Вы тут

Часовы прытулак для ката


Пра тое, як пара дзён можа выратаваць жывёлу і чалавека.

«Шкада кацяняці» — выраз, на якім заканчваюцца добрыя справы, так і не паспеўшы пачацца. На словах усе неабыякавыя. Але ж прасцей сядзець і плакаць, гартаючы ў сеціве фота бяздомных катоў і сабак, і бедаваць, што нічым не можаш ім дапамагчы (ці — верх клапатлівасці — падкінуць каробку са шчаняткамі добрым суседзям). Так, забраць жывёлу з вуліцы да сябе назаўжды складана. Але можна ўзяць яе на ператрымку і паспрабаваць знайсці новых гаспадароў. Валанцёры, якія даюць бяздомным гадаванцам часовы прытулак у сваіх кватэрах, расказваюць, навошта складаць дагаворы на жывёл, каго ўладкаваць складаней і чаму стэрылізацыя — гэта не дзікунства.

[caption id="attachment_103143" align="alignnone" width="600"]30-33 Яна ЦІ­ТО­ВА са сва­і­мі па­да­печ­ны­мі.[/caption]

«Большасць любіць пародзістых жывёл»

Яна Цітова — валанцёрка з шасцігадовым стажам. Колькі катоў і сабак за гэты час удалося ўладкаваць, дзяўчына ўжо і падлічыць не можа. Толькі за гэтае лета Яна знайшла дом для 17 кацянят! Некаторым жывёлам шанцуе пераехаць на пастаяннае месца жыхарства за мяжу — у Іспанію, Галандыю, Германію. Чаму замежнікі гатовы прымаць беларускіх чатырохлапых? Валанцёрка думае, што адна з прычын, як ні дзіўна, — беспароднасць нашых катоў і сабак. Для Еўропы, дзе большасць свойскіх жывёл «чыстакроўныя», гэта ў нейкай ступені экзотыка. Дый гадаванцы, падабраныя на вуліцы, звычайна больш прывязваюцца да новага гаспадара, бо ўдзячны за выратаванне. Магчыма, таму нашы жывёлы здаюцца еўрапейцам іншымі.

А пачалося ўсё на другім курсе. Яна тады вучылася ў Мінску і гуляла ў КВЗ за прыезджую каманду. Для адной з мініяцюр быў патрэбен кот. Хлопцы ўзялі таго, што жыў у іх двары, і на час гульні, пакуль здымалі кватэру, пакінулі яго ў сябе. А пасля ўжо шкада было адпраўляць жывёлу на вуліцу. Дзяўчына забрала яго ў інтэрнат. Пранесла ў сумцы. На паўгода кот стаў любімцам усяго інтэрната, пакуль адна са студэнтак не выдала сакрэт адміністрацыі. Прыйшлося шукаць гадаванцу пастаянны дом. І, аказалася, гэта магчыма.

— Мы ўладкоўваем жывёл па дагаворы, каб гаспадары разумелі, якую адказнасць нясуць, — расказвае Яна. — У канцы дакумента ставіцца пячатка арганізацыі, чыім форумам карыстаецца валанцёр. Ёсць у дагаворы такі пункт, як далейшы кантроль жыцця гадаванца. Мы правяраем, ці стэрылізаваны той кот ці сабака, ці рабілі яму прышчэпкі, у якіх умовах ён увогуле жыве. Там прапісана таксама, што калі нешта не задавальняе, то жывёлу забіраем назад. Многія сталі нахабнічаць. Мы не супраць забраць, але калі людзі хочуць проста пагуляць з сабакам і нават не займаюцца ім... Аднойчы ледзь адратавалі шчаня.

«Сваіх» у дзяўчыны — два сабакі і два каты. І яшчэ тры жывёлы на ператрымцы. Кажа, што, калі бачыць бяздомнага гадаванца, то ўжо прыблізна разумее, колькі часу пойдзе на яго ўладкаванне:

— У тых, хто доўга займаецца валанцёрствам, ёсць такое слова ў слэнгу — «вісякі». Гэта дарослыя каты і сабакі, дварнякі. Яны ў самым лепшым выпадку паўгода будуць шукаць дом. Часам валанцёры проста пакідаюць такіх жывёл у сябе. У знаёмых быў сабака на ператрымцы з дэмадэкозам (пашкоджанне скуры мікраскапічным кляшчом, захворванне лечыцца вельмі доўга), амаль увесь лысы, з чырвонай скурай. Цяпер, калі даслалі фота, яго ніхто не пазнаў — шыкоўны сабака! Самыя цяжкія — гэта калясачнікі — жывёлы з траўмамі канечнасцяў. У будучых гаспадароў павінны быць асаблівыя ўмовы і рытм жыцця, бо такая жывёла цалкам залежыць ад чалавека. Трэба пастаянна мяняць памперсы, павязкі на лапах. Мінімум гадзіна-паўтары на дзень толькі на гэтыя працэдуры.

