Вы тут

Закон для канкурэнцыі


Восенню будуць разгледжаны законапраекты, накіраваныя на зніжэнне кошту паслуг сотавай сувязі, пошты і авіяпералётаў

На пачатак жніўня ў Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі знаходзілася 8 законапраектаў, з іх 2 рыхтуюцца да першага чытання і 6 — да другога. Пра асноўныя новаўвядзенні, якія змяшчаюць будучыя законы, "Звяздзе" расказаў старшыня Камісіі Дзмітрый Харытончык.

1375987371333_7-13

Службовая інфармацыя

Закон аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі быў унесены ў парламент 1 лістапада 2012 года, а 30 мая ён быў прыняты ў першым чытанні. У ім упершыню на заканадаўчым узроўні рэгулююцца пытанні аб службовай інфармацыі абмежаванай распаўсюджанасці.

"Закон вызначае, што адносіцца да такой інфармацыі, і дае пералік дакладных падстаў для забароны прадастаўлення інфармацыі, — патлумачыў Дзмітрый Харытончык. — Праект закона таксама прапісвае абавязковасць прадастаўлення пераліку закрытай або абмежаванай інфармацыі для грамадзян, гэта значыць, кожны зможа ўбачыць, якая інфармацыя для яго закрыта, а якая — не".

Законапраект удасканальвае спосабы прадастаўлення інфармацыі, прадпісвае дзяржаўным органам размяшчаць сваю інфармацыю на ўласных сайтах у інтэрнэце. Акрамя таго, грамадзянам даецца права атрымліваць інфармацыю (якая не змяшчае абмежаванага доступу) непасрэдна на пасяджэннях выканкамаў.

Праект закона таксама мае вызначэнне "асабістых даных" грамадзян, парадак іх прадастаўлення і карыстання імі.

Незваротныя авіябілеты

У восеньскую сесію плануецца прыняць законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Паветраны кодэкс. Асноўная навіна гэтага дакумента — вызначэнне прававога статусу эксперыментальнай авіяцыі.

"Змены прадыктаваны дынамічным развіццём будаўніцтва ў Беларусі беспілотных лятальных апаратаў, — сказаў старшыня парламенцкай камісіі. — Пакуль што ў законе не былі ўрэгуляваны ні вытворчасць, ні выпрабаванні, ні эксплуатацыя такіх апаратаў. Цяпер такі прабел будзе ліквідаваны. Законапраект вызначае, які павінен быць аператар беспілотнага лятальнага апарата, якія ён павінен мець дакументы, што з'яўляецца эксперыментальным палётам".

Праект закона прыводзіць наша заканадаўства ў адпаведнасць з патрабаваннямі міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, што палегчыць супрацоўніцтва з замежнымі авіяперавозчыкамі.

Уводзіцца паняцце сістэмы "незваротных білетаў", каб абараніць нацыянальнага аператара ад страт. Дагэтуль турагенцтвы, якія загадзя браніравалі авіябілеты, маглі адмовіцца ад іх пакупкі, у выніку чаго самалёты ў пік сезона аказваліся напалову пустымі. Гэта адлюстроўвалася і на кошце білетаў, якія ўключаюць страхавыя ўзносы ад падобных страт. Цяпер, калі беларуская авіякампанія зможа прадаваць "незваротныя білеты", яны павінны быць больш таннымі, бо не будуць змяшчаць выдаткі на страхаванне ад страт. Зараз ідзе абмеркаванне долі такіх білетаў у рэйсе.

Кур'ерская пошта

Законапраект аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон аб паштовай сувязі распрацаваны на падставе правапрымальнай практыкі і падпісаных Беларуссю міжнародных дагавораў. Праект уводзіць новыя паняцці: "кур'ерская сувязь" і "кур'ерская паслуга".

"У праекце закона змешчаны шэраг нормаў, накіраваных на павышэнне канкурэнцыі ў сферы аказання паштовых паслуг, — лічыць дэпутат. — Напрыклад, значна абмяжоўваюцца выключныя правы нацыянальнага аператара і адкрываюцца большыя магчымасці для дзеяння прыватных аператараў".

Закон аб метрапалітэне

Восенню плануецца разгледзець цалкам новы законапраект — аб гарадскім электрычным транспарце і метрапалітэне. Дагэтуль вышэйзгаданая сфера рэгулявалася толькі агульнымі законамі аб транспарце і падзаконнымі актамі.

"Адсутнасць базавага закона не дазваляла дакладна выбудаваць сістэму адносін у гэтай сферы, — сказаў Дзмітрый Харытончык. — Цяпер закон дасць асноўныя вызначэнні, дазволіць замацаваць правы і абавязкі заказчыка, аператара паслуг, перавозчыка і грамадзян".

Закон таксама прапіша асноўныя патрабаванні да ўстойлівай і бяспечнай работы транспартнай сістэмы. Адна з навін — дагаворныя адносіны паміж заказчыкам, якім выступае дзяржаўны орган (выканаўчы камітэт), і аператарам пасажырскіх перавозак. Аператар вызначае неабходнасць і дастатковасць пасажырскіх перавозак, напрамкі і колькасць маршрутаў. Абавязкі па ўтрыманні дарог, пасадачных станцый і прыпынкаў ускладаюцца на заказчыка. Кантроль за іх станам і эксплуатацыяй — за аператарам. Аператар, зыходзячы з неабходнасці, прыцягвае перавозчыкаў і, у сваю чаргу, заключае дагавор з імі.

"Такім чынам, мы будзем мець празрыстую і зразумелую сістэму гарадскіх перавозак электрычным транспартам на дагаворных адносінах", — рэзюмаваў дэпутат.

Абавязковая хуткасць

Асноўнае новаўвядзенне законапраекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон аб электрасувязі — патрабаванне да якасці прадастаўлення паслуг. Гэта значыць, што, калі, напрыклад, інтэрнэт-правайдар дэкларуе пэўную хуткасць перадачы даных, то ён павінен яе вытрымаць у абавязковым парадку. На ўзроўні закона ўводзіцца адказнасць за адпаведнасць гэтых даных.

"Гэты закон таксама накіраваны на стварэнне канкурэнтных умоў у гэтай сферы дзейнасці, — сказаў Дзмітрый Харытончык, — для чаго прапісваюцца паўнамоцтвы органа дзяржаўнага кіравання ў гэтай сферы — аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце, які будзе вызначаць аператараў з магчымасцю пропуску міжнароднага інтэрнэт-трафіку і падключэння да замежных інтэрнэт-сетак. Гэта значыць, з моманту прыняцця гэтага закона "Белтэлеком" пазбаўляецца манапольнага права на прадастаўленне такіх паслуг. Гэта дазволіць знізіць кошт на інтэрнэт-трафік для насельніцтва".

Паняцце "нацыянальны аператар электрасувязі" замяняецца на "прызначанага аператара ўніверсальнага абслугоўвання". Прызначацца такі аператар, у залежнасці ад якасці паслуг і ўмоў, будзе Міністэрствам сувязі.

Уводзіцца паняцце "адзінай сеткі перадачы даных", права доступу да якой таксама будзе вызначаць Міністэрства сувязі.

Законапраект таксама канкрэтызуе пытанні па прадстаўленні радыёчастот, усталёўвае правіла карыстання імі. Лібералізуецца выкарыстанне радыёэлектронных сродкаў, высокачастотных устройстваў, якія не падлягаюць ліцэнзаванню.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.