Вы тут

Справа №1946. Суд гісторыі


15 студзеня 1946 года ў беларускай сталіцы пачаўся адкрыты судовы працэс над нямецка-фашысцкімі акупантамі, які потым назавуць «мінскім Нюрнбергам».

За пасяджэннямі ваеннага трыбунала, якія доўжыліся да 29 студзеня, назірала ці не ўся краіна. Каб папрысутнічаць на адкрытым судовым працэсе, грамадзяне адпрошваліся з працы, адкладвалі ўсе важныя справы... Перад трыбуналам паўсталі 18 генералаў і афіцэраў нямецкай арміі — непасрэдныя арганізатары і выканаўцы масавых злачынстваў на тэрыторыі акупаванай Беларусі. Калі суддзя вынес прыгавор, зала ўзарвалася апладысментамі... І амаль статысячная аўдыторыя патанула ў цішыні, калі прысуд быў выкананы. Смерць у беларусаў, у адрозненне ад гітлераўцаў, радасці не выклікала...


Кад­ры з хро­ні­кі па­ся­джэн­ня ва­ен­на­га тры­бу­на­ла.

Узнавіць рэзанансны судовы працэс паспрабавала прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі. 15 студзеня — роўна праз 70 гадоў пасля гістарычнай падзеі — на экран выйшла дакументальная кінастужка «Справа № 1946. Хроніка мінскага нюрнберга». Упершыню ў гісторыі былі агучаны вытрымкі з пратаколаў пасяджэння ваеннага трыбунала, паказана хроніка судовага працэсу і публічнага пакарання ваенных злачынцаў.

— Звяртаючыся да падзей 70-гадовай даўніны, мы хацелі выказаць вялікую ўдзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ўшанаваць памяць тых, хто да Перамогі не дайшоў, — расказвае выканаўчы прадзюсар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Генадзь САЛДАТАЎ. — Воінскія злачынствы не маюць тэрміну даўнасці. І вельмі важна ў сённяшні трывожны час яшчэ раз нагадаць: за воінскія злачынствы раней ці пазней прыйдзецца несці адказнасць.

Пад­час па­ся­джэн­ня ва­ен­на­га тры­бу­на­ла. На ла­ве пад­суд­ных — не­па­срэд­ныя ар­га­ні­за­та­ры і вы­ка­наў­цы ма­са­вых зла­чын­стваў на тэ­ры­то­рыі аку­па­ва­най Бе­ла­ру­сі.

Пасляваенныя судовыя працэсы адбыліся не толькі ў Мінску. Аналагічныя мерапрыемствы прайшлі ў Віцебску, Гомелі і Бабруйску. Але адзін з найбольш масавых і рэзанансных распачаўся 15 студзеня 1946 года ў Акруговым доме афіцэраў. На ўсіх пасяджэннях у зале прысутнічала каля тысячы чалавек. Многія не проста адпрасіліся з працы, а ўвогуле прыехалі ў сталіцу з іншых раёнаў і абласцей краіны. Асвятлялі працэс карэспандэнты цэнтральных газет Беларусі, ТАСС і замежныя журналісты.

Падсудныя абвінавачваліся ў забойстве мірных савецкіх грамадзян, зверскіх расправах і здзеках з ваеннапалонных чырвонаармейцаў, масавым забіранні грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства, у знішчэнні гарадоў і вёсак, рабаванні мясцовых жыхароў...

Адзін за адным гітлераўцы прызнаваліся ў сваіх злачынствах, часам у дэталях аднаўлялі жудасныя падзеі, спасылаючыся на тое, што выконвалі загад.

Відаць, да апошняга яны спадзяваліся на менш жорсткае пакаранне.

Мін­скі іпад­ром.  Зла­чын­цы ў чаканні вынясення прыгавору.

