Вы тут

Майстар-клас па калыханках


Каткі, галубы і пеўні. Сон, Дрымота і Бай. «Спяць машыны ў гаражы...» і «Простыя словы...». Пра аўтэнтычную, пяшчотную, амаль медытатыўную, але, на жаль, пад забытую беларускую народную калыханку можна даведацца падчас майстар-класа ў Мінску.

Неардынарныя заняткі распачаліся зусім нядаўна — у жніўні гэта года. Нельга сказаць, што яны вызвалі бум і займелі шматтысячную аўдыторыю. Не. Але хутка адшукалі сваіх верных прыхільнікаў, удзельнікаў і аматараў.

2-36

Ідэя стварэння для Сержука Доўгушава і Ірыны Мазюк аказалася вельмі лагічнай. Сяржук — лідар гурта «Вурай», вядомага народнымі песнямі. Ірына — этнограф, фалькларыст, выкладчыца, ужо 2 дзесяцігоддзі вандруе па Беларусі і збірае народныя спевы, у тым ліку і калыханкі.

— Яшчэ і сёння ў некаторых вёсачках можна знайсці бабулю, якая заспявае так, як гэта рабілі колькі соцень гадоў таму. Мы маем вялікую магчымасць павучыцца гэтаму мастацтву непасрэдна з голасу аўтэнтычных спевакоў, — адзначае Ірына Мазюк.

Правобразам песні-калыханкі калісьці была замова. Пазней з'явіліся пацешкі, забаўлянкі і калыханкі. Першыя дзве — каб гуляцца з дзіцем, з ручкамі («ладу-ладу ладкі») ці ножкамі («куе-куе ножку»), апошняя — каб супакоіць, залюляць дзіця.

Традыцыйныя героі беларускіх калыханак — галубок, пеўнік, а самы папулярны — каток. Яшчэ часта кажуць: «Будзем спяваць катка». Таксама ў лагодных спевах бытуюць і міфалагічныя істоты: Сон, Дрымота і Бай.

Дарэчы, у беларускай традыцыі амаль не існуе калыханак з ваўчком. Гэта выключна расійскае вынаходніцтва. Калі ў беларускай песні сустракаецца гэты драпежны герой, заўважаюць фалькларысты, значыць, калыханка не наша, а завітала ад рускамоўнага суседа.

...Заняткі па спевах беларускіх народных калыханак адбываюцца ў цэнтры Мінска і цягнуцца 3 дні па некалькі гадзін у кожны. Ёсць вячэрнія і дзённыя групы. Курс распачынаецца, як толькі будзе сфарміравана група — ад 6 да 8 чалавек.

Пасля знаёмства ўдзельнікаў вучаць спачатку правільна дыхаць, і толькі пасля — спяваць. Найперш спевакам даюцца простыя калыханкі, а ўжо на другі і трэці дзень курса — больш складаныя для выканання песні.

На кожным тэксце пазначана, з якой мясцовасці ці вёскі ён узяты (па ўсёй Беларусі). Выкладчыкі Ірына ці Сяржук тлумачаць асаблівасці выхавання дзіцяці ў беларускай традыцыі і адказваюць на пытанні сваіх вучняў.

Часцей за ўсё на заняткі запісваюцца матулі, сённяшнія ці будучыя. Радзей — сямейныя пары. Хаця абмежаванняў насамрэч няма. Кожны можа авалодаць нескладанай тэхнікай спеву.

Праўда, удзел у навучанні не бясплатны: кошт за 3 дні — 400 тысяч рублёў.

— Каб штосьці атрымаць, чалавек павінен штосьці аддаць, — тлумачыць Сяржук. — Інакш гэта не мае сэнсу. Каму цікава, той і грошай не пашкадуе. Для тых, хто жадае бясплатна паспрабаваць спяваць, у кастрычніку будзе ладзіцца спеўны сход па дзіцячым фальклоры і калыханцы. Мы штомесяц робім гэтыя масавыя майстар-класы па выкананні народных песень, каб прасоўваць беларускую культуру ў масы. Але выкладаць будзе ўжо іншы, не менш таленавіты выкладчык — Ларыса Рыжкова.

У планах на будучыню ў Сержука і Ірыны ёсць ідэя выдаць дыск з калыханкамі. А таксама зрабіць дадатковы спеўны курс, на ўзровень вышэй — для тых, хто ўжо засвоіў базавы.

Сваімі ўражаннямі ад заняткаў дзеліцца адна з удзельніц курса, па першай адукацыі педагог Мар'яна Забродская:

— Я бачу, што многія сучасныя бацькі вяртаюцца да сваіх каранёў. І жадаюць гэтага ж і для сваіх дзетак. Гэты курс — адно з удалых выйсцяў са становішча. Відавочна, што душа маладых бацькоў прагне аднавіць занядбаную традыцыю, імкнецца да чагосьці чыстага і светлага.

«Тое, што было даўно, тое, што мне калісьці спявала бабуля — калыханкі і забаўлянкі, — цяпер з гэтымі бабулямі і сыходзіць, — адзначае Мар'яна. — Сучасныя дзеці гэтага не ведаюць. І я». Так і атрымліваецца: бабулі, асабліва ў гарадах, паступова адышлі ад спеваў народных калыханак, а ў каго было вучыцца спевам іх дзецям? Традыцыя абрываецца і не даходзіць да сучаснага пакалення. Але штосьці спрадвечнае перамагае і знаходзіць водгук і ў сучаснікаў:

— Для сябе я зразумела: галоўнае ў калыханках — гэта своеасаблівая медытацыя, унутраны спакой, які трэба перадаць дзіцяці. А потым ужо ідуць родныя мелодыі і родныя словы, — прызнаецца Ганна Семеннік, адна з удзельніц курса.

Дарэчы, шмат матуль на заняткі прыходзіць з маленькімі дзецьмі, і некаторыя з іх неўзабаве засынаюць пад канец спеваў.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.