартных сродкаў можа стаць радыкальнае змяненне спосабаў выкарыстання аўтамабіляў, якое адаб'ецца на транспартнай інфраструктуры і выкарыстанні гарадскіх тэрыторый. Беспілотныя аўтамабілі падштурхнулі б да рэарганізацыі гарадоў і змен у гарадскім ладзе жыцця. Рабатызаваныя транспартныя сродкі, асабліва калі разам з іх з'яўленнем змяняюцца схемы валодання імі і іх выкарыстання, мелі б разбуральныя наступствы для сусветнай эканомікі, у першую чаргу для аўтамабільнай прамысловасці.

Вялікую пагрозу абяцаюць прарывы ў праграмным забеспячэнні, з'яўленне праграм, якія могуць выконваць працу высокакваліфікаваных працаўнікоў хутчэй і акуратней. Неверагодныя магчымасці пошукавых машын, такіх як Gооglе Sеаrсh або Mісrоsоft Bіng, заснаваных на магутных алгарытмах ранжыравання, істотна пераўзыходзяць чалавечыя: пашукавікі могуць прасейваць мільярды пунктаў звестак у пошуках адказу на запыт. Іншыя магутныя алгарытмы замяняюць адвакатаў пры дапамозе функцыі еDіsсоvеrу, скануючы мільёны юрыдычных дакументаў з велізарнай хуткасцю, неверагоднай дакладнасцю і меншымі матэрыяльнымі выдаткамі, чым людзі. Рэнтгенаўскія здымкі камп'ютарамі апісваюцца нашмат больш дакладна, чым рэнтгенолагамі. Пастаянна павышаецца якасць анлайн-перакладчыка Gооglе Trаnslаtе за кошт аналізу велізарных аб'ёмаў інфармацыі і прасунутых алгарытмаў. Адным словам, многія прафесіі або нават сферы дзейнасці будуць з часам цалкам ліквідаваныя са з'яўленнем рэвалюцыйнага праграмнага забеспячэння.

Гэта падводзіць нас да важнага пытання: ці будзе пры гэтым стварацца больш працоўных месцаў, чым знішчацца. На справе ніхто гэтага з упэўненасцю сказаць не можа, але асцярогі выказваюць нават тыя эканамісты, чые тэорыі прадракаюць з'яўленне з попелу знішчаных працоўных месцаў такіх новых прафесій, якія мы сёння і ўявіць сабе не можам. Нядаўняя справаздача АЭСР адкрыла нам вочы на некаторыя факты, якія палохаюць: згодна з праведзенымі даследаваннямі, новыя тэхналогіі былі на 80% вінаватыя ў 4-працэнтным памяншэнні долі сусветнага ВУП, што прыпадае на працоўны клас, якое адбылося за апошнія 20 гадоў. Затое тыя нешматлікія, хто валодаў кваліфікацыяй і талентам у тых галінах, дзе пачалі прымяняцца новыя тэхналогіі, а таксама менеджмент і ўладальнікі карпарацый, — памножылі сваё багацце.

theoryandpractіce.ru

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ежы — менш, робатаў — больш

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.