Але для іх гэта было б раўназначна памілаванню. Для генерал-лейтэнанта вермахта, камандзіра 286-й ахоўнай дывізіі Іагана Георга Рыхерта — па яго загадзе адна за адной успыхвалі беларускія вёскі, людзей вывозілі ў Германію, менавіта ён быў адным з арганізатараў лагера смерці ў Азарычах, выконваў даручэнне «ўціхамірваць партызанаў»... Для брыгадэфюрэра СС, начальніка паліцыі Беларусі Герфа Эбергарда — па яго распараджэнні ў канцлагерах нашай краіны, у тым ліку ў Трасцянцы, былі расстраляны тысячы мірных жыхароў і ваеннапалонных... Для унтэр-афіцэра Франца Геса, які прымаў удзел у расстрэле 30 тысяч мінчан і жыхароў Мінскай вобласці... Для Георга Мола, які асабіста зацвердзіў звыш дзвюх тысяч прысудаў, у тым ліку расстрэльных, адправіў на работы ў Германію каля 12 тысяч чалавек...

Выкрываючы «паслужны спіс» кожнага са злачынцаў, аўтары кінастужкі з дапамогай унікальных кадраў хронікі расказваюць пра найбуйнейшыя аперацыі гітлераўцаў супраць партызанаў і мірных жыхароў. Гэтым аперацыям дзеля канспірацыі давалі надзвычай паэтычныя назвы — «Зімовае чараўніцтва», «Цёплы вецер», «Асвячэнне храма»...

Толькі за паўтара месяца аперацыі «Зімовае чараўніцтва», якая ахапіла Асвейскі, Дрысенскі, Расонскі раёны Беларусі і расійскі Себежскі, фашысты спалілі 439 вёсак, знішчылі больш як 10 тысяч мірных грамадзян.

Маскіруючы свае злачынствы, гітлераўцы старанна замяталі сляды. Але і пра гэта стала вядома ваеннаму трыбуналу.

Мін­скі іпад­ром. Пры­суд вы­не­се­ны...

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны заўсёды выклікала ў мяне цікавасць, — прызнаецца аўтарка сцэнарыя Вольга АЛІПАВА. — І, напэўна, воляй лёсу мне давялося нямала папрацаваць над ёй спачатку на радыё, а цяпер на тэлебачанні. Тэма вайны блізкая мне яшчэ і таму, што ў маёй сям'і шмат вайскоўцаў. Гэта вельмі захапляльна — шукаць невядомыя і малавядомыя факты, выходзіць на сведак і ўдзельнікаў пэўных гістарычных падзей. Падчас працы над кінастужкай «Справа № 1946. Хроніка мінскага нюрнберга» надзвычай складана было знайсці тых, хто назіраў за пакараннем злачынцаў. Многія мінчане, якія перажылі акупацыю, дзеці вайны і франтавікі, якія пачалі вяртацца ў горад, пра такі факт ведалі, але без падрабязнасцяў. Звесткі збіралі літаральна па крупінках. І ўсё ж такі адшукалі сведку. Ветэран вайны Міхаіл Ільіч Цэйцін расказаў, як рэагавалі людзі на пакаранне злачынцаў, як паводзілі сябе падсудныя ў апошнія хвіліны свайго жыцця... Гэтая інфармацыя дарагога каштуе.

Справядлівасць перамагла: 14 з 18 асуджаных прыгаварылі да смяротнага пакарання.

Нягледзячы на моцны мароз, 30 студзеня 1946 года на мінскім іпадроме сабралася каля ста тысяч чалавек. Шыбеніцы былі ўстаноўлены на беразе Свіслачы.

Прыйшло шмат моладзі, дзяцей — многіх бацькі спецыяльна прывялі сюды, каб малыя ведалі, хто вінаваты ў смерці іх таты, сваяка, суседа... Франтавікі, наадварот, на іпадром ісці не імкнуліся: наглядзеліся за вайну і не такога.

У 14.30 усе чатырнаццаць грузавых машын, на якіх стаялі асуджаныя, адначасова завялі матор і пачалі рух... Злачынцы былі пакараны. Гледачы замерлі ў маўчанні. Да акупацыі ў ХХ стагоддзі ў Мінску публічных пакаранняў не было.

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фотаздымкі прадастаўлены тэлекампаніяй «Мір»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.