Вы тут

Што чакае чалавецтва ў бліжэйшыя 15 гадоў


У ХXІ стагоддзі тэхналогіі, якія кардынальна ўплываюць на наша жыццё, развіваюцца вельмі хутка, і ўрады буйных краін зацікаўлены ў якасных прагнозах. Мэцью Бароўз, аўтар кнігі «Будучыня: рассакрэчана», дзесяць гадоў працаваў над справаздачай «Глабальныя тэндэнцыі» — футуралагічным матэрыялам для Белага дома і Міністэрства абароны ЗША. Кніга пра самыя важныя трэнды, якія вызначаць, як будзе выглядаць свет праз 15 гадоў, нядаўна выйшла ў свет, у інтэрнэце публікуюць яе ўрыўкі.


1. Ежы стане менш

Насельніцтва Зямлі чакае істотны дэфіцыт харчавання, калі не будуць прыняты папераджальныя меры, за бліжэйшыя пару дзесяцігоддзяў попыт на прадукты харчавання вырасце да 2030 года больш чым на 35%, але на большасць раслін, такіх як пшаніца ці рыс, сярэдні паказчык росту хуткасці вытворчасці запаволіўся з 2% у год у 1970—80-я да 1% у год з 1990 года. Паводле звестак McKіnsey Global Іnstіtute, «тэндэнцыі росту цэн на рэсурсы з 2000 года змяніліся рэзка і кардынальна». У XX стагоддзі ў рэальным вылічэнні цэны падалі, з 2000 года яны павялічыліся больш чым у два разы, хоць за апошнія пару гадоў трохі знізіліся. Чалавецтва ўжыло больш ежы, чым вырабіла на працягу многіх гадоў папярэдняга дзесяцігоддзя, што з'яўляецца гістарычным рэкордам.

Буйное міжнароднае даследаванне паказала, што сусветная гадавая патрэбнасць у вадзе дасягне да 2030 года 6900 млрд м3, што на 40% больш наяўных на сёння ўстойлівых запасаў вады. Сельская гаспадарка, якая спажывае каля 3100 млрд м3 вады штогод (каля 70% ад агульнага аб'ёму на сённяшні дзень у свеце), да 2030 гада запатрабуе ўжо 4500 млрд м3, пры гэтым прадукцыйнасць не павысіцца. Каля 40% чалавецтва пражывае на тэрыторыі або ў непасрэднай блізкасці ад басейнаў рэк міжнароднага значэння. З гэтых басейнаў больш за 200 дзеляць паміж сабой больш чым дзве краіны, што павялічвае залежнасць ад змяненняў у попыце і даступнасці вады. Улічваючы абмежаваную даступнасць новых арашальных зямель, каб задаволіць сусветную патрэбу ў ежы, вельмі важна павысіць ураджайнасць.

Асаблівыя асцярогі выклікае Афрыка. Неабходна павялічыць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі, каб пазбегнуць дэфіцыту харчавання. У адрозненне ад Паўднёвай Азіі і Паўднёвай Амерыкі, дзе быў зафіксаваны рост вытворчасці на душу насельніцтва, Афрыка нядаўна вярнулася да паказчыкаў 1970-х. У многіх дзяржаў адсутнічаюць умовы для сельскай гаспадаркі, уключаючы неабходную інфраструктуру і транспартную сістэму для дастаўкі насення і ўгнаенняў з партоў углыб кантынента; ёсць сур'ёзныя праблемы з кіраваннем.

Пшаніца, хутчэй за ўсё, будзе і далей дэманстраваць высокую валацільнасць коштаў. Вялікая доля вытворчасці прыпадае на збожжавыя рэгіёны з дэфіцытам вады і кліматычнай рызыкай, такія як Кітай, Індыя, Пакістан і Аўстралія. У цэлым найбольш уразлівымі для інфляцыі цэн на прадукты харчавання будуць імпартазалежныя бедныя краіны, такія як Бангладэш, Егіпет, Джыбуці і Судан. Для іх першай лініяй абароны ў барацьбе з ростам цэн на прадукты харчавання будзе павелічэнне субсідый на базавыя прадукты харчавання. Кітай, Індыя і Расія таксама, верагодна, сутыкнуцца з праблемай павышэння цэн на прадукты, але яны здольныя пастаяць за сябе. Багатыя краіны таксама могуць купляць прадукты харчавання на міжнародных рынках.

