Столькі дзятвы ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы збіраецца аднойчы ў год — кожны раз у святочныя дні Раства Хрыстова. З розных гарадоў і вёсак Беларусі, Расіі, Украіны сёлета прыехалі сюды 450 дзяўчынак і хлопчыкаў.
Арганізатарамі мерапрыемства па традыцыі сталі грамадскае аб'яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Рэспублікі Беларусь, Епархіальнае ўпраўленне Беларускай Праваслаўнай Царквы. Мэтай праекта, як і раней, стала духоўная, сацыяльная і творчая падтрымка дзяцей і падлеткаў, якія пражываюць у аддаленых і пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы раёнах Беларусі. У галоўным беларускім праваслаўным храме дзяцей чакала сустрэча з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам.
Гэта сустрэча адбылася згодна з 21-й праграмай «Ёлка Раства — нашы дзеці». Уладыка Павел памаліўся за маленькіх гасцей і блаславіў іх. У храме прагучалі спевы ў выкананні дзіцячага хору сабора, студэнткі Белдзяржкансерваторыі, удзельніцы шматлікіх дабрачынных праектаў БРСМ Ангеліны Можар, лаўрэата фестывалю «Моладзь — за Саюзную дзяржаву» Анастасіі Купрыянцавай.
У гонар 21-й сустрэчы на святочным караваі была запалена дваццаць адна свечка. Дзеці выканалі песні і музычныя творы, прысвечаныя светламу святу, расказалі пра сваё жыццё, вучобу. Патрыяршы экзарх, у сваю чаргу, перадаў усім салодкія пачастункі.
Для грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» сёлетняя «Ёлка Раства» стала асабліва значнай. За значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі днямі ён быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».
Яўген Пясецкі. Фота аўтара.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?