Што адразу ўяўляе сабе чалавек, калі чуе: «Што? Дзе? Калі?» Тэлебачанне, прыгожую студыю, стол з пытаннямі на маніторах, сур'ёзных мужчын у смокінгах і жанчын у вячэрніх строях, музычныя паўзы і, вядома ж, хрустальную саву. Але ж гэта элітарны клуб, а я хацела б расказаць пра спартыўную версію гульні.
ХТО? У яе гуляюць толькі камандаў школьнікаў каля 400 па ўсёй краіне, а колькасць студэнцкіх і дарослых, напэўна, і палічыць дакладна немагчыма. Большасць аб'яднана ў Беларускую лігу інтэлектуальных камандаў, якую ўзначальвае вядомы ўсім прыхільнікам гульні Сяргей Буян.
ЯК? Як выглядае гульня ў спартыўным «Што? Дзе? Калі?»? Ці ёсць стол, «спадар вядучы» і разважлівыя адказы знатакоў? Няма. Уявіце сабе вялізную залу. У ёй — некалькі дзясяткаў «спецыяльных» месцаў (шэсць крэслаў, павернутых адно да аднаго). На кожным з гэтых «астравоў» размяшчаецца каманда. Шэсць чалавек. Адзін запісвае пытанне, другі — даты ці імёны, якія згадваюцца ў ім, трэці — правільны адказ на спецыяльны бланк, а астатнія выконваюць іншыя ролі... Кожная каманда настройваецца на гульню, на перамогу. Робяць гэта па-рознаму: хтосьці п'е каву, нехта разгортвае хатнія бутэрброды, іншы грызе шакалад. Трэба сказаць, што добры настрой — адзін з галоўных фактараў паспяховай гульні.
Вядучы — зусім не таемны чалавек з закадравым голасам, а часцей за ўсё знаёмы трэнер, які, як правіла, і ёсць адзін з арганізатараў турніру. У яго руках некалькі паперак з пытаннямі, якія загадзя былі складзены разам у так званы «пакет». Кожнае пытанне праверана рэдактарам, мае свайго аўтара і каментар. Пачнем!
Вядучы максімальна разборліва і выразна чытае пытанне. Потым кажа чароўнае слова «час» — і ўся зала амаль што выбухае! Кожная каманда імкнецца як мага больш плённа выкарыстаць гэтую хвіліну, дайсці да правільнага адказу, знайсці доказы таго, што адказ усё ж правільны. Зноў чароўнае слова «час», адваротны адлік ад дзесяці, і ўгору ўздымаецца вялізная колькасць рук — гэта капітаны камандаў падымаюць бланкі з адказамі. Па зале лётаюць «ластаўкі» і «стрыжы» — так завуць памагатых, якія збіраюць бланкі і нясуць іх на стол камісіі. Потым у зале робіцца ціха-ціха, і вядучы чытае адказ. Каманды, якія адказалі правільна, радуюцца і пляскаюць у ладкі. Іншыя кажуць: «Так, сабраліся, у нас яшчэ шмат пытанняў наперадзе!» І збіраюцца, і сапраўды іграюць. Часам лідар вызначаецца толькі на апошніх пытаннях. Зразумела, што выйграе каманда, якая дала найбольшую колькасць дакладных адказаў. Часта турніры праводзяцца ў адзін і той жа час на розных пляцоўках краіны, пры гэтым пакет пытанняў аднолькавы, і вынікі камандаў потым зводзяцца ў адну табліцу.
НАВОШТА? Усе, хто гуляе ў інтэлектуальныя гульні, па-рознаму прыходзяць да іх. Аўтарка гэтага матэрыялу, напрыклад, з дзяцінства глядзела з бацькамі «Што? Дзе? Калі?» і захаплялася тым, як за адну хвіліну ў каманды нараджаецца дакладная версія. Хацелася самой паспрабаваць. Таму калі даведалася, што ў школе №8 Жодзіна ёсць інтэлектуальны клуб, які ўзначальвае таленавіты трэнер Ганна Надуда, вырашыла стварыць каманду і паспрабаваць гуляць. Нашай камандзе «Агні святога Эльма», у складзе якой пяць дзяўчат і адзін хлопец (усе аднакласнікі), удалося на працягу пяці гадоў удзельнічаць у турнірах рознага ўзроўню і перамагаць. Лічу, што гульня дала мне вельмі шмат: уменне кантактаваць з людзьмі, лагічна думаць, «збірацца» ў патрэбны момант і шмат іншага. Самы ж вялікі набытак для мяне — сябры па камандзе, сустрэчы з вельмі цікавымі людзьмі, бо кожны, хто гуляе ў «Што? Дзе? Калі?» — гэта цэлы свет, вельмі цікавы і часцей за ўсё зусім не падобны на іншыя.
