Вы тут

Арына Сабаленка — чэмпіёнка Australian Open!


У Мельбурне адбыўся гістарычны тэнісны матч. У фінале Адкрытага чэмпіяната Аўстраліі сустрэліся першая ракетка Беларусі Арына Сабаленка і прадстаўніца Казахстана Алена Рыбакіна. У вырашальным матчы перамагла Арына Сабаленка. І гэта яе першы тытул на турніры Вялікага Шлема! Вынік легендарнай сустрэчы 4:6, 6:3, 6:4. 


Дзякуючы гэтай перамозе, Арына Сабаленка зноў вярнулася на другі радок сусветнага рэйтынга.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Арыну Сабаленку з перамогай на турніры. «Першы глядзеў, хварэў, перажываў, месцамі лаяўся нецэнзурна, але прадказаў перамогу — у другім і трэцім сэце. І, вядома, адразу павіншаваў!»  піша тэлеграм-канал «Пул першага».

З перамогай спартсменку таксама павіншаваў Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. Кіраўнік НАК Беларусі зазначыў, што ўся краіна ўважліва сачыла за поспехамі Арыны на тэнісных кортах Мельбурна на працягу ўсяго турніру.

«Ваша перамога — сапраўдны трыўмф! Талент, працавітасць і мэтанакіраванасць дазволілі Вам дасягнуць выдатных вынікаў і па праве заняць дастойнае месца ў сусветнай тэніснай эліце. Мільёны беларускіх балельшчыкаў ганарацца Вашымі дасягненнямі і жадаюць новых яркіх перамог. Вы прадэманстравалі сапраўдную перамогу, — гаворыцца ў віншаванні. Віктар Лукашэнка падзякаваў Арыне і яе трэнерскаму штабу за такі высокі вынік і пажадаў моцнага здароўя, поспехаў і ўсяго самага добрага!

Для Арыны Сабаленкі і Алены Рыбакінай гэта першы адзіночны фінал Australian Open у кар’еры. Лепшым вынікам Алены на гэтым турніры быў выхад у трэці раўнд у 2020 годзе. Арына Сабаленка ў Аўстраліі далей чацвёртага раўнда не прабівалася. Да гэтага беларуская тэнісістка тройчы выходзіла ў чацвёрку лепшых на Турнірах Вялікага Шлему і тройчы цярпела паражэнне: у 2021 годзе — на Уімблдоне і на US Open, у 2022-м — на US Open.

У мінулым годзе Арына Сабаленка здзіўляла аматараў вялікай колькасцю памылак, не ўласцівых яе гульні. Але на старце гэтага сезона — усё інакш. «Я зрабіла, думаю, амаль усё, каб паспрабаваць выправіць падачу. Напрыклад, мы спрабавалі ментальныя штучкі, тэхніку — спрабавалі дыхаць па-іншаму. Я глядзела шмат відэа з маёй падачай: напрыклад, калі ў мяне не было з ёй праблем ці калі былі — спрабавала зразумець, у чым розніца. А напрыканцы года мы знайшлі спецыяліста, і гэта дапамагло. Высветлілася, што падача ў мяне заўсёды была так сабе. Было шмат ключавых момантаў, калі я дапушчала падвойныя ці біла занадта моцна. А цяпер адчуваю сябе крыху лепш, таму што хаця б ведаю, як яна павінна выглядаць», — казала Арына на прэс-канферэнцыі пасля перамогі ў другім крузе.

Галоўнай прычынай новай гульні Арыны Сабаленкі спецыялісты лічаць тое, што яна стала спакайней паводзіць сябе на корце, што аб’ектыўна пайшло ёй на карысць. «Тыя тры паўфіналы [на ТБШ] я прайграла з-за таго, што не была дастаткова спакойнай на корце. Я перабірала. Залішне хацела выйграць „Шлем“. Спяшалася, нервавалася. Крычала, вось гэта ўсё. Цяпер спакайней паводжу сябе на корце. Шчыра веру, што гэта адзінае, чаго не хапала маёй гульні. Я прайду праз усё гэта, калі буду заставацца засяроджанай і спакойнай на корце», — казала беларуска пасля выхаду ў паўфінал. 

Алена Рыбакіна і Арына Сабаленка чатыры разы сустракаліся на корце. І ўсе разы мацнейшай аказвалася беларуска. Арына перамагала Алену ў чвэрцьфінале турніру ва Ухане ў 2019 годзе, у чвэрцьфінале Абу-Дабі-2021 і ў чацвёртым крузе Уімблдона-2021. І кожны раз падзеі развіваліся аднолькава. Сабаленка выйгравала першы сэт, затым аддавала другі, пасля чаго брала вырашальную партыю. Фінал Australian Open выключэннем не стаў. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: Australian Open

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.