2. Палягчаем жыццё

Сёння мы перажываем новы пераломны момант, і цяжка прадказаць у поўнай меры маштаб змяненняў, якія чакаюць нас, або іх наступствы. Мы не проста даследуем стварэнне, як гэта было ў часы Дарвіна, сёння мы можам змяніць саму прыроду чалавека. З іншага боку, як заўважыў Рэй Курцвейл, аўтар кнігі «Сінгулярнасць сапраўды блізка»: «Разумеючы інфармацыйны працэс, які ляжыць у аснове жыцця, мы пачынаем вучыцца перапраграмоўваць нашу біялогію, каб здолець на віртуальным узроўні пакласці канец хваробам, дамагчыся неверагоднага росту чалавечых магчымасцяў і прыкметнага падаўжэння працягласці жыцця». І справа не толькі ў тым, што біялагічныя навукі зрабілі крок на новы ўзровень. Гэтую тэхналагічную рэвалюцыю характарызуюць канвергенцыя і сінергія некалькіх маштабных тэхналогій — а менавіта нана-, бія-, ІТ, 3D-друку, штучнага інтэлекту, новых матэрыялаў і робататэхнікі.

Джэфры Сцібел, прэзідэнт кампаніі Braіngate, распрацоўшчыка тэхналогіі мазгавога камп'ютарнага інтэрфейсу, распавёў аб прагрэсе ў сферы аднаўлення страчанага зроку: «У вас будзе мазгавы імплант, злучаны з прыборам, падобным на сонечныя акуляры. Акуляры, уласна, і робяць тое, што мы робім, калі глядзім, толькі ў гэтым выпадку акуляры перадаюць інфармацыю праз камп'ютарны чып наўпрост у мозг, каб у чалавека з'явілася адчуванне, быццам ён сапраўды бачыць. Гэта працуе». На думку Сцібела, наперадзе яшчэ шмат працы па ўдасканаленні імплантаў, але мы ўжо на шляху да сусвету, дзе «розум вышэй за матэрыю».

Экзашкілет — яшчэ адно вынаходніцтва, якое пашырае нашы фізічныя магчымасці. Пры дапамозе сістэмы, якая прыводзіцца ў рух маторчыкам або гідраўлікай, чалавек можа пераносіць цяжкія грузы. З часам, калі тэхналогія вытворчасці акумулятараў пойдзе наперад, абмежаваная колькасць электраэнергіі перастане быць стрымліваючым фактарам. Як і мазгавыя імпланты, закліканыя пашыраць ментальныя магчымасці, экзашкілет значна пашырыць магчымасці фізічныя. Гэта дазволіць цывільным і ваенным працаваць больш эфектыўна і ў такіх месцах, якія раней былі недаступныя. Пажылым людзям будзе карысны экзашкілет, які дапаможа ім у простай дзейнасці (хада, пад'ём цяжараў).

Паспяховыя распрацоўкі ў галіне пратэзіравання, магчыма, будуць проста інтэграваныя ў чалавечае цела. Мазгавыя камп'ютарныя інтэрфейсы могуць даць звышчалавечыя магчымасці, павялічыць сілу і хуткасць, а таксама выконваць функцыі, раней чалавеку недаступныя. Таксама сістэмы дапоўненай рэальнасці — напрыклад, тыя, што павышаюць інтэлект ці паляпшаюць здольнасць бачыць у цемры, — могуць істотна пашырыць вашы разумовыя або фізічныя магчымасці і хуткасць, што дазволіць лепш спраўляцца з сітуацыямі ў рэальным жыцці.

theoryandpractіce.ru

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ежы — менш, робатаў — больш

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.