25 верасня, пятніца

Вы тут

Расказваем аб ініцыятыўных і нераўнадушных жанчынах Шумілінскага раёна


Напярэдадні міжнароднага жаночага свята карэспандэнт «МС» пабываў у Шумілінскім раёне, што на Віцебшчыне, каб расказаць аб ініцыятыўных і нераўнадушных жанчынах, якія на розных пасадах выконваюць службовыя абавязкі не толькі дзеля зарплаты, справаздачы, стажу і падобных рэчаў — у іх, як кажуць, «вочы гараць», шмат ідэй, планаў, пастаянна нешта прыдумваюць, каб людзям вакол было цікавей, утульней, і самі ж рэалізуюць ідэі, вывучаюць попыт тутэйшых, шукаюць крыніцы фінансавання...


Да старэйшыны... па рыбу!

У Башнеўскай вясковай бібліятэцы Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы працуе Ала Сафончык. У гэтай невялічкай бібліятэцы каля трохсот чытачоў, што параўнальна шмат.

Напэўна, іншая і выдавала б спакойна кнігі. Ну, напэўна, праводзіла б вечары ў гонар паэтаў і пісьменнікаў. Але такое — не пра гэтую жанчыну. Падчас размовы яна вельмі эмацыянальна знаёміла з установай культуры і расказвала, што сюды прыходзяць не толькі па кнігі. Многіх цягне абмеркаваць навіны, проста пагаварыць ці параіцца.

Цікава, што да таго, як стаць бібліятэкарам, суразмоўніца працавала каля 15 гадоў у мясцовай гаспадарцы — галоўным ветэрынарным урачом. А ў «храме кніг» — каля 17 гадоў. Бібліятэкар з'яўляецца старэйшынай населенага пункта. Канешне, вяскоўцы заўсёды адно ў аднаго як на далоні, а старэйшына ведае, як той казаў, усё і пра ўсіх яшчэ больш. І стараецца, каб вясковыя людзі маглі цікава правесці вольны час. Напрыклад, народу падабаюцца вечарыны, якія вельмі нагадваюць тэлеперадачу савецкага часу «Ад усёй душы». У прыватнасці, яе героем стаў вядомы мясцовы жыхар Леанід Пагарэльскі.

— Ён доўгі час кіраваў сельскагаспадарчай арганізацыяй. І некалькі пакаленняў вяскоўцаў удзячныя яму за тое, што вельмі клапаціўся аб падначаленых, многім без перабольшвання даў пуцёўку ў жыццё. Бывала, і перавыхоўваў тых, хто гэтага заслугоўваў. Яму ўжо 77 гадоў. Але вельмі жвавы, лёгкі на пад'ём, ахвотна дзеліцца вопытам з цяперашнімі аграрыямі. Пасля вечарыны, прысвечанай яму, падняўся з крэсла клуба і... расплакаўся сціплымі мужчынскімі слязамі. Сказаў, што такое паважлівае стаўленне за тое, што ён зрабіў для землякоў, шчырыя словы ўдзячнасці, пажаданні дабрыні дадуць яму яшчэ больш сіл, — згадвае суразмоўніца.

Вясковая дзятва вельмі паважае старэйшыну за тое, што яна з імі «на адной хвалі» не толькі ў бібліятэцы. Ала Валянцінаўна арганізуе паходы з краязнаўчым ухілам. А яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем дапамагаюць вырашаць «рыбныя пытанні». Побач з бібліятэкай — возера. З вокнаў вадаём, да якога некалькі дзясяткаў метраў, добра відаць.

Муж бібліятэкаркі — заядлы рыбак. Для школьнікаў арганізоўваюць святы юшкі, на якіх тыя вучацца кухарыць, а затым яны і сваякоў вучаць.

І «вежавая» пляцоўка

У Башнеўскай базавай школе матэматыку выкладае вясковая энтузіястка Марына Аляксеенка. Працуе тут ужо амаль 35 гадоў і ніколі не хацела змяніць месца жыхарства.

Марына Рыгораўна родам з Пастаўшчыны, а ў Шумілінскі раён пераехала, калі выйшла замуж. Жанчына ніколі не застаецца раўнадушнай і хоча, каб словы пра павышэнне якасці жыцця і работы былі не проста прыгожым лозунгам. Яна не раз даказвала, што пры жаданні, настойлівасці можна насамрэч горы звярнуць. І недахоп грошай — вечная праблема, але пры жаданні іх знайсці не так ужо і складана.

Напрыклад, жанчына стала ініцыятарам таго, каб на новым узроўні ў сельскай школе былі арганізаваны заняткі фізкультурай і спортам. У выніку ўсё атрымалася. Вяскоўцы выйгралі конкурс сацыяльных праектаў і змаглі купіць абсталяванне для спартыўнай залы школы. Рыэлтарская кампанія перавяла 1600 рублёў, для таго каб школьнікам набылі лыжы і спартыўнае адзенне, палаткі для паходаў...

Вясковая жыхарка таксама была адным з аўтарам ідэі арганізаваць пляцоўку для адпачынку землякоў. Ініцыятыва «Вежы LІVE» атрымала падтрымку і добры грамадскі рэзананс.

Разам са старшынёй сельскага Савета дэпутатаў Аляксандрам Дзмітрэнкам, старэйшынай аграгарадка Алай Сафончык і іншымі ініцыятыўнымі людзьмі на беразе возера Будавесць добраўпарадкавалі зону адпачынку. Правялі там жа «Фестываль вады».

— Вяскоўцы розных узростаў наводзілі парадак, актыўна бралі ўдзел у стварэнні і ўстаноўцы так званых малых архітэктурных формаў, паказе творчых нумароў і г. д. І цяпер культурны адпачынак на свежым паветры вельмі папулярны сярод тутэйшых, — згадвае яна.

Настаўніца таксама распрацоўвае веласіпедныя экскурсіі. Натхняе школьнікаў і іх бацькоў займацца творчасцю, упрыгожваць не толькі ўстанову адукацыі, але і родны край. Між іншым, яна — намеснік старшыні праўлення грамадскай арганізацыі «Экабум». Сярод іншага сочыць з вучнямі за станам вады ў прыватных калодзежах, вывучае рэкі і азёры...

Летапісец сельсавета

А старшыня Мішнявіцкага сельскага Савета дэпутатаў, аднаго з васьмі ў раёне, Галіна Зязюлька, з адукацыі выкладчык біялогіі, у вольны час займаецца выпускам інфармацыйнага бюлетэня «Рэха падзей».

Дзякуючы ёй штогод выходзіць некалькі нумароў выдання тыражом каля трыццаці экзэмпляраў — летапіс сельсавета.

Кіраўнік улады пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню ў той жа час каля шасці гадоў з'яўляецца рэдактарам. У нумарах — не толькі навіны: ёсць шмат цікавай інфармацыі пра мінулае. Напрыклад, пра тое, што ў 1864-м у Мішнявічах адкрылі царкоўна-прыходскую школу на сорак навучэнцаў. У ёй было ўсяго тры класы. У 1910-м адкрылі яшчэ 4-ы і 5-ы. У вёсцы Барсучына таксама была школа з чатырма класамі.

— У 1922 годзе на тэрыторыі сельсавета было ўжо сем школ першай ступені і адна — другой ступені. Таксама былі адкрыты бібліятэка і хата-чытальня, — расказвае Галіна Уладзіміраўна.

А ў 1924 годзе тут былі арганізаваны калгасы «Прагрэс» і «Трактар». У 1930-м яны аб'ядналіся ў адну камуну, якая існавала да 1934-га.

Дэпутат таксама піша гумарэскі і расказы. З вялікім інтарэсам яна арганізуе розныя культурныя мерапрыемствы для выбаршчыкаў. Упершыню ў раёне арганізавалі свята 100-гадовага юбілею сельсавета. Каб у сцэнарыі мерапрыемства не прапусціць важных падзей з багатай гісторыі, яна шмат часу працавала ў архівах.

Актывістка лічыць, што ў адміністрацыйнай адзінкі вялікі турыстычны патэнцыял. У заказніку больш за сорак відаў птушак; не заходзячы далёка ў лес, можна ўбачыць мядзведзя, рысь. Балоты заказніка вядомыя далёка за межамі Беларусі. Шумілінскі раён мае добрую славу і дзякуючы валунам: тут знаходзіцца самы вялікі ў краіне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара і з асабістага архіва гераінь публікацыі

Загаловак у газеце: Крэатыўныя энтузіясткі Шуміліншчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Выхаванцы Веснаўскага дома-інтэрната, што на Магілёўшчыне, робяць сваімі рукамі абразы для пабудаванай на іх тэрыторыі капліцы

Культавая пабудова, якая будзе асвечана на свята Пакроваў у гонар свяціцеля Патрыка, асветніка зямлі Ірландскай, ужо цалкам гатова, засталося толькі упрыгожыць храмавыя сцены іконамі.

Палітыка

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

Дэпутат Варанецкi: Важна, каб мы выйшлi з выпрабаванняў больш моцнымi, адзiнымi i кансалiдаванымi

«Горш за ўсё, калi канфрантацыйная рыторыка гучыць з боку ўлады».

Грамадства

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

Як бяздзетнай пары завесцi дзiця?

У гэтым праекце знаёмім вас з бяздзетнымi парамi, якiя хацелі, але праз стан свайго здароўя не маглі мець дзяцей.