Вы тут

Якія кінастужкі пакажуць у гэтыя выхадныя ў тэлеэфіры


Калі ў зімовае надвор’е не ўзнікае жадання кудысьці выходзіць, то проста заставайцеся дома. Заўсёды знойдзецца занятак для душы. Ну, напрыклад, можна пачытаць добрую кнігу, прыгатаваць нешта смачнае альбо паглядзець цікавы кінафільм. Пра кінастужкі, якія пакажуць у гэтыя выхадныя ў тэлеэфіры, мы сёння і раскажам.


Фота pexels.com

На тэлеканале АНТ кінааматары знойдуць розныя прапановы. У суботу, 6 студзеня, напрыклад, днём запланаваны паказ навагодняй камедыі «Таямніца» (2020 г.). Фільм рэжысёра Марыі Можар распавядае па-сапраўднаму чароўную жыццёвую гісторыю дзяцей, якія мараць адшукаць сваіх бацькоў. Незадоўга да Новага года лёсы дзяўчынак — Каці і Соні — пераплятаюцца. Яны абсалютна не падобныя, бо адна з братам жыве ў дзіцячым доме, а іншая мае заможнага бацьку і асабістую гувернантку. Але іх яднае адна таямніца на дваіх. Толькі вось каб разгадаць яе, дзяўчатам трэба перажыць шмат прыгод у пераднавагодняй Маскве, адшукаўшы ўсе падказкі, якія пакінула ім Соніна мама-пісьменніца.

А ў нядзелю на тэлеканале глядзіце камедыю «Баба Мароз і таямніца Новага года» (2023 г.). Кінастужка Андрэя Багатырова прапануе аўдыторыі задацца пытаннем, ці ўсё мы ведаем пра Новы год. Што, калі і ў Дзеда Мароза ёсць свае таямніцы?.. Аказваецца, што ёсць у яго сваячка, вядома, таксама чараўніца, якая выконвае жаданні дарослых. Толькі ўзнікла адна праблема: людзі перасталі верыць у цуды, і жонка Дзеда Мароза стала звычайнай хатняй гаспадыняй. А вось ці зменіцца ўсё сёлета і хто стане галоўнай навагодняй дзеючай асобай, даведаемся ўвечары ў 21.15 на тэлеканале АНТ.

На «Беларусь 2» у суботу пакажуць кінастужку «Пінокіа. Праўдзівая гісторыя» (2021 г.). Расійскі камп’ютарны фантазійны фільм рэжысёра Васіля Ровенскага заснаваны на кнізе Карла Калодзі «Прыгоды Пінокіа» і яе літаратурнай апрацоўцы «Залаты ключык, ці Прыгоды Бураціна» Аляксея Талстога. ...Драўляная лялька Пінокіа, якая ўмее рухацца і размаўляць як чалавек, уцякае ад геніяльнага майстра Джэпета, каб паглядзець свет. Жаданне адкрыць новае і нязведанае прыводзіць яго ў трупу бадзяжнага цырка, якім кіруе сеньёр Манджафако. Там нашага героя робяць «цвіком» канцэртнай праграмы, якая збірае поўныя залы. З часам Пінокіа ўлюбляецца ў паветраную гімнастку Бэлу, але не знаходзіць узаемнасці, бо дзяўчына — лялька, а не чалавек. І тут стары клоўн Фантоці раіць звярнуцца да чараўніцы Люсільды, якая ведае, як дапамагчы ў такой справе... Хоць фільм і атрымаў неадназначныя водгукі пасля свайго выхаду, аднак найлепшы спосаб зразумець, чаго гэтая праца вартая, — гэта скласці асабістае меркаванне ад убачанага. Прыадкрыем невялічкую таямніцу: Манджафако агучвае акцёр Дзмітрый Іосіфаў (той самы, што некалі ўвасобіў на экране любімага намі Бураціна). У адным з інтэрв’ю акцёр зазначыў: «Пры агучванні я атрымаў задавальненне. Было цікава. Вельмі яркая карцінка. 

Прыдуманы каляровы свет. На экране простая гісторыя, дзе дабро перамагае зло, падман і хітрасць. Спадзяюся, дзецям і іх бацькам гэта спадабаецца».

А вось у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» тэлегледачоў чакае сапраўдная класіка. Тут на выхадных (вечарам 6 студзеня і 7-га ў паўторы) пакажуць «Карнавальную ноч» (1956 г.). Савецкі камедыйны музычны фільм Эльдара Разанава — першая самастойная мастацкая работа рэжысёра і другая роля Людмілы Гурчанкі пасля яе дэбюту ў кінастужцы «Дарога праўды». Але першапачаткова актрыса заваліла пробы, кажуць, па віне нявопытнага тады аператара Эміля Гулідава, які няправільна падабраў ёй адзенне і выставіў святло. Але пасля зацверджаная ўжо Людміла Касьянава адмовілася здымацца, абраўшы работу ў фільме «Дон Кіхот», а Людмілу Гурчанку на паўторныя пробы прывёў дырэктар «Масфільма» Іван Пыр’еў. Што да ўвасаблення іншых герояў на экране, то вядома, напрыклад, што на ролю дырэктара Дома культуры Агурцова (Ігар Ільінскі) спрабаваўся Пётр Канстанцінаў, а электрыка Грышу (Юрый Бялоў) мог сыграць і Барыс Біцюкоў... Пасля выхаду фільма на экраны ён стаў лідарам пракату і даў старт кар’ерам акцёраў Юрыя Бялова і Людмілы Гурчанкі, з якімі рэжысёр яшчэ не раз сумесна працаваў. Дарэчы, у 1969-м з’явіўся спін-оф «Стары знаёмы». А ў 2007 годзе Эльдар Разанаў зняў працяг кінастужкі «Карнавальная ноч, або Праз 50 гадоў».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Кіно для цудоўнага настрою

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.