Бываюць і выключэнні. Неперспектыўныя, здавалася б, па афарбоўцы жывёлы часам уладкоўваюцца самымі першымі. Але большасць усё ж любіць пародзістых. Шчанят і кацянят разбіраюць хутчэй. Хоць, здавалася б, з дарослым гадаванцам прасцей: ён патрабуе менш часу, выхаваны і прывучаны да выгулу.

Хапае і такіх людзей, прызнаецца Яна, хто пад маскай валанцёра спрабуе зарабляць на жывёлах. Бяруць чужыя фота бяздомных сабак і катоў і збіраюць грошы, быццам на корм і лекі для іх. Ці прапаноўваюць паслугі ператрымкі пародзістых жывёл, якіх потым прадаюць. «Людзі, якія хочуць дапамагчы ўпершыню, часам сутыкаюцца з падобным. Складана з гэтым змагацца. Таму, каб усё было празрыста, валанцёр вядзе фінансавую справаздачу: выкладвае чэкі. Асобныя арганізацыі замацоўваюць за пачаткоўцам паручыцеля, які будзе несці за яго адказнасць», — кажа Яна.

Абавязкі ў валанцёраў розныя. Куратары цалкам адсочваюць лёс жывёлы, піяршчыкі змяшчаюць інфармацыю пра знойдзеных гадаванцаў у розных інтэрнэт-суполках.

— Ёсць тыя, хто бярэ толькі на ператрымку, — працягвае Яна. — Некаторыя просяць грошы за тое, што ў іх знаходзіцца твой кот ці сабака. Сярэдні кошт за суткі — 50 тысяч рублёў. Іншыя ўзяць жывёлу да сябе не могуць, але гатовы набываць для яе лекі і ежу. Гэта таксама патрэбна. Усё толькі на плячах добраахвотнікаў, і калі адштурхоўваць тых, хто гатовы дапамагаць толькі кормам ці грашыма, то будзе зусім цяжка.

«Валанцёры расплачваюцца за чужую безадказнасць»

Калі мая сяброўка Паліна Кузьміцкая пачала браць бяздомных катоў і сабак на ператрымку, я была здзіўлена. Бо ведала, што ў яе моцная алергія. Чаму Паліна адважылася на гэта? Проста аднойчы не змагла прайсці міма.

— Тры гады таму я ўзімку вярталася з паліклінікі, — узгадвае дзяўчына, — і ўбачыла, як шчаня спрабуе злавіць голуба. Гэта было вельмі пацешна. Я пачала смяяцца, сабака звярнуў на мяне ўвагу, падбег і зазірнуў у вочы. Зайшоў са мной разам у трамвай, потым перасеў на аўтобус. Побач было свабоднае месца. Ён залез, паклаў галаву мне на калені і заснуў. А потым крочыў за мной да самага дома. Калі я зайшла ў кватэру, выглянула ў акно: сабака, скруціўшыся, ляжаў на лёдзе пад пад'ездам. І тут я зразумела, што прапала. Забрала шчаня да сябе. Тады мне здавалася, што ўладкаваць яго нерэальна. Для большасці ён — звычайны дварняк. Але літаральна за тыдзень знайшлі новага гаспадара. Па сабаку прыехала медсястра з Гомеля, якая на той момант рабіла рамонт у кватэры і адна выхоўвала 16-гадовую дачку... Ведаеш, забіраюць жывёл не тыя, у каго ёсць для гэтага ўсе ўмовы, а тыя, хто не можа не забраць.

Цяпер Паліна шукае дом для кацянят, якіх ёй на лецішча падкінулі суседзі: «Валанцёры, як мне здаецца, вымушаны расплачвацца за чужую безадказнасць. Калі б кожны гаспадар ці чалавек, які бачыць бяздомную жывёлу на вуліцы, зрабіў тое, што ад яго залежыць, у валанцёраў было б значна менш працы. Што хацелася б? Каб людзі чаплялі гадаванцам медальёны са сваімі кантактамі, не адпускалі сабак і катоў на самавыгул. Стэрылізавалі жывёл. Вельмі часта можна пачуць: «прырода сама паклапоціцца», «мне шкада майго коціка», «дзікунства якое». Дзікунства — у ХХІ стагоддзі ігнараваць відавочныя рэчы!»

