Вы тут

На свае вочы


Ці прыедзе да нас цудоўная францужанка Фані Ардан і як можа адбыцца майстар-клас трыумфатара Канаў Брыянтэ Мендосы? Ды ўжо што гадаць: засталося нядоўга чакаць, калі інтрыга раскрыецца, — фестываль пачынаецца 6 лістапада.

лого_листапад-2015

Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» абвясціў праграму ўсіх сваіх конкурсаў, пазаконкурсных паказаў, майстар-класаў, сустрэч і іншых прыемнасцяў. Так і павінна быць — не сумняваюцца арганізатары і спадзяюцца зрабіць сёлетні «Лістапад» «асалодай для вачэй». Кожны з кінагурманаў зможа выбраць для сябе найбольш цікавую праграму: ігравога кіно ці дакументальнага. Акрамя таго, ёсць праграма дзіцячая і рэтраспектывы.

Мінская фестывальная кінаасалода даволі даступная, за што дзякуй партнёрам фестывалю і дзяржаве: на 60 працэнтаў фінансаванне забяспечвае дзяржбюджэт. Дзяржаўны інтарэс у тым, што Мінскі кінафестываль ўзнімае свой статус, адпаведна стварае гонар краіне: сёлета сярод удзельнікаў стужкі з 60 краін, усяго будуць паказаны 184 фільмы, сярод якіх ёсць такія, што ўжо адзначаныя ўвагай (славай, інтрыгай) у свеце. Дэбютуюць сёлета сярод удзельнікаў фестывалю ў Мінску В'етнам і Куба — у асноўным конкурсе, дзе паказваецца кіно з краін былога сацлагера, і тых, якія дагэтуль існуюць у кантэксце той культуры. Усяго адабрана ў праграму 11 карцін, якія павінна ацаніць журы на чале з расійскім рэжысёрам Вадзімам Абдрашытавым. Але беларускія фільмы шукаем у іншым, спецыяльным конкурсе нацыянальнага кіно, дзе сёлета прадстаўлены працы ў асноўным незалежных студый. Таму асабліва цікава: хто ў нас задае тон і дзе будучыня беларускага кіно? Таму што глядач для гэтай будучыні ў нас ёсць.

— Наш глядач падрыхтаваны да паказу фестывальнага кіно, — сцвярджае Васіль Коктыш, генеральны дырэктар «Кінавідэапраката» Мінгарвыканкама. — Арыентуемся на тых гледачоў, якія ходзяць у кіно, цікавяцца сучасным развіццём кінематографа, таму мы іх не проста паважаем, але любім.

Любоў да гледача выяўляецца і праз кошты на квіткі. На цырымонію адкрыцця, якая пройдзе ў кінатэатры «Масква», можна трапіць за 80 тысяч рублёў. Таксама як і на закрыццё. Кінатэатр «Масква» становіцца асноўнай фестывальнай пляцоўкай, але паглядзець фільмы фестывальных праграм можна будзе ў «Цэнтральным», «Міры», «Перамозе», «Піянеры». У залежнасці ад кінатэатра, сеанса і нават дня тыдня вызначаецца кошт: ад 15 (на ранішнія і дзённыя сеансы) да 50 тысяч (вечар выхаднога). На конкурсныя паказы «Лістападзіка» можна будзе трапіць за 20 тысяч, а на дзіцячыя сеансы — за 11 500 рублёў. Але тут трэба мець на ўвазе, што сёлета праграма «Лістападзіка» складзена так, што фактычна ўсе фільмы прадстаўляюць сямейнае кіно, якое будзе цікава і бацькам. Пачнецца з адкрыцця — аўстралійскай карцінай «Дзівак» (рэж. Сцюарт МакДональд), заснаванай на рэальных падзеях. У гэтым конкурсе ўдзельнічае і стужка «Неверагоднае перамяшчэнне» (рэж. А. Анісімаў) ад «Беларусьфільма».

Дзе яшчэ будуць беларускія фільмы? Правільна, у дакументалістыцы. Яна мае дзве вялікія конкурсныя праграмы: асноўную і нацыянальных кінашкол. І трэба мець на ўвазе, што тут за нас, хоць і не наўпрост, але гуляе ўкраінскі майстар Сяргей Лазніца са сваім фільмам «Падзея». Падзея ў тым, што гэты фільм можна паглядзець у Беларусі. Як і ў тым, што Лазніца, які нарадзіўся на нашай зямлі, якога мы ведаем па ігравых фільмах (прадстаўленых у тым ліку і ў Канах), цяпер адкрываецца нам як кінадакументаліст — з гэтага ён пачынаў як рэжысёр.

Кіно як пачатак творчасці для кагосьці — гэта праграма «Маладосць на маршы», яна складзена з 12 фільмаў. На думку праграмнага дырэктара Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапада» Ігара Сукманава, цудоўная сама магчымасць глядзець у Мінску фільмы маладых рэжысёраў, якія толькі выходзяць у вялікае кіно, але ўжо адзначаны на міжнародных фестывалях. Фактычна мы можам бачыць будучыню сусветнага кіно.

Але і мінулае: таму што запланавана рэтраспектыва японскага кіно. І асаблівы рэверанс у бок Францыі: радзіму кіно адкрываем разам з «Лістападам» фільмам Гіёма Ніклу «Даліна кахання». Кахання па-французску варта шукаць у начных паказах (ёсць такія), напрыклад магчымасць паглядзець у Мінску фільм Гаспара Наэ «Каханне 3D». Наогул для кінаманаў складзена асобная праграма. Але стаць кінаманамі ці палюбіць кіно можа кожны, хто паспрабуе зразумець: дзеля чаго ствараюць сучасныя майстры? Што ім цікава ў жыцці? Адказы — праз увесь фестываль і пад заслону: «Найноўшы запавет» Жако Ван Дармэля. Кіно — дзеля людзей.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.