Аўстралія выказвае намер стаць цалкам свабоднай ад курэння да 2020 года. Хто ведае, магчыма, ёй гэта ўдасца. А магчыма, і не толькі ёй. Шэраг еўрапейскіх краін няўхільна выпрабоўваюць самыя розныя рэцэпты адвучвання свайго насельніцтва ад паталагічнага жадання. З гэтай мэтай прымяняюцца пяць стратэгій: павышэнне падаткаў на тытунёвыя вырабы, забарона на курэнне ў грамадскіх месцах, аказанне дапамогі тым, хто хоча развітацца з залежнасцю, поўная забарона на рэкламу і спонсарства, нарэшце, распаўсюджанне ідэй здаровага ладу жыцця.
Усё гэта спрабуе ўвасобіць Беларусь, якая таксама не збіраецца здавацца ў палон дыму. Па прычыне ўжывання тытунёвых вырабаў, а дакладней, з-за захворванняў, звязаных з сістэматычным курэннем, краіна губляе ад 16 да 19 тысяч чалавек за год. Мала ў якой развітай краіне можна адшукаць і такую неверагодна вялікую розніцу ў чаканай працягласці жыцця жанчын і мужчын — яна складае 11 гадоў на карысць жанчын. Бо нашы мужчыны бессаромна грэбавалі і грэбуюць правіламі здаровага ладу жыцця.
Шэраг важных «ахоўных» захадаў наша краіна ўжо прыняла. І Міністэрства аховы здароўя мяркуе дабівацца далейшага зніжэння колькасці курцоў у рэспубліцы. Гэтая колькасць знізілася за апошнія дзесяць гадоў, аднак пакуль застыла на ўзроўні 30,5 працэнта (сярод усяго дарослага насельніцтва). У цэлым па Еўропе гэты паказчык не перавышае 28 працэнтаў, а месцамі — 16-17.
Практыка некаторых краін паказвае, што на 4-5 працэнтаў колькасць курцоў можна знізіць з дапамогай павышэння падаткаў на тытунёвую прадукцыю. Сёння сумніўнае «задавальненне» ў тых жа еўрапейскіх краінах прынамсі ў 3 разы даражэйшае, чым у нас. Рост цэн у гэтым выпадку павінен абавязкова перавышаць узровень інфляцыі ў краіне!
— Пры такім раскладзе маламаёмныя катэгорыі грамадзян сапраўды «завязваюць» з курэннем, — кажа намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Людміла НАРОЙЧЫК. — Універсальнага рэцэпту тут няма і быць не можа, але нам важны кожны працэнт тых, хто пажадае адмовіцца ад курэння. Так, паводле некаторых даследаванняў і апытанняў, для 2 працэнтаў насельніцтва з шэрагаў курцоў прынцыповым момантам становіцца фактар нязручнасці — забарона курэння ў грамадскіх месцах, на працы. 22 працэнты гатовыя, на жаль, спыніцца толькі пры выяўленні сур'ёзных праблем са здароўем...
Даказана, што эканоміка краіны не церпіць ад росту цэн на тытунёвую прадукцыю. Разам з тым, гэта адназначна добра адбіваецца на інтарэсах нацыі, паколькі моладзь пазбаўляецца свабоднага і беспраблемнага набыцця дарагой прадукцыі.
Дарэчы, сама заўважаю, што наша насельніцтва рэагуе на тых жа валанцёраў, а таксама супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, калі яны нагадваюць аб забароне курэння на прыпынках грамадскага транспарту. Калі слова не ўздзейнічае, то за парушэнне ўстаноўленых нормаў парушальніка чакае штраф у памеры ад 4 базавых велічынь...
P.S. Літаральна праз месяц Міністэрства аховы здароўя падрыхтуе абгрунтаванне на ўключэнне ў план разгляду парламентам праекта закона аб тытуні. Праект змяшчае ўсе асноўныя моманты, скіраваныя на паступовае зніжэнне колькасці курцоў у Беларусі.
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.