Вы тут

Працоўны семестр — круглы год


Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў 12 жніўня Указ № 356, якім унесены змяненні і дапаўненні ва Указ ад 16 красавіка 2012 года № 181 "Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Калі раней студэнцкія атрады маглі ажыццяўляць сваю дзейнасць толькі ў перыяд з 1 мая па 30 верасня, то цяпер навучэнская моладзь зможа шчыраваць у складзе студэнцкіх атрадаў круглы год. Такім чынам студатрадаўскі рух у Беларусі, які адзначае сёлета сваё 50-годдзе, атрымаў цудоўны падарунак ад кіраўніка дзяржавы.

 

Вынікі анкетавання, праведзенага БРСМ сумесна з Міністэрствам адукацыі сярод вучнёўскай і студэнцкай моладзі, сведчаць, што амаль 70% апытаных жадаюць атрымліваць не толькі стыпендыю, але і шукаюць магчымасць паралельна з вучобай падзарабіць. Арганізацыя работы студэнцкіх атрадаў на працягу ўсяго года, а не толькі ў час летніх канікулаў, з'яўляецца адной з самых прыдатных формаў працоўнай занятасці навучэнскай моладзі.

Трэба нагадаць, што леташні Указ кіраўніка дзяржавы "Аб арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў" значна спрасціў фарміраванне студэнцкіх атрадаў і ўзгадненне пераліку аб'ектаў, дзе студэнты могуць і працаваць, і зарабіць, і дзе ёсць работа для студэнцкіх рук. Да таго ж у студэнцкія атрады цяпер могуць уключацца маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года. Гэта значыць, што стаць байцом атрада могуць у тым ліку і непаўналетнія. У мінулым годзе ў летні час у складзе 2040 студэнцкіх атрадаў былі працаўладкаваны 47 863 чалавекі. У 2011 годзе гэтая лічба склала 27,3 тысячы чалавек, а ў 2010 годзе — каля 20 тысяч.

— Прымяненне пры арганізацыі круглагадовай другаснай занятасці моладзі такой формы, як студатрады, дазволіць вызваліць маладых людзей ад выплаты падаткаў, што прадугледжана Падатковым кодэксам для ўсіх удзельнікаў студэнцкіх атрадаў, — патлумачыла журналісту "Звязды" прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Юлія Ваніна. — Але хачу падкрэсліць, што паняцце "трэцяга працоўнага семестра", як найбольш актыўнага перыяду дзейнасці студэнцкіх атрадаў (з 1 мая па 30 верасня), усё роўна захоўваецца...

Залічэнне навучэнцаў у студатрады для работы з верасня па май будзе ажыццяўляцца толькі па ўзгадненні з кіраўніком іх навучальнай установы, — удакладнілі ў міністэрстве. Акрамя таго, указам Прэзідэнта прадугледжана, што правядзенне медыцынскіх аглядаў удзельнікаў студэнцкіх атрадаў і прафілактычныя прышчэпкі будуць ім рабіцца арганізацыямі аховы здароўя на бясплатнай аснове.

Мяркуецца, што новыя ўмовы працаўладкавання прыцягнуць у склад студатрадаў, у тым ліку і будаўнічых, большую колькасць студэнцкай і навучэнскай моладзі, а гэта дазволіць маладым людзям прымаць удзел у рабоце на знакавых будаўнічых аб'ектах Беларусі.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.