Вы тут

Гораду не патрэбны міфы, калі ён мае Гісторыю


Кнігі — як людзі: кожная мае свой лёс. Мяркую па сваёй бібліятэцы. Адны кніжкі так і засталіся часткай інтэр'еру, нечытанымі. Іншыя ад чужых вачэй хаваю, нікому не даю, бо маніякальна падазраю, што іх «зачытаюць». Ёсць такія экзэмпляры, якімі ад душы дзялюся, лічу лепшым падарункам.

Нешта мне падказвае, кніга Віктара Корбута «Мінск. Лепшы від на гэты горад», якая выйшла ў выдавецкім доме «Звязда», з апошняй катэгорыі: больш не трэба ламаць галаву, што, акрамя цукерак і лёну, дарыць гасцям-замежнікам. Бо гэтая кніга — не проста расказ пра Мінск, а пра горад, паказаны вачыма, учынкамі, працай найцікавейшых яго жыхароў.

Пра тое, што прымусіла ўзяцца за такі адмысловы летапіс горада, спыталася ў аўтара — журналіста і даследчыка Віктара Корбута.

— З 2002 года, — тлумачыць Віктар, — у газеце «Советская Белоруссия» выходзілі мае рэпартажы з раскопак Мінска, інтэрв'ю з гісторыкамі, мастакамі і архітэктарамі, іншымі вядомымі жыхарамі сталіцы. Мне пашчасціла сустрэцца з такімі цікавымі людзьмі, як Май Данцыг, Ілья Курган, Георгій Штыхаў, Адам Глобус, Леанід Левін і яшчэ дзясяткамі, сотнямі тых, хто мне паказаў найлепшы від на гэты горад — той Мінск, які ведалі толькі яны. А зараз адкрыюць для сябе і чытачы.

Гэтую кнігу я пісаў больш за дзесяць гадоў. Так сталася, што спачатку проста ў працэсе журналісцкай работы назапашваліся тэмы, незвычайныя гісторыі, і ўрэшце калегі сталі пытацца, чаму я не пішу кнігі, калі ўжо ёсць столькі цікавага матэрыялу. І сапраўды, на нейкім этапе стала зразумела, што той інфармацыйны масіў, які назбіраўся па ўсіх эпохах жыцця Мінска, патрабуе апрацавання і выдання не толькі ў выглядзе газетных артыкулаў, якія сёння прачытаў і забыў.

1379021672745_1

— Віктар, гэтая кніга найперш для саміх мінчан ці «на экспарт», як прынята казаць, для гасцей сталіцы?

— У першую чаргу яна разлічана на мінчукоў. На сваёй скуры я адчуў, што гэта такое — не ведаць свайго горада. У дзяцінстве, калі я жыў на «Шарыках», у Серабранцы, мае сваякі казалі — вось, паедзем «у горад». Гэта значыць — кудысьці на Ленінскі праспект, цяперашні Незалежнасці, у ГУМ, у цырк, у «Бульбяную». І я да нейкага часу проста не ведаў, што ёсць Мінск, які адрозніваецца ад спальных мікрараёнаў майго дзяцінства. І толькі калі ў 1992 годзе мы пераехалі жыць у цэнтр горада, на вуліцу Беларускую, што ля стадыёна «Дынама», я стаў адкрываць для сябе той Мінск, які называюць «горадам Сонца» — з прыгожай архітэктурай. А далей стала цікава: хто жыве ў тых будынках, што памятаюць муры?

Ужо праз два гады пасля пераезду ў цэнтр я правёў першыя ў сваім жыцці археалагічныя раскопкі — на руінах будынка каля Свята-Духавага кафедральнага сабора, там, дзе цяпер фантан. З тых раскопак у мяне да гэтага часу захаваліся дзве знаходкі: кавалкі кафлі з фрагментамі шляхецкага герба і выявай валошкі. Між іншым, на карціне Мая Данцыга, якую я выкарыстаў у якасці вокладкі кнігі, гэты будынак яшчэ відаць.

