Вы тут

У госці да Коласавых землякоў


Праект «Наперад у мінулае» зноў запрашае вас на чарговыя спатканні па нядзелях. Хочаце пачуць непаўторныя народныя песні? Даведацца, якімі традыцыямі жыве беларуская вёска? Тады не прапусціце новыя выпускі праграмы ў эфіры «Беларусь 3». 19 кастрычніка ў гледачоў будзе шанц пазнаёміцца з народным фальклорным калектывам «Коласавы землякі», пабываўшы ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна. А 26 кастрычніка адбудзецца фальклорная экспедыцыя ў вёску Дзятлавічы, дзе пачуеце і пабачыце фальклорны гурт «Вытокі».

Стаўбцоўшчына — цікавы рэгіён, які размяшчаецца на мяжы трох гісторыка-культурных рэгіёнаў — Цэнтральнай Беларусі, Панямоння і Палесся. Гэта суцэльна лясная зона. Тут паселішчы размяшчаліся толькі па берагах рэк. І сустракаюцца як малыя вёскі ў некалькі двароў, так і вялікія, што, безумоўна, паўплывала і на песенную культуру гэтага рэгіёна. І сёння на Стаўбцоўшчыне можна сустрэць і старажытныя песенныя жанры — каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песні, і больш нядаўнія спевы абрадавага цыкла. І нават цэлымі «звязкамі» — цікавыя прыпеўкі. Гэта раён Налібоцкай пушчы, раён вялікіх рэк, дзе сустракаюцца некалькі плыняў розных культурных пластоў беларускай традыцыйнай культуры. Раён мяжуе з Гродзеншчынай, і гэта таксама ўплывае на традыцыйную культуру мясцовасці, і ў мове гэтага раёна вельмі шмат акання, што не можа не адбіцца на стылі, — адзначае этнограф Сяргей ВЫСКВАРКА. — Паэтычна-вобразная мова строф песень таксама своеасаблівая. Яны даволі кароткія і вельмі чуллівыя. Стаўбцоўшчына — радзіма Якуба Коласа. І ў яго вершах таксама адбіваліся тыя строфы, якія гучалі ў народнай традыцыйнай культуры. Гэтую культуру трэба захоўваць у яе першасным выглядзе. Каб наступныя пакаленні маглі бачыць яе такой жа, якой можам бачыць і чуць мы сёння.

Аказаўшыся ў філіяле літаратурнага музея Я. Коласа «Смольня», дзе ў 1912 годзе адбылася першая сустрэча беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, зможаце пачуць любімую песню маці Коласа ў выкананні народнага фальклорнага калектыву «Коласавы землякі», даведацца пра традыцыі і песенную спадчыну гэтага рэгіёна. А ў выніку пачуеце арыгінальную версію адной з аўтэнтычных песень. Яе будзе выбіраць Вольга Плотнікава. Таму не забудзьце ўключыць тэлеканал «Беларусь 3» 19 кастрычніка ў 11.10 альбо паглядзець паўтор праграмы 23 кастрычніка ў 15.30.

А ў нядзелю 26 кастрычніка ў той жа час праект «Наперад у мінулае» зноў завітае на Палессе. І гледачы змогуць пабачыць і пачуць не толькі песні і танцы ў выкананні фальклорнага гурта «Вытокі», але і даведацца пра мясцовыя адметнасці ў абрадах, традыцыях. І, як заўсёды, пачуць, якой атрымаецца адна з народных песень у сучаснай апрацоўцы і ў выкананні гасцей праграмы — дуэта Лесі Кодуш і Вячаслава Нагорнага. А 30 кастрычніка ў 15.30 «Беларусь 3» пакажа вандроўку ў Дзятлавічы ў паўторным выпуску праграмы.

 

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.