Калі ўжо бярэш жывёлу з вуліцы, лічыць Паліна, то трэба як след паклапаціцца пра яе здароўе. Адразу адвесці гадаванца да ветэрынара, нават калі знешне ён выглядае нармальна. Папрасіць у ветлячэбніцы, каб у таго ката ці сабакі ўзялі аналіз крыві, змералі тэмпературу, праверылі, ці няма паразітаў, прасвяцілі лямпай на наяўнасць мікраспарыі (лішаю). «Жывёла на ператрымцы — гэта сапраўды дорага, не буду ўтойваць, — прызнаецца дзяўчына. — За элементарнае абследаванне сабакі я аддала неяк каля 900 тысяч рублёў».

— Часам можна пачуць, што катам і сабакам самае месца на вуліцы. Маўляў, яны ж некалі жылі ў дзікай прыродзе.

— Гэты стэрэатып вельмі зручны, каб апраўдваць сваю слабасць. І я часам таксама любіла да яго звяртацца. На жаль, такія сітуацыі нічым добрым не заканчваюцца. Каты і сабакі — жывёлы-кампаньёны. У іх павінен быць гаспадар, які пра іх клапоціцца. Нават калі гадаванец здаецца абсалютна сацыяльна не адаптаваным, літаральна праз тыдзень жыцця з чалавекам ён кардынальна мяняецца.

На думку валанцёркі, істотна палепшыць сітуацыю з бяздомнымі жывёламі магла б пэўная прававая база:

— Неабходны прытулкі, абавязковае чыпаванне катоў і сабак. Апошняе дапамагло б вызначаць гаспадара і, калі той не хоча клапаціцца пра свайго гадаванца, абавязваць яго выплачваць «аліменты». Хацелася б больш рэкламы, каб людзі бралі жывёл з вуліцы, а не ў заводчыкаў.

— Дзяржаўны прытулак — гэта добра. Але на яго ўтрыманне давядзецца накіроўваць частку падаткаў. Думаеш, нашы людзі пагодзяцца?

— Напэўна, большасць адмовіцца. Дастаткова пачытаць каментарыі пад матэрыяламі пра дапамогу жывёлам. «Лепш бы дзецям грошы перавялі», «Негрыцяняты ў Афрыцы галадаюць»... Такое адчуванне, што гэтыя ананімы самі толькі што накармілі тузін галодных і прыйшлі асудзіць нас. А яшчэ любяць кідацца словамі «ўсім не дапаможаш». Дык што атрымліваецца, дапамагаць не трэба зусім? Я кіруюся іншым выразам: «Ад выратавання аднаго сабакі ты не зменіш увесь свет, але зменіш жыццё гэтага сабакі». Вырашайце праблему на ўзроўні свайго двара.

Пасляслоўе аўтара

Праблема бяздомных жывёл — гэта, у першую чаргу, пытанне безадказнасці гаспадароў. Забыўся, не падумаў. У Еўропе даўно даказалі, што стэрылізацыя гадаванцаў значна зніжае колькасць бадзяжных катоў і сабак. У нас жа, калі кошка чарговы раз нараджае пяцярню, малых вырашаюць пакінуць на вуліцы. Для роздуму: Сусветнае таварыства абароны жывёл лічыць, што ўсыпіць гадаванца больш гуманна, чым аддаваць на волю лёсу (чытайце — раннюю і жорсткую смерць). Гатовы да такой адказнасці?

Але забудземся на лірыку. Праблема ж не толькі ў пакутах сумлення. Калі здзічэлыя сабакі пачынаюць нападаць на людзей, разумееш, чым небяспечна пазіцыя кшталту «мне ўсё роўна, што будзе з гэтымі бяздомнымі шчанюкамі». Знаёмы расказваў, як гадоў пятнаццаць таму ў райцэнтры, дзе жыве яго бабуля, зграі сабак патрулявалі горад. Чуткі пра тое, што кагосьці загрызлі да смерці, магчыма, перабольшвалі сітуацыю, але не былі прыдумкамі. Майго знаёмага таксама неяк «перанялі». Уратавала, што хлопец паспеў дайсці да мяжы, дзе заканчвалася падкантрольная тэрыторыя адной зграі, а іншыя сабакі былі яшчэ далёка. Пашанцавала.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.