Я дагэтуль сутыкаюся з думкай, што Мінск зусім новы горад, што ў ім няма нічога старога, як, напрыклад, у найбліжэйшых да нас Вільні, Рызе, Варшаве, Кіеве, Маскве. Але ж, згадзіцеся, нават ХХ стагоддзе — гэта ўжо гісторыя, і ў ім было шмат чаго цікавага. Хачу адразу сказаць, што ў маёй кнізе няма міфаў і апокрыфаў. Гэта даследаванне, заснаванае на дакладных навуковых фактах. Кожная дэталь з мінулага горада падмацавана інтэрв'ю з археолагамі, гісторыкамі, а што да падзей ХХ стагоддзя, то і размовамі з іх відавочцамі — вядомымі грамадскімі і культурнымі дзеячамі.

1379021674630_2

— Вы катэгарычны праціўнік міфаў?

— Гісторыя Мінска багатая. Дык нашто тут нейкія легенды ці міфы? Напрыклад, ёсць будынак, які ў народзе завуць «Пішчалаўскім замкам» — гэта СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Між тым, гэта ніякі не замак у рамантычным сэнсе гэтага слова. Кіраўніком будоўлі быў заможны мінчанін Рудольф Пішчала, архітэктарам — Казімеж Хшчановіч. Будынак адразу ставілі як турму, а па імені пана Пішчалы назвалі Пішчалаўскім. Яго спрадвечная назва — «турэмны замак», так у Расійскай імперыі называлі вязніцу.

Таму калі цяпер кажуць, што турму адтуль трэба вывесці і зрабіць невядома што — гэта дыскусійнае пытанне. Але ж не лофты там рабіць для жылля, не офісы. Мо музей турэмнага побыту? Не ведаю. Іншая рэч, што будынак патрабуе пільнай рэстаўрацыі і захавання.

У Ракаўскім прадмесці ёсць хлебазавод. Ён яшчэ дарэвалюцыйны — усё ХХ стагоддзе там пяклі хлеб. А нядаўна збіраліся знесці... Нашто? Вось ідзеш вуліцамі Віцебскай ці Ракаўскай, а там пахне хлебам — выдатна, прыемна, хай там будзе пякарня, рэстаран, кандытарская. У Мінску гісторыя на кожным кроку!

Тое ж са шпалернай фабрыкай, што на вуліцы Шпалернай. Фабрыка там стаіць больш за сто гадоў. І хай надалей будзе.

— Віктар, мне здаецца, што галоўны міф Мінска — яго месца і год нараджэння. Ці не так?

— Так, ёсць міф аб заснаванні горада. І не адзін! Нібыта жыў нейкі ці то Менеск, ці то Мянеск, які заснаваў горад. Але гэтую легенду, хутчэй за ўсё, прыдумаў журналіст ХІХ стагоддзя Павел Шпілеўскі. Вядома, горад з'явіўся зусім не ў 1167 годзе, калі адбылася бітва на Нямізе. Гэта проста першае сведчанне пра Мінск у летапісе.

Горад быў заснаваны на беразе Свіслачы. Хаця ёсць версія, што спачатку знаходзіўся за Мінскай кальцавой аўтадарогай, і толькі пасля горад перанеслі на цяперашняе месца. Пра гэтую гіпотэзу і яе верагоднасць я пішу ў самым пачатку кнігі.

— А які, на ваш погляд, галоўны міф пра Мінск ХХ века?

— Тэма, якая ў грамадстве выклікае шмат увагі дагэтуль, гэта Вялікая Айчынная вайна. Тут таксама не абышлося без «гарадскіх легендаў» — маўляў, Мінск зруйнавала савецкая авіяцыя, нібыта гэта былі планамерныя ўдары. Такія спрэчкі вядуцца не вучонымі, а аматарамі. У маёй кнізе ёсць цэлы раздзел на гэту тэму. Гісторык Ірына Варанкова даследавала пачатак вайны скрупулёзна, па кожным дні, і ў інтэрв'ю адзначыла, у якія будынкі і калі траплялі снарады, бомбы.

Тэма жыцця пад акупацыяй да апошняга часу была закрыта, даследаваліся і асвятляліся партызанская барацьба, падполле. А пра штодзённы побыт горада «пад немцамі» стараліся не пісаць. Гэта былі трагічныя дні. З аднаго боку, знішчаліся будынкі, людзі, а з другога — спроба выжыць, захаваць культурныя каштоўнасці. Я лічу, што гісторыю трэба ўспрымаць як складаную псіхалагічную хроніку чалавечых узаемаадносін і спрабаваць зразумець матывацыі розных людзей.

Як паставіцца да лёсу вядомага мастака Валянціна Волкава? Ён аўтар эскіза Дзяржаўнага герба БССР і вядомай патрыятычнай карціны з выявай уваходу Чырвонай Арміі ў Мінск «3 ліпеня 1944 года». Але ж у час вайны ён застаўся ў акупаваным горадзе, як наогул многія мастакі, удзельнічаў у выставах, што адкрываў Вільгельм Кубэ! Я не знайшоў сведчанняў, што Волкаў у 1941-1944 гады маляваў прапагандысцкія творы, якія ўхвалялі б нацысцкі рэжым. Мо таму пасля вызвалення Беларусі мастак застаўся на волі, яго не арыштавалі, а я прасачыў, як мянялася яго творчасць ужо ў новых умовах. Менавіта такія жыццёвыя гісторыі, лёсы фарміруюць гісторыю горада. Пішучы пра сваіх герояў, я перажываў разам з імі іх лёсы, і вы таксама, чытаючы кнігу, адчуеце гісторыю Мінска «на сваёй скуры».

— Гартаючы кнігу, складваецца ўражанне, што вы збіралі яе, як мазаіку, і атрымалася сапраўды карціна: від на горад. Мяне асабліва зацікавіла вокладка выдання. Чаму вы вынеслі на яе карціны Мая Данцыга?

— Май Данцыг — карэнны мінчук. На сваіх палотнах ён захаваў Мінск, якога ўжо няма: мы бачым будынкі, якія маглі б яшчэ да гэтага часу стаяць. Напрыклад, Халодная сінагога на Нямізе, якая цалкам упісвалася ў новы ракурс горада. Яе знеслі, слядоў не засталося, а на карціне, на якой адлюстраваны бурлівыя змены на Нямізе, будаўніцтва Дома мод, сінагога яшчэ стаіць. На другой карціне Данцыга — мост з праспекта Незалежнасці на вуліцу Маскоўскую. На паласе відаць Дом урада, касцёл у гонар святых Сымона і Алены — той горад, які сфарміраваўся на пачатку ХХ стагоддзя. Гэта таксама гістарычны Мінск, бо цэнтр горада ў ХХІ стагоддзі, здаецца, зрушваецца на праспект Пераможцаў.

І яшчэ вярнуся да асобы Данцыга. Дзед Мая Вольфавіча — Герц — меў сваю друкарню на рагу Нямігскай і Камсамольскай вуліц. У жніўні 1917 года, яшчэ пры Керанскім, ён адзіны з мінскіх друкароў згадзіўся надрукаваць першы нумар бальшавіцкай газеты «Звезда» — папярэдніцы цяперашняй «Звязды». Гэта таксама эпізод, які варты захавання ў нашай памяці. І спадзяюся, што газета «Звязда» не пакіне такі цікавы факт без увагі, і на рагу старых вуліц з'явіцца мемарыяльная шыльда ў гонар мастака Мая і яго дзеда Герца.

У кнізе «Мінск. Лепшы від на гэты горад» многа фактаў, пра якія маўчаць энцыклапедыі і падручнікі. Але без гэтых фактаў, кажучы словамі вядомага расійскага журналіста Леаніда Парфёнава, «нас немагчыма ўявіць, яшчэ цяжэй — зразумець».

Ларыса РАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.