Вы тут

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка


«Добрыя людзі тут недалёка,

Добрыя людзі, з вамі так лёгка...»

Душэўная мелодыя, прыгожы і пазнавальны голас спевака... Мы сустрэліся з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам, мастацкім кіраўніком і салістам ансамбля «Сябры», падчас яго творчай вечарыны ў мінскай гімназіі № 75 імя Масленікава. Выглядала сімвалічна: вядомы спявак не адгароджваецца пафасам і гламурам, наадварот, для яго важна быць сярод людзей, і людзі розных пакаленняў адказваюць на шчырасць артыста шчырай жа любоўю. Нездарма на пытанне, што для яго Беларусь, Анатоль Ярмоленка адказаў словамі песні — «Я ўдзячны лёсу, што з усіх краёў ён выбраў для мяне навекі гэты...»


Пытанняў падчас сустрэчы было шмат, сярод іх традыцыйна пра сакрэт поспеху... Анатоль Ярмоленка адказаў проста: «Заўсёды трэба шчыра рабіць сваю працу. Урэшце, усё залежыць ад гледача. Глядач не церпіць фальшу. Так, ёсць папулярная музыка, якая „для ног“, якая „ніжэй пояса“. Але нашы песні — яны сэрца, душа і думкі». Папярэдзіў маладых не купляцца на абяцанні рознага кшталту дзялкоў, якія прапануюць зрабіць зорку з любой дзяўчынкі ці хлопчыка, толькі грошы давай... Так, можна запісаць з дапамогай тэхналогій папулярную песню, чалавек робіцца вядомым, і яму здаецца, што ўсё каля яго ног. Таму часам учынкі маладых артыстаў такія легкадумныя, і артысты гэтыя хутка злятаюць з вышыні.

— Бо ўтрымаць на вышыні можа прафесіяналізм і тое, што ідзе з душы, — прызнаўся артыст. — Прайсці медныя трубы — самае цяжкае, калі цябе ўвесь час хваляць... Я, калі чую ўхвалы, пачынаю нібыта нешта з сябе страсаць... Пытаюцца: «Што такое?» «Бронзу» з сябе страсаю, каб не забранзавець«, — адказваю я. Таму што вельмі лёгка стаць помнікам... А я проста чалавек. Глядач сам сабе прыдумвае пра «мэтраў», напэўна, так яму цікавей. А артысту не трэба зазнавацца. Чым вышэй ты падымаешся, тым болей цябе хістае, ты знаходзішся пад пільнымі поглядамі многіх, і трэба ўмець выстаяць, не звяртаючы ўвагі на хейтэраў. Бо як