Вы тут

Сельская дыскатэка: скончана работа, зноў прыйшла субота...


Вядома, што наведаць дыскатэку — самы распаўсюджаны ў моладзі спосаб адпачыць. У невялікіх гарадах, пасёлках, а тым больш у вёсках іншага "выйсця ў свет" для моладзі папросту не існуе, таму там сельскія дыскатэкі — гэта асобны свет... На "разведку" было вырашана паехаць у Обаль — невялікі пасёлак у Шумілінскім раёне.

...Каля мясцовага ДК, у якім, па чутках, і праходзяць дыскатэкі, я была а 23 гадзіне вечара. Але ніякіх прыкмет жыцця там не назіралася — цёмны будынак стаяў пустым. Толькі на дзвярах вісела паперка: "Вечар адпачынку праходзіць у кавярні. Пачатак а 20-й гадзіне".

Кавярня размяшчалася ў двухпавярховым будынку савецкіх часоў. Я чакала, што на ўваходзе будзе хоць якая-небудзь праверка на цвярозасць ці на "паўналецце"... Прынамсі, настроілася на набыццё квіткоў. Але ўваход быў абсалютна вольны і без аніякіх праверак.

Зала аказалася падзеленай на дзве часткі: на адной — кавярня, а на другой — танцпляцоўка. Яшчэ быў бар, які нагадваў, хутчэй, школьны буфет. Да мяне адразу падбегла маладая барменша з пытаннем: "Што будзеце піць?" Я паглядзела на столікі: на ўсіх было піва, і амаль на ўсіх — гарэлка. На пытанне, чаму дыскатэкі апошнім часам праводзяцца не ў клубе, а ў кавярні, ніхто адназначна не адказаў. Але па спажыванні спіртнога ўсё і так стала зразумелым...

"Гэта ж адзінае месца, куды моладзь можа схадзіць адпачыць. Таму ўсе і чакаюць суботу", — паведаміла маладзенькая барменша.

Калі меркаваць па тым, як моладзь "запальвала", дык чакала яна гэтай суботы і сапраўды моцна. Юнакі і дзяўчаты станавіліся ў кола і танцавалі, хто як умеў і мог. Толькі і данасілася: "Лёха, давай!". А адзін вельмі актыўны хлопец насіўся па зале з крыкамі: "Ну што вы так глядзіце? Мяне тут не існуе! Я з Валгаграда!". Па вясёлай рэакцыі "танцораў" стала зразумела, што "герой" сённяшняга "дэнсу" вызначаны.

Публіка была разнастайная. Былі і тыя, каму ледзь споўнілася 18, і больш сталыя. Праўда, апошнія сюды прыйшлі з мэтай расслабіцца за "чарачкай".

Музыка была далёкая ад той, што можна пачуць у мінскіх начных клубах. У зале гучалі хіты 1990-х і пачатку 2000-х. "Сумна тут, — падзяліўся дыджэй, — просяць круціць адно рэтра". На асабліва папулярныя ў мясцовай публікі хіты (такія, як "Вецер з мора дзьмуў") выходзіла танцаваць шмат народу. Склад "танцораў" пастаянна мяняўся: "парачкі" бегалі па закутках, а хлопцы перыядычна здзяйснялі "перабежкі" да столікаў па "дабаўку". Бліжэй да апоўначы ўжо пачыналі "наклёўвацца" дробныя разборкі. Адзін хлопец, пэўна адчуўшы сваю слабасць перад праціўнікам, зняў свае пантофлі і... стаў імі пагражаць.

У зале працаваў "вольны мікрафон". Адна кампанія падбегла да яго і стала выкрыкваць віншаванні сваёй сяброўцы, якую яны дружна праводзілі ў Піцер

. Потым выбегла сама дзяўчына, стала дасылаць публіцы паветраныя пацалункі і крычаць: "Я вас усіх люблю!". А паколькі на такіх дыскатэках усе адно аднаго ведаюць, таму атрымліваецца такі своеасаблівы "сельскі карпаратыўчык"...

Калі надышла апоўнач, барменша Воля занепакоілася: "Усё. Пайду прасіць, каб прыехала міліцыя. Я ж адна не спраўлюся, не разганю..." Заканчэння дыскатэкі чакала не толькі адна яна...

Аб'явілі апошні танец. Тут жа парачкі, якія "адасабляліся" на лесвіцы, хуценька вярнуліся ў залу. А хлопец з Валгаграда, пэўна адчуўшы канец "весялухі", вырашыў прыцягнуць увагу іншым спосабам. Скінуў з сябе кашулю і феерычна кінуў яе тым, хто сядзеў у зале. А затым з крыкам "Чаго ты лезеш да мяне?" накінуўся на хлопца, што стаяў побач...

Потым прыехала міліцыя... Яшчэ праз нейкі час дзяўчаты, што намагаліся супакоіць "валгаградскага" хлопца, ужо цягнулі яго дадому...

Вікторыя ЧАПЛЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.