Вы тут

Індычку шкада...


З мужчынамі спрачацца бессэнсоўна. Гэта аксіёма жыцця. У сэнсе, куды нам да іх!.. Але са спадаром Фрыдрыхам, нават нягледзячы на яго анёльскае прозвішча — Энгельс, — я ўсё ж дазваляю сабе час ад часу не пагаджацца. Прынамсі, чалавека стварыла не праца. Чалавека стварыла ежа. Калі дакладней, то нават не ежа, а спосаб яе гатавання.


Калі чалавека (як, зноў жа, мужчына сцвярджаў) ствараюць акалічнасці, то акалічнасці паху і смаку тут далёка не апошнія. Але вось якая адметнасць адкрылася для мяне за вячэрняй гарбатай з чабару: мы ёсць не столькі тое, што мы спажываем, колькі тое, як апісваем працэс гатавання.

На маю асабістую думку, кулінарыя — мастацтва не менш цудадзейнае, жыватворнае і высокае, чым астатнія. Не нейкая ўтылітаршчына, а самы сапраўдны шлях спасціжэння ісціны і яе вытанчанае адлюстраванне. Болей за тое, абазнанасць у гэтым мастацтве аўтаматычна пазбаўляе чалавека неабходнасці дэманстраваць свой інтэлект як-небудзь яшчэ. Валодаючы майстэрствам гатавання, валодаеш нечым быццам бы няўлоўным. Але ж яно будзе абавязкова ўлоўлена і абавязкова адаб'ецца на ўяўнай шыльдачцы: «Чалавек разумны».

Атрымліваючы асалоду ад сузірання працэсаў кулінарнай творчасці, мужчынскай і жаночай (дзякуючы сапраўднаму буму кулінарных тэлеперадач), прыйшла я да адной сумнай высновы: мужчыны вельмі псуюць свой імідж лепшых кулінараў, калі выстаўляюць інтэлект напаказ (прынамсі, у кулінарных перадачах)... Затое цяпер можна праз гэтыя кулінарныя перадачы даведацца пра мужчыну, які гатуе, нашмат больш, чым калі б ён не гатаваў, а займаўся сваёй штодзёншчынай: спяваў, танцаваў, пісаў, гаварыў, кіраваў... Інакш кажучы, кулінарыя — гэта маркер, дэтэктар «розуму наадварот».

Калі, напрыклад, удзельнік рэйтынгавага інтэлектуальнага шоу, трапіўшы са студыі-рынга ў студыю-кухню, пачынае распавядаць пра дэнатурацыю бялку і клейстэрызацыю крухмалу, калі румяную скурку запечанай індычкі называе вынікам дэгідратацыі верхніх слаёў мускульнай тканкі і карамелізацыі вуглевадародаў, а непаўторны водар, які ідзе ад разрэзанага пірага, тлумачыць канцэнтрацыйнай дыфузіяй, то... Становіцца шкада прадуктаў. Мне шкада іх так, быццам індычка была ўзгадавана на маім прысядзібным участку, а варэнне для пірага варыла мая любая бабуля. Вы прыгледзьцеся да такіх кулінараў уважліва: гатуюць яны, склаўшы рукі за спінай, выключна намаганнямі калег — вядучых кулінарных праграм...

Асабіста мне — не смачна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.