Вы тут

Хто распаўсюдзіў тытунь па ўсім свеце і чаму ён дагэтуль прыносіць шалёныя прыбыткі?


Згодна са статыстыкай, тытунь штогод забівае больш за 8 мільёнаў чалавек. Мільён з іх — пасіўныя курцы, якія не трымалі ў руках цыгарэты. Нават самая крывавая Другая сусветная вайна не прывяла да такой колькасці ахвяр у год. Ва ўсіх краінах свая методыка барацьбы з курэннем, аднак, нягледзячы на гэта, продажы тытуню не падаюць, а дзесьці нават павялічваюцца. У цяперашні час чысты прыбытак ад тытуню ў свеце складае больш чым 700 мільярдаў долараў. Людзі кураць, нават усведамляючы ўсе негатыўныя наступствы для здароўя.

Хто ж стаіць за распаўсюджваннем тытуню? І як яго ператварылі ў прыбытковы бізнес па ўсім свеце? Якія паводзінскія стэрэатыпы дзесяцігоддзямі ўкаранялі ў нашай свядомасці і чаму яны цалкам памылковыя? Як так атрымалася, што дзякуючы ім, калі мы нервуемся і над чымсьці раздумваем, рука цягнецца да цыгарэт? Чаму нават самыя разбуральныя войны аказаліся для тытунёвага бізнесу часам шалёных прыбыткаў? І чаму ён дагэтуль квітнее, нягледзячы на тое што чалавецтва ведае яго шкоду і ўвяло шэраг забарон? Пра гэта і іншае разважаем разам з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.


Фота Яўгена Пясецкага.

— Доктар Гумен, як пачалося распаўсюджванне тытуню?

— За гісторыю яго існавання створана шмат тытунёвых імперый, цывілізацый, мільянераў і мільярдэраў — і нанесены вялікі ўрон чалавецтву. Гісторыя тытуню пачалася 12 тысяч гадоў таму, і, як высветлілі навукоўцы, падчас першага ўжывання тытуню на планеце яшчэ жылі маманты. Яго жавалі, курылі — ёсць розныя методыкі ўжывання.

Тытунь родам з Амерыкі, яго выкарыстоўвалі як лекі, а таксама падчас абрадаў розныя рэлігійныя культы. Калі ў XV стагоддзі еўрапейцы ўвайшлі на амерыканскі кантынент і ўбачылі, што людзі ўжываюць яго ў вялікай колькасці, ім не столькі спадабаўся сам працэс курэння, колькі бізнес, які можна было стварыць з яго дапамогай.

Як вядома, Хрыстафор Калумб у 1492 годзе ўвайшоў у Амерыку, і нейкі час манаполія продажу тытуню як лекаў належала Іспаніі. Вялікабрытанія вырашыла ўнесці дысбаланс у гэты бізнес. Трэба адзначыць, калі мы пачынаем вывучаць многія праблемы, нярэдка ўбачым глыбокі адбітак ног англасаксаў. У 1606 годзе кароль Англіі Джэймс І накіраваў сваіх падданых да берагоў Амерыкі, у цяперашні штат Вірджынія, там з'явіўся першы горад, які адкрылі еўрапейцы на тэрыторыі Амерыкі.

Як ні дзіўна, у гэтым месцы тытунь не рос. Але бізнес на той час меў вялікі патэнцыял, і ў 1611 годзе Джон Ролф пачаў з Вірджыніі рухацца на поўдзень Амерыкі, дзе вырошчвалі тытунь. Манаполія на яго належала іспанцам, нават існаваў закон: калі нехта прадасць насенне тытуню не іспанцам, будзе пакараны смерцю. Нягледзячы на гэта, англічанін атрымаў тытунь і прывёз яго на поўнач, дзе і пачаў вырошчваць. Так пачалася вытворчасць і продажы тытуню ў прамысловых аб'ёмах.

Справа пайшла добра. Англічане пачалі яго рэкламаваць як лекі ад любой хваробы, якія здольны выклікаюць эйфарыю. У Вірджыніі тытунь увогуле стаў своеасаблівай валютай. Але з'явілася адна вялікая праблема: попыт вырас, бо англічане ўмелі добра прадаваць. А вытворчасць варта было пашыраць, а для гэтага не хапала рабочай сілы. І ў 1619 годзе англічане пачалі выкарыстоўваць рабскую працу. І да цяперашняга часу англічане на ўвесь свет глядзяць як на патэнцыяльную танную працоўную сілу.

