Вы тут

«Бочка смеху» і сумны Шэкспір


Сёлетні фестываль «Белая вежа»ў Брэсце адкрыецца карнавалам

Восень для Брэста — гэта пара тэатралаў. 12 верасня 19‑ы раз узніме заслону міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа». У апошнія гады з'явілася традыцыя — прысвячаць фэст якой-небудзь тэме. Гэтым разам, паводле задумкі аўтараў, тэатральны форум павінен быў стаць прысвячэннем Шэкспіру. Не склалася. З‑за грошай. Як усё ў свеце ўзаемазвязана: фінансавы крызіс, плацежаздольнасць грамадзян, галін мастацтва, дзяржаў, і ў выніку — немагчымасць таго ці іншага тэатра дазволіць сабе лішні выезд на гастролі. (Вось вам і тэма для новай тэатральнай пастаноўкі…)

12-3

Адгалоскі крызісу

Аляксандр Казак, нязменны арганізатар фестывалю, дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, мысліць катэгорыямі канкрэтнымі. Калі кошт спектакля дасягае 50 тысяч еўра і больш, запрасіць яго да ўдзелу ў нашым фестывалі складана. Таму ад некаторых шэкспіраўскіх спектакляў з вялікім шкадаваннем давялося адмовіцца.

І не толькі ад шэкспіраўскіх. Заявак, як заўсёды, было нашмат больш, чым змяшчае сёлетняя праграма фестывалю. Але тэатрам усё цяжэй выязджаць. А гаспадары фэсту таксама павінны часткова пакрываць расходы гасцей: на дарогу, пражыванне і сам спектакль. І сёння нават некаторыя беларускія тэатры не могуць прыехаць за свой кошт у Брэст — прымаючы бок мусіць плаціць і за іх. Застаецца толькі зайздросціць самім сабе, успамінаючы, як дзясятак гадоў таму аб гэтых пытаннях амаль не думалі, а на брэсцкую сцэну выходзілі праслаўленыя ў свеце калектывы.

Але ж і сённяшні фестываль нельга назваць «бедным сваяком» папярэднікаў. На «Белай вежы» гэтым разам чакаюць 24 творчыя калектывы з 13 краін свету. Варта зазначыць, што ў афішы фэсту ўсё ж аказаліся тры пастаноўкі па матывах Вільяма Шэкспіра. Гэта «Бегчы з Эльсінора, або Гамлет навыварат» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, «Кароль Джон» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Габрыэла Сундукяна з Арменіі і «Зімовая казка» Дзяржаўнага прафесійнага тэатра юнага гледача імя Надара Думбадзэ з Грузіі.

Спектакль Някрошуса —падзея «Вежы»

Цікава, але амаль за два дзясяцігоддзі фестывальнай гісторыі ў нас не было тэатра з Казахстана. Цяпер будзе. Тэатр з Алматы вязе ў Брэст гістарычную драму «Султан Бейрас». І, несумненна, падзеяй гэтага фэсту становіцца прыезд тэатра Meno Fortas з Вільнюса, якім кіруе вядомы рэжысёр Эймунтас Някрошус.

Аказалася, што гэты калектыў спрабавалі запрасіць на «Вежу» ўжо некалькі гадоў запар. Ды паездкі вільнюскіх калег распісаны на некалькі гадоў наперад. І вось нарэшце брастаўчанам удалося ўклініцца ў напружаны графік сусветна вядомага тэатра і яго рэжысёра. Тым больш прыемна, што вільнюсцы вязуць да нас прэм'еру. Спектакль «Кніга Іова» — тэатральная падзея мінулага сезона. Ён быў паказаны ўпершыню ў найстарэйшым крытым тэатры Еўропы «Алімпіка», які знаходзіцца ў італьянскім горадзе Вічэнца. Потым пастаноўка прайшла некалькі разоў у Літве і болей нідзе. І арганізатары брэсцкага фэсту ганарацца, што ў гэтым сэнсе апярэдзілі нават Маскву. Заслужана ганарацца.

«Сны Кабзара» і іншыя вулічныя дзеі

Адной з фішак «Белай вежы» даўно сталі вулічныя спектаклі. Калі нехта не можа дазволіць сабе набыць білет на фестывальны спектакль, то дакрануцца да высокага мастацтва можна і бясплатна, на вуліцы. Тым больш што на галоўнай плошчы горада не раз выступалі вядомыя тэатры. Вось і сёлета на плошчу Леніна выйдзе, можна сказаць, даўні сябар фестывалю — Львоўскі акадэмічны тэатр «Уваскрэсенне». За пастаноўку «Вішнёвы сад» у 2007 годзе ён, дарэчы, узяў Гран-пры «Белай вежы». На другі дзень фэсту тэатр з Львова пакажа спектакль «Сны Кабзара», прысвечаны Тарасу Шаўчэнку. А ў нядзелю брастаўчане ўбачаць яшчэ адзін вулічны спектакль — «Бочка смеху» «Тэатра на Чамаданах» з польскага горада Вроцлаў. Гэта дзіцячы вулічны спектакль, ён, трэба думаць, прыйдзецца даспадобы юным гледачам.

І зноў даводзіцца згадаць пра крызіс, гары ён гарам. Бо менавіта ён перашкодзіў запрасіць на фестываль знакаміты вулічны спектакль «Планета Лем». Усё было добра, але заяўлены кошт пастаноўкі — 30 тысяч еўра — прыглушыў імпэт арганізатараў. «Для вулічнай дзеі, на якую не прадасі білетаў, гэта занадта вялікая сума», — канстатаваў Аляксандр Казак.

12-2

Замест журы — рада фестывалю

Затое старт сёлетняму святу Мельпамены дае вясёлы карнавал. Тэатралізаванае шэсце пачнецца з плошчы Леніна і працягнецца да тэатра. А падорыць гэтае рознакаляровае відовішча гледачам калектыў з Эстоніі «Gіraffe Royal», які ў дзень адкрыцця выступіць са спектаклем у грамадска-культурным цэнтры. Гонар жа адкрыць фестываль 12 верасня выпаў на гэты раз айчыннаму калектыву — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага дасць «Хітрыкі Ханумы».

Прысуджаць узнагароды «Белай вежы» вырашылі па леташнім узоры. Лёс Гран-пры вырашае не журы, а рада фестывалю, куды ўваходзяць члены аргкамітэта, тэатральныя крытыкі, журналісты. Рада выбірае і пераможцаў у намінацыях, напрыклад, за лепшую мужчынскую альбо жаночую ролю. А вось наступны, юбілейны фэст пакуль мяркуецца зрабіць наогул без узнагарод. Вядуцца перамовы з лепшымі тэатрамі, якія ў розныя гады прыязджалі на фестываль. Сярод іх, ёсць спадзяванне, будуць і пераможцы мінулых гадоў. Таму няма сэнсу наладжваць паміж імі спаборніцтва. Гэта будзе проста свята тэатральнага мастацтва.

Але да яго яшчэ год. Сёлета ж спаўняецца 70 гадоў Брэсцкаму акадэмічнаму тэатру драмы. І гэтая падзея будзе адзначана прэм'ерай спектакля «Гульня любові і выпадку». Дарэчы, названай пастаноўкай сем дзесяцігоддзяў таму і пачаўся тэатр у Брэсце. Ёсць нагода ўзгадаць мінулае.

Святлана Яскевіч

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.