Вы тут

Як працуюць старэйшыны ў Шумілінскім раёне?


На Шуміліншчыне штомесячныя Дні работы з насельніцтвам дазваляюць аператыўна вывучаць і вырашаць праблемныя пытанні, папярэджваць звароты грамадзян.


Толькі прамыя зносіны

— Дні работы з насельніцтвам — эфектыўная форма работы з вяскоўцамі. Галоўная мэта — прамыя стасункі прадстаўнікоў улады і людзей, вывучэнне і вырашэнне праблемных пытанняў. А паралельна — папярэджанне правапарушэнняў і злачынстваў, умацаванне супрацьпажарнай бяспекі, прафілактыка сацыяльнай неўладкаванасці. У дадатак адказныя асобы нагадваюць грамадзянам аб неабходнасці наводзіць парадак на падворку, браць удзел у добраўпарадкаванні вёскі, — расказвае старшыня Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Новікава.

Напярэдадні мерапрыемства на тэрыторыі канкрэтнага сельсавета праводзіцца падрыхтоўка праз раённую газету старэйшын, паведамляецца, калі яно адбудзецца і дзе.

Ствараюцца рабочыя групы, якія ўзначальваюць старшыня раённага Савета дэпутатаў, намеснікі старшыні райвыканкама. У складзе груп — прадстаўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, работнікі РАУС, РАНС, дэпутаты, старэйшыны...

Старшыня сельскага Савета, на тэрыторыі якога праводзіцца Дзень работы з насельніцтвам, знаёміць членаў груп са становішчам спраў. Пры гэтым асаблівая ўвага скіравана на праблемныя пытанні і магчымыя шляхі іх вырашэння.

— Падчас такіх Дзён пастаяннымі сталі падворныя абходы дамоў грамадзян, якія злоўжываюць спіртным, адзінока пражываючых, шматдзетных, — працягвае Ірына Новікава.

Вяскоўцам раздаюць улёткі і буклеты па прафілактыцы пажараў, злачынстваў і правапарушэнняў, а таксама па відах і кошце сацыяльных паслуг.

Для «візіцёраў» усё цікава: ці ёсць нараканні на работу ЖКГ, устаноў аховы здароўя, культуры, гандлю і бытавога абслугоўвання? Як можна выправіць сітуацыю? Што для гэтага неабходна?

Калі вёсачкі невялікія, асаблівы інтарэс да «крам на колах»: ці прыязджаюць па графіку, ці прывозяць усё, што хацелі б купіць, ці спраўны халадзільнік, ці на ўсіх таварах указаны цэны?

Пастаянна ў рамках Дня работы з насельніцтвам арганізуецца і Дзень прафілактыкі. Падчас іх праводзіцца адкрытае пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку, індывідуальна працуюць з грамадзянамі нарколаг і псіхолаг раённай бальніцы.

Арганізуюцца і сустрэчы ў працоўных калектывах, установах адукацыі. А яшчэ адказныя асобы (старшыня райвыканкама і райсавета, намеснікі старшыні райвыканкама) праводзяць выязныя прыёмы, выслухоўваюць людзей, «бяруць на аловак» тое, што турбуе.

На кантролі, а не «для галачкі»

Па выніках Дзён работы з насельніцтвам складаецца пратакол даручэнняў па выкананні просьбаў грамадзян, па паляпшэнні работы арганізацый, размешчаных на тэрыторыі адпаведнага сельсавета.

— Значная частка пытанняў вырашаецца аператыўна. Па пытаннях, пастаўленых на кантроль, дакладваюць сітуацыю і старшыні іншых сельскіх Саветаў, на тэрыторыі якіх раней праводзіліся такія мерапрыемствы, — канстатуе старшыня райсавета.

Падчас падвядзення вынікаў заслухоўваюцца справаздачы кіраўнікоў арганізацый, раённых службаў аб рэагаванні на заўвагі, якія паступілі падчас правядзення сходаў, выязных прыёмаў.

Летась з 127 пастаўленых насельніцтвам пытанняў было вырашана 117, дзесяць застаецца на кантролі. З дапамогай правядзення Дзён работы з насельніцтвам удаецца аператыўна вырашаць праблемныя пытанні людзей, папярэджваць звароты грамадзян у больш высокія інстанцыі, умацоўваць давер да ўлады.

Найперш жыццёвыя пытанні

Асаблівай павагі заслугоўвае дзейнасць старэйшын Шумілінскага раёна, якіх у раёне 127 на 240 вёсак. У мінулым годзе ў сельскіх населеных пунктах з іх удзелам адбылося больш за 300 сходаў грамадзян, на якіх разглядаліся самыя злабадзённыя, жыццёвыя пытанні.

Як нагадала Ірына Новікава, старэйшыны ў першую чаргу прадстаўляюць і адстойваюць інтарэсы аднавяскоўцаў. Яны агітуюць прымаць удзел у работах па добраўпарадкаванні, спрыяюць вырашэнню пытанняў водазабеспячэння, закупкі лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама кантралююць работу аўтамагазінаў, вулічнага асвятлення. Яны ж уваходзяць у склад назіральных камісій, саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку...

— Іх можна назваць «вачыма і вушамі, і рупарамі вёсак», бо ведаюць аб усім, што там адбываецца. Аператыўна паведамляюць у сельскі Савет, кіраўнікам арганізацый і службаў аб праблемных пытаннях. Усе старэйшыны — людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. У прыватнасці, дзякуючы актыўнаму ўдзелу старэйшын, летась у межах самаабкладання сабралі 2,3 тысячы рублёў, — працягвае Ірына Новікава.

Што за вёска без свята?

Марыя Цімафееўна Лялюга, старэйшына вёскі Лялюгі Дабейскага сельсавета, пастаралася, каб маленькі населены пункт з насельніцтвам 23 чалавекі быў дагледжаны. А яшчэ яна — майстар ладзіць святы.

З удзелам старэйшын, дэпутатаў сельскіх Саветаў, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, работнікаў устаноў культуры пастаянна праводзяцца святы вёсак, вуліц, двароў «Павага табе, маё сяло». Толькі летась праведзена 21 такое мерапрыемства.

А па ініцыятыве старэйшыны вёскі Дабея Дабейскага сельсавета Алы Мікалаеўны Бубен праведзена карпатлівая праца па зборы матэрыялаў пра гісторыю гэтага населенага пункта, адкрыты памятны знак і мемарыяльная дошка ў гонар 610-й гадавіны першага згадвання вёскі, на сайце «Аднакласнікі» створана група «Дабея. Землякі».

Старэйшына вёскі Мікалаева Мікалаеўскага сельсавета Марыя Мацвееўна Кралько арганізавала работу па навядзенні парадку і яго падтрыманні на могілках...

Старэйшына вёскі Мішневічы аднайменнага сельсавета Святлана Пятроўна Зуева актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця і займаецца прафілактыкай парушэнняў правапарадку. Матрона Уладзіміраўна Гушча, старэйшына вёскі Бубалі Мікалаеўскага сельсавета і дэпутат сельскага Савета, актыўна аказвае дапамогу адзінока пражываючым, а яшчэ жанчына пільна кантралюе работу аўтакрам, вулічнага асвятлення, сочыць за добраўпарадкаваннем населенага пункта.

Каб стымуляваць працу старэйшын, ім штоквартальна, у адпаведнасці з інструкцыямі, якія зацвярджаюцца рашэннямі сельскіх Саветаў дэпутатаў, выплачваюць грашовае ўзнагароджанне.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Усе прыедуць да вас!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.