Вы здесь

Якую сумесную заяву разглядалі парламентарыі па падтрыманні калектыўнай бяспекі?


Днямі адбылося пазачарговае пасяджэнне Пастаяннай камісіі Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па палітычных пытаннях і міжнародным супрацоўніцтве. Парламентарыі сустрэліся ў фармаце відэаканферэнцыі і абмеркавалі праект заявы Савета ПА АДКБ аб недапушчальнасці замежнага ўмяшання ў выбарчыя працэсы краін — членаў арганізацыі.


Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі ПА АДКБ, намеснік старшыні камітэта Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па міжнародных справах Дзмітрый НОВІКАЎ, выбары, якія абдыліся ў дзяржавах — членах АДКБ, прадэманстравалі сталасць і ўстойлівасць выбарчых сістэм, вольны, адкрыты, канкурэнтны характар выбараў, што адпавядае нацыянальнаму заканадаўству, агульнапрынятым універсальным і рэгіянальным міжнародным абавязацельствам у гэтай галіне.

У той жа час, нагадаў выступоўца, падчас выбараў назіралася прамое і ўскоснае знешняе ўмяшанне, якое мела на мэце паставіць пад сумненне іх дэмакратычны характар і праявілася, у прыватнасці, у неаб'ектыўнай ацэнцы працэсаў, што адбыліся, і шырокім выкарыстанні сацсетак, відэахостынгаў і іншых сродкаў масавай камунікацыі для сістэмных інфармацыйных укідаў, накіраваных на расслаенне і палярызацыю грамадства і правакуючых электарат на радыкальныя дзеянні.

Асаблівую заклапочанасць, падкрэсліў парламентарый, выклікае ўмяшанне ў нацыянальныя выбарчыя працэсы дзяржаў — членаў АДКБ афіцыйных прадстаўнікоў шэрагу замежных дзяржаў. Пры гэтым дзяржавы, якія выкарыстоўваюць такія метады, прытрымліваюцца двайных стандартаў і, як правіла, у іх саміх адзначаюцца сур'ёзныя праблемы з арганізацыяй і правядзеннем выбараў. Такія дзяржавы і іх прадстаўнікі не маюць права ўмешвацца ў выбарчыя працэсы, тым больш навязваць якіясьці патрабаванні дзяржавам — членам Арганізацыі па іх ажыццяўленні.

«Вялікую небяспеку ўяўляюць сабой кіруемыя з-за мяжы інфармацыйныя рэсурсы, сацыяльныя сеткі і відэахостынгі, якія, як паказала практыка, ажыццяўляюць палітычную цэнзуру анлайн-кантэнту без рашэння суда ці іншых упаўнаважаных органаў, — гаворыцца ў заяве. — Лічым такую антыдэмакратычную практыку прамой пагрозай суверэнітэту і нацыянальнай бяспецы дзяржаў — членаў АДКБ».

Парламентарыі рашуча заяўляюць аб недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў — членаў Арганізацыі і неабходнасці прыняцця мер па ўзмацненні нацыянальнага нагляду за замежнымі інфармацыйнымі рэсурсамі. Яны перакананыя, што грубае парушэнне асноўных дэмакратычных прынцыпаў і свабод у глабальных інфармацыйных сетках патрабуе адэкватнай ацэнкі з боку міжнародных, у тым ліку парламенцкіх, арганізацый.

— Нацыянальная бяспека — гэта найважнейшы пастулат развіцця суверэннай беларускай дзяржавы, — падкрэсліла ў гутарцы з журналістамі намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Лілія АНАНІЧ. — Нацыянальная бяспека заўсёды была ў абароннай сферы, але сёння я зрабіла б акцэнт на інфармацыйную сферу: на тыя метады і формы гібрыдных войнаў, якія суправаджаюцца масіраванымі інфармацыйнымі атакамі. Таму сёння ў нашай краіны ёсць вялікі вопыт і дакладнае бачанне таго, як абараніць нашу краіну ад замахаў у любой сферы.

Салідарны з калегай і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей РАЧКОЎ. Ён звярнуў увагу на тое, што падчас мінулых выбараў, якія адбыліся ў нашай краіне, Казахстане, Кыргызстане, адзначалася ўмяшанне асобных замежных дзяржаў і іх прадстаўнікоў у выбарчыя працэсы.

— Мы лічым такія падыходы недапушчальнымі, — падкрэсліў ён. — Асабліва недапушчальна тое, што гэтымі структурамі актыўна выкарыстоўваюцца інфармацыйныя рэсурсы, сацыяльныя сеткі для таго, каб стварыць атмасферу і пераканаць (у першую чаргу) замежную грамадскасць аб недэмакратычным характары выбарчых сістэм у нашых краінах. Мы катэгарычна адмаўляем такія падыходы.

Парламентарый растлумачыў, што сёння гаворка не ідзе аб выпрацоўцы нейкіх мер, хутчэй — аб выказванні занепакоенасці тым, што назіралі ў 2020 годзе, у пачатку 2021-га.

— Мы рыхтуем заяву, што будзе разглядацца Саветам Парламенцкай Асамблеі АДКБ у канцы сакавіка, пасяджэнне якой адбудзецца ў Душанбэ, — расказаў Сяргей Рачкоў. — Я перакананы, што кіраўнікі і парламенцкія дэлегацыі, якія будуць удзельнічаць у пасяджэнні Савета ПА АДКБ, разгледзяць гэтую заяву і таксама абмяркуюць магчымыя меры супрацьдзеяння такім з'явам.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбор редакции

Калейдоскоп

Восточный гороскоп на следующую неделю

Восточный гороскоп на следующую неделю

На этой неделе Тельцы будут просто незаменимы везде, где их знают.