Вадзім Германенка, студэнт чацвёртага курса БНТУ, чэмпіён Еўропы па гульні «Брэйн-рынг» сярод студэнтаў, расказвае: — Яшчэ з канца 1990-х гадоў глядзеў па тэлевізары «Што? Дзе? Калі?». Заўсёды хацелася паспрабаваць свае сілы, і вось у шостым класе трапіў у каманду, якая толькі-толькі стваралася ў школе. Напачатку наша каманда ніякімі дасягненнямі пахваліцца не магла. Але ж жаданне іграць не знікала. Неяк я паехаў у летнік «БЛІК». А калі сустракаешся з такімі таленавітымі і творчымі людзьмі, то ўдасканальваешся сам. Пасля я іграў ужо не ў школьнай камандзе, а ў гарадской, а калі паступіў вучыцца ў Мінск, дык і ўвогуле сабралі каманду са студэнтаў розных ВНУ. Цяпер іграем разам, а з кімсьці сталі вельмі добрымі сябрамі.
Дзякуючы кожнаму турніру знаходзіш і адкрываеш для сябе нешта новае — веды, мясціны, знаёмствы. Не здзіўлюся, калі мая будучая жонка будзе таксама са «штодзекалішнікаў». Але ж пакуль я пра гэта не думаю.
Мой школьны трэнер Сяргей Крывенка заўсёды казаў, што мы павінны для сябе вызначыць, што для нас гульня: хобі ці спорт. Для мяне «Што? Дзе? Калі?» — гэта спорт. Тут патрэбны і трэніроўкі, і асаблівая тактыка. А правільна адказваючы на пытанні, атрымліваеш такое задавальненне! Але ж гульня як хобі таксама мае права на існаванне. Тут кожны выбірае сам. Дзверы мінскага інтэлектуальнага клуба адчыненыя для ўсіх!
На жаль, маладыя знатакі вельмі часта сутыкаюцца з непаразуменнем з боку бацькоў і настаўнікаў: «Ну навошта вам гэтыя гульні? Лепш вучыцеся, ездзіце на алімпіяды, да ЦТ рыхтуйцеся, да сесіі» Але ж гэтая незадаволенасць часам не зусім абгрунтаваная і лагічная. Вядома, спартыўнае «Што? Дзе? Калі?» — гэта сапраўды спорт, які патрабуе шмат часу, трэніровак і развіцця крыху спецыфічных навыкаў. Напрыклад, умець чуць у пытанні падказкі, расстаўляць акцэнты ў патоку інфармацыі, вучыцца хутка думаць і даволі сцісла адказваць на пытанне (часцей за ўсё адказы канкрэтныя, у адно-два словы). Але ж нельга сказаць, што здольнасці гэтыя больш ніколі не спатрэбяцца. Хутка рэагаваць на сітуацыю, умець бачыць галоўнае — усё гэта вельмі добрыя «бонусы» інтэлектуальных трэніровак. Тым больш гульні развіваюць лагічнае мысленне. Але ж адным з найбольш каштоўных плюсоў гульняў з'яўляецца сацыялізацыя дзяцей і падлеткаў. «Што? Дзе? Калі?» у Беларусі — вялізная суполка, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. Летам праводзіцца профільны лагер Беларускай лігі інтэлектуальных камандаў, на працягу года ладзяцца шматлікія турніры, на якія з'язджаюцца каманды з розных гарадоў і праводзяць разам шмат часу па-за гульнёй. Саперніцтва паміж камандамі інтэлектуалаў заўсёды атрымліваецца сяброўскае, добрае.
Урэшце, дзеці, занятыя інтэлектуальнымі гульнямі спартыўнай версіі «Што? Дзе? Калі?», з часам маюць шанц «трапіць у тэлевізар», хоць гэта і не з'яўляецца для большасці самамэтай. Элітарны клуб «Што? Дзе? Калі?» не такі недасяжны, як здаецца. На расійскім тэлебачанні ўсе добра ведаюць беларускіх знатакоў Леаніда Клімовіча, Алеся Мухіна, Святлану Голубеву, Сяргея Супрановіча, якія з'яўляюцца членамі маскоўскага элітарнага клуба. Але ж некалькі гадоў таму пашчасціла пагуляць на расійскім Першым канале і зусім маладой камандзе капітана Івана Зайкова, сапраўднай «зорцы» беларускага спартыўнага «Што? Дзе? Калі?». Беларускія знатакі — усе, у першую чаргу, гульцы спартыўнай версіі. А ёсць яшчэ «Брэйн-рынг», на які збіраюцца наймацнейшыя клубы краіны.
«Трапіць» у інтэлектуальныя гульні ці прывесці туды сваё дзіця вельмі проста. Зараз амаль што ў кожным горадзе краіны існуюць каманды і клубы «Што? Дзе? Калі?». Ці то ў школах, ці то ў дамах і палацах дзіцячай творчасці. Шукайце і не бойцеся за вучобу, бо, нягледзячы на перасцярогі, маладыя «знатакі» сустракаюцца адзін з адным не толькі на турнірах, але і на алімпіядах розных узроўняў!
На ўзроўні школы гульні не заканчваюцца. Гуляць можна і падчас вучобы ў ВНУ, і пасля, ці ўвогуле займацца трэнерскай дзейнасцю. Бо аднойчы пачаўшы гуляць у «Што? Дзе? Калі?», ты ўжо не можаш уявіць жыццё без гэтай гульні.
Паліна ГРЫБ,
выпускніца СШ №8 г. Жодзіна.
Што за таемнымі дзвярыма?