Прадстаўнікі славутага дваранскага роду наладзілі цесныя сувязі са сваёй малой радзімай
У жыцці Асіповіцкага краю род Дараганаў адыграў вялікую ролю. Дзякуючы ім у ХІХ стагоддзі з'явілася ветка чыгункі ад Асіповіч да Старых Дарог, паміж вёскамі Крынка і Дараганава была насыпана дарога, адкрыліся лесапільня, бровар і яшчэ шмат чаго. Пасля рэвалюцыі гэтае прозвішча было незаслужана выкраслена з гісторыі, а маёнткі Восіпа і Мацвея разрабаваны. Але тры гады таму сувязь з гэтым родам зноў пачала аднаўляцца. Сёлета сюды прыехаў са Швецыі прапраўнук Восіпа Дарагана — Андрэй. Ён прывёз з сабой каля 300 розных рэчаў, якімі валодалі яго продкі.
Рэліквіі збіралі ўсім светам
Перад тым, як сустрэцца з Андрэем Дараганам, не магла не зазірнуць у тыя мясціны, дзе некалі жылі яго сваякі. Дваццаць хвілін язды на цягніку Асіповічы — Салігорск па той самай чыгунцы, якую ў пачатку ХХ стагоддзя пабудавалі браты Восіп і Іван, а таксама муж іх сястры Лізаветы — Мацвей, і ты ў Дараганава. Дарэчы, 40 кіламетраў чыгуначнага палатна, дзве станцыі, два раз'езды, два чыгуначныя масты былі зроблены ўсяго за 8 месяцаў. Будоўля не спынялася нават ноччу. Першы цягнік прыйшоў на станцыю Радуцічы 28 снежня 1986 года.
У музеі Дараганаўскай школы нават захавалася тэлеграма, дзе якраз пра гэту падзею гаворыцца. Наогул, музей тутэйшай школы славіцца тым, што ў ім знаходзіцца адна з найбагацейшых калекцый па гісторыі краю, у тым ліку і некаторыя рэчы саміх Дараганаў. Калісьці ўсё гэтае багацце пачала збіраць захопленая справай Зінаіда Верашчака. Цяпер захоўвае і папаўняе мясцовую гісторыю таксама неабыякавая да яе Жанна Караленя.
Музей і сапраўды ўражвае. У двухпавярховым будынку захоўваецца каля 4 тысяч экспанатаў — усё тое, што атрымалася сабраць за 30 гадоў існавання музея. Большая частка іх належыць да паслярэвалюцыйнага перыяду. Рэчаў былых гаспадароў няшмат: усяго 7. Дзякуй неабыякавым людзям, якія не пашкадавалі ні часу, ні сіл, каб захаваць памяць продкаў. Я сустрэлася ў музеі з Ларысай Сідараўнай Стоцкай. Яна цяпер на пенсіі, але роднай школы, дзе яна працавала бібліятэкарам, і тым больш музея, для якога сабрала шмат розных рэчаў, не забывае. Гісторый пра Дараганаў яна ведае шмат. Слухаеш яе і здаецца, быццам бы яна пра некага са сваіх сваякоў распавядае.
— Вось гэтыя крэслы, пераплеценыя ратангам, Лізавета Дараган сваёй пакаёўцы падаравала, — кажа яна, убачыўшы, што я з цікаўнасцю разглядваю старадаўнюю мэблю. — А стол быў большы за гэты і квадратны. У гарнітур уваходзіла шафа, падобная да той, што вы тут бачыце, але ж гэта не дараганаўская.
— Буфет нам аддала адна з мясцовых жыхарак, ён стаяў у яе ў сенцах, — далучаецца да гутаркі Жанна Караленя і з горыччу дадае: — Ёсць тут у адных людзей шафа, сервант, стол і канапа Лізаветы Дараган, але яны з імі не жадаюць расставацца. Мэбля, вядома, каштуе вялікіх грошай, але яны прадаваць нам яе і не збіраюцца. Ведаюць, што ў нас такіх грошай няма».
Вядома, грошай на музейныя экспанаты школе ніхто не выдзяляе. Але, каб набыць нешта каштоўнае, тут гатовыя ісці на любыя ахвяры. І прыкладаў гэтаму хапае.
— Вось сасновая палка, якая належала самаму Восіпу Дарагану, — Жанна Сямёнаўна бярэ ў рукі дэкараваны кій. — Ён яе аддаў свайму кіраўніку з вёскі Буда, і яна доўгі час там і захоўвалася. Калі ствараўся музей, Зінаіда Верашчака выменяла яе на 40 літраў газы. А вось на ратангавыя крэслы грошы выдаткаваў рана.
Сярод каштоўных рэчаў — чыгуначны звон, які вісеў на станцыі Дараганава да 1976 года, марцірка ХVІІІ стагоддзя, з дапамогай якой некалі ладзілі святочныя феерверкі, карты пачатку ХХ стагоддзя, каштоўныя дакументы.
На сувязі з Дараганамі
Нястомная Жанна Караленя настолькі захапілася пошукамі звестак пра знатны род, што нават змагла наладзіць кантакты з іх нашчадкамі. Яна напісала пісьмо прапраўнучцы Восіпа Дарагана Надзін Маршанд у Францыю, дзе паведаміла, што іх род памятаюць, што яго ўклад у развіццё краю нельга пераацаніць. Жанчына, якая 19 гадоў нікому не адказвала, праз паўгода адклікнулася. Яна падказала адрас яшчэ адной прапраўнучкі Восіпа — Вольгі Дараган-Сушчовай, якая жыве ў Пецярбургу. Пасля гэтага ў Асіповічы сталі наведвацца нашчадкі асіповіцкіх Дараганаў. Сярод іх і Андрэй са сваёй жонкай Ланай. Менавіта тады яны выказалі думку стварыць асобны музей.
На памяць аб тых сустрэчах у памятнай кніжцы музея засталіся запісы. Лідзія і Юрый Дараганы-Сушчовы напісалі, што былі вельмі ўражаны тым, што ўбачылі, абяцалі падзяліцца фотаздымкамі і копіямі дакументаў. Наогул удзячных водгукаў вельмі шмат. Цікава, што музей наведвае каля тысячы чалавек у год. Турысты прыязджаюць нават з-за мяжы.
Ад фамільнага абруса да дзедавай піжамы
З Андрэем Дараганам мы сустрэліся ў будынку асіповіцкага моладзёва-падлеткавага цэнтра «Равеснік», дзе ў 5 залах плануецца размясціць прывезеныя экспанаты. Далёкая дарога і мытныя клопаты наклалі свой адбітак. Андрэй трохі прастудзіўся, але быў задаволены вынікам сваёй паездкі.
— Каб зрабіць гэты крок, мне спатрэбілася ажно 2 гады. Тут усё, што датычыцца майго роду. Я гэта збіраў доўгі час, — паведаміў ён.
Рэчаў і на самой справе шмат. Іх нават яшчэ не паспелі і распакаваць. Каб я ўяўляла, што схавана ў каробках, Андрэй дастае з сумкі здымкі. На адным з іх жанчына з грудным дзіцем на руках і маленькім кучаравым хлопчыкам. «Гэта мая маці, а хлопчык — я», — тлумачыць ён і звяртае ўвагу на абрус, які ляжыць на стале — ён сярод тых рэчаў, якія Андрэй прывёз са Швецыі. У спісе ёсць нават сярпы і косы, крэслы, стол, дзіцячыя цацкі і шмат чаго іншага. Андрэй прывёз нават дзедаву піжаму, з якой той падарожнічаў па свеце. Шмат экспанатаў, якія датуюцца мінулым стагоддзем, але ёсць і такія, якім 200—300 гадоў. «Усе гэтыя рэчы для мяне вельмі каштоўныя, нельга выбраць нешта адно, — кажа Андрэй. — Паасобку яны нічога не ўяўляюць, але калі іх размясціць усе разам, гэта будзе сямейны скарб. Яго нельга прадаць, яго можна толькі захоўваць».
Андрэй і далей збіраецца папаўняць музей, збіраецца запрасіць усіх сваіх сваякоў з Вашынгтона, Парыжа, Стакгольма прыняць удзел у гэтай справе. Яшчэ ён думае перадаць некалькі фамільных абразоў царкве ў Дараганава.
Калі можна будзе ўбачыць у музеі тыя экспанаты, што правёз Андрэй Дараган, пакуль цяжка сказаць. Як патлумачыла дырэктар Асіповіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Антаніна Сцяпанава, зараз вырашаецца пытанне, як размясціць усё гэтае багацце. Андрэй збіраецца прыехаць будучым летам з эскізамі інтэр'ера будучага музея. Мяркуецца, што адна з пяці залаў будзе распавядаць пра дараганаўскі род у фотаздымках. Але толькі для таго, каб іх аформіць, спатрэбіцца шмат грошай, якія трэба яшчэ знайсці.
Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?