У гэты час пачалі прывозіць рабоў з Афрыкі і Ірландыі. Рабаўладальнік меў права караць іх смерцю, мучыць, калі яны адмаўляліся выконваць загады. З 1641 да 1652 года 500 тысяч ірландцаў загінула, 300 тысяч было прададзена ў рабства. З насельніцтва Ірландыі ў 1,5 мільёна менш чым за 10 гадоў засталося 600 тысяч, астатніх прадалі ў рабства. Адзін з напрамкаў, дзе выкарыстоўвалася іх праца, — тытунёвы бізнес.

Англічане пачалі распаўсюджваць і рэкламаваць тытунь як карысную рэч, якая супакойвае, абязбольвае і лечыць любую хваробу. І з такой рэкламай тытунь хутка распаўсюдзіўся ад Амерыкі да Асманскай імперыі, Ірана і Кітая. На гэтым гандлі разбагацела шмат людзей.

— Калі стала вядома, што цыгарэты — гэта ўсё ж не лекі, а шкодная звычка?

— Упершыню вучоныя заявілі, што нікацін з'яўляецца ядам для арганізма, у 1826 годзе. Але тытунёвыя імперыі па ўсім свеце на чале з Вялікабрытаніяй мелі столькі грошай і ўплыву, што ніхто не мог іх спыніць. Нягледзячы на папярэджванне вучоных, гэты рынак развіваўся.

У той час, акрамя тытуню, развіваліся розныя фабрыкі спадарожных тавараў — па вытворчасці паперы, трубак. Цыгарэты ў паперах былі дарагія, у трубках тытунь курылі простыя людзі. У 1881 годзе амерыканец Джэймс Бонсак стварыў першую машыну па скручванні цыгарэт для прамысловага вырабу, і на рынак выйшла вялікая колькасць танных даступных цыгарэт. Пасля адкрыцця гэтай машыны ўсе пачалі курыць папяровыя цыгарэты ў вялікай колькасці. І гэта дало дадатковы штуршок для таго, каб тытунёвы бізнес развіваўся па ўсім свеце.

— Як з'явіўся кальян? Магчыма, ён менш шкодны, чым цыгарэты?

— У 1500 годзе тытунь дабраўся да Індыі і Ірана. Аднаму з шахаў у Індыі не падабалася трубка, ён загадаў, каб знайшлі іншую методыку, — так стварылі кальян. Паралельна кальян з'явіўся і ў Іране. Але шкода ад курэння, нягледзячы на тое, разжоўваецца ён, курыцца ў кальяне, паперы ці трубцы, не змяншаецца. Усё роўна ён вылучае канцэрагены, якія выклікаюць рак, нягледзячы на методыкі курэння. Калі разжоўваць — гэта рызыка раку поласці рота, курыць сігару — у першую чаргу раку ніжняй губы, курыць трубку ці кальян — рак лёгкіх, страўніка і інш.

— Як войны ўплывалі на тытунёвы бізнес?

— У час Першай і Другой сусветных войнаў бізнес тытуню з вялікім поспехам развіваўся. На ім не толькі разбагацелі пэўныя кланы, сама тытунёвая імперыя вялікімі крокамі пачала рухацца наперад. Усе салдаты, незалежна ад таго кураць яны ці не, атрымлівалі цыгарэты штодзённа. І нават калі яны раней не курылі, ад нечага рабіць паспрабавалі. І гэтыя маладыя мужчыны з вайны вярталіся ўжо заядлымі курцамі, бо цыгарэты выклікаюць моцную залежнасць. Лічыцца, што толькі 4-7 % курцоў могуць без дадатковай дапамогі кінуць курыць.

Трэба сказаць, што тытунёвыя фабрыкі не бясплатна раздавалі цыгарэты салдатам, іх закупляла войска. Пры гэтым вытворцы мелі падвойную выгаду, адразу атрымліваючы столькі залежных. Так што рынак тытуню падчас войнаў добра развіваўся.

Як вядома, немцы з даўніх часоў былі добрымі хімікамі і ўжо ў 1930 годзе заявілі пра тое, што тытунь з'яўляецца канцэрагенам і адной з прычын раку лёгкага. Цікава, што нацысты сваім салдатам цыгарэты не давалі і забаранілі курэнне ў закрытых памяшканнях і месцах масавага збору людзей. На той час гэта быў вялікі подзвіг, бо толькі ў 1997-м гэты закон быў прыняты ў ЗША — праз 67 гадоў.

— Прызнанне цыгарэт шкоднымі для здароўя, меры па іх забароне ўплывалі на распаўсюджанне тытуню?

— Гэты бізнес меў вялікі прыбытак і добра развіваўся, нягледзячы на тое што цыгарэты выклікаюць залежнасць. Тытунёвыя магнаты мелі вялікі капітал і ўплыў, каб прыбраць усе перашкоды на сваім шляху. З вялікім скрыпам у 1971 годзе тытунёвая рэклама на тэрыторыі ЗША была забаронена. Нягледзячы на гэта, продаж цыгарэт у такіх гігантаў, як Філіп Морыс і іншых, не ўпаў, бо 80 % курцоў знаходзіцца ў краінах другога і трэцяга свету.

Мы ведаем, што краіны, якія развіваюцца, — гэта найперш не тэрыторыі, а людзі, якія маюць пэўнае мысленне і менталітэт. І на іх з дапамогай ментальных войнаў уздзейнічаюць дзесяцігоддзямі. Так, гэта не дае эфект умомант, аднак вынік атрымліваюць праз пакаленне. Але пазбавіцца ад яго дастаткова цяжка. Такім жа чынам з дапамогай розных методык у гэтых краінах укараняюць культуру курэння.

— Цікава, як гэта можна зрабіць?

— Адна з такіх методык — папулярызацыя пэўных паводзінскіх стэрэатыпаў з дапамогай вядомага каўбоя Marlboro Man, яго звалі Эрык Лаўсан. Дарэчы, ён памёр у 2014 годзе ад захворвання лёгкіх. Напрыклад, калі каўбой пасварыўся са сваёй дзяўчынай, ён сядзіць і курыць. Каўбой разважае, як паступіць, — зноў ён сядзіць і курыць. З кімсьці рэзка размаўляе — таксама трымае ў губах цыгарэту. Зноў жа багатыя жанчыны ў брыльянтах і прыгожым адзенні ў розных галівудскіх сцэнах трымалі ў руках цыгарэту. Гэта ўплывала на жанчын.

І дагэтуль стэрэатыпы засталіся: калі нервуешся ці думаеш — пачынаеш курыць. Насамрэч, калі чалавек думае, галаўному мозгу патрэбна больш кіслароду, а цыгарэта затарможвае разумовыя працэсы. Калі чалавек нервуецца, у яго выпрацоўваецца вялікая колькасць гармону стрэсу, і арганізму трэба больш кіслароду, а курэнне замаруджвае гэты працэс. А калі чалавек хоча добра бегаць ці перамагчы ў бойцы, не трэба гэта рабіць з цыгарэтай у губах, бо арганізму патрэбны не яд, а больш кіслароду, каб ён лепш функцыянаваў. Акрамя таго, цыгарэта цалкам блакіруе работу вітамінаў, а ў стрэсавай сітуацыі яны неабходны. Так што гэта падманлівыя стратэгіі паводзін, але іх укаранілі ў масавую культуру. І з пакалення ў пакаленне яны перадаюцца.

— Ці ёсць прыклады паспяховай барацьбы з цыгарэтамі на ўзроўні дзяржаў?

— У цяперашні час цыгарэты — гэта высокатэхналагічны прадукт. Калі цыгарэту разрэзаць і паглядзець знутры, то там не толькі тытунь, а карычневая папера, насычаная хімічнымі рэчывамі. Падчас курэння такіх цыгарэт вылучаецца больш як 70 тысяч розных хімічных злучэнняў, многія з якіх з'яўляюцца моцнымі канцэрагенамі. За кошт таго, што такі псеўдатытунь дадаецца ў цыгарэты, кошт іх вытворчасці істотна змяншаецца, а прыбытак расце. Вытворцы цыгарэт ва ўсіх краінах плацяць дзяржаве вялікія падаткі. І амаль няма ў свеце краін, якія здолелі б адмовіцца ад такога прыбытковага бізнесу, нягледзячы на тое што ён нясе ўрон насельніцтву.

Першай краінай у свеце, дзе адмовіліся ад вытворчасці цыгарэт, стаў Бутан. У цяперашні час там цалкам забаронены вырошчванне тытуню, яго вытворчасць і продаж. Цыгарэты прадаюцца толькі ў аптэках за вялікія грошы, і набываць іх могуць тыя, хто курыў да прыняцця гэтага закона. Іншая краіна ў свеце, якая актыўна змагаецца з курэннем, — Туркменістан. Яна плануе да 2025 года стаць зонай, свабоднай ад тытуню.

— Калі чалавек кідае курыць, які этап у гэтым працэсе самы складаны? І ці аднаўляецца арганізм, калі ўдалося пазбавіцца ад шкоднай звычкі?

— Цыгарэты выклікаюць вялікую залежнасць, асабліва сучасныя, у якіх штогод удасканальваецца формула вытворчасці і дадаецца ўсё больш хімічных злучэнняў. Каб не трапіць у залежнасць, лепш увогуле не пачынаць.

Калі чалавек кідае, ёсць станоўчыя змены ў арганізме. Праўда, адразу трэба сказаць, што шкода, якую нанёс тытунь нашай сардэчна-сасудзістай сістэме, незваротная. Але ёсць рэчы, якія мяняюцца ў лепшы бок. Пасля таго як чалавек кідае курыць, у першыя 20 хвілін у арганізме крыху павялічваецца колькасць кіслароду і нармалізуецца ціск, змяншаецца спазм сасудаў. Ён адчувае, што рукі і ногі сталі цяплейшымі (звычайна ў курцоў яны пастаянна мерзнуць). Праз дзве гадзіны з'яўляюцца вяласць, дэпрэсія і пачуццё трывогі, бо не хапае нікаціну і хочацца курыць.

Праз восем гадзін, нягледзячы на тое, што ўзнімаецца ўзровень кіслароду ў эрытрацытах і кроў больш насычаная кіслародам, павялічваецца яе вязкасць і рызыка ўтварэння тромбаў — гэта небяспечны стан. Праз 24 гадзіны ў чалавека пачынаецца моцны кашаль, бо лёгкія ў гэты час пачынаюць пазбаўляцца ад усяго, што назапасілася падчас курэння. Крыху змяншаецца верагоднасць сардэчна-сасудзістых хвароб. Праз 48 гадзін нервовая сістэма прыходзіць у сябе, чалавек пачынае лепш разважаць і думаць. Паляпшаецца адчувальнасць смакавых рэцэптараў на языку. Праўда, у курцоў з вялікім стажам яны могуць ніколі не аднавіцца.

Праз 72 гадзіны наступае максімальная ломка. Чалавек пачынае нервавацца, гэта самы цяжкі час. І калі вы здолелі перасягнуць гэту мяжу, арганізм пачынае адаптавацца. Праз месяц пасля таго, як чалавек кінуў, рэзка змяншаецца рызыка ўтварэння цукровага дыябету 2 тыпу, верагоднасць раку і сардэчна-сасудзістых захворванняў. Праз тры-дзевяць месяцаў у лёгкіх пачынае ўтварацца новы эпітэлій. Пасля года рызыка сардэчна-сасудзістых захворванняў змяншаецца на 50 %.

Пасля 10 гадоў без цыгарэт рызыка анкалогіі лёгкіх змяншаецца толькі на палову ў параўнанні з тымі людзьмі, якія ніколі не курылі. І праз 15 гадоў рызыка інфаркту і сардэчна-сасудзістых захворванняў зраўноўваецца з тымі, хто на працягу жыцця ніколі не курыў. Такім чынам, патрэбна 15 гадоў, каб рызыкі курцоў зраўняліся з тымі, хто ніколі не курыў. Калі за гэты час чалавек зноў вяртаецца да шкоднай звычкі, усе станоўчыя эфекты анулююцца. Так што самая лепшая парада — зусім не пачынаць курыць і растлумачыць гэта сваім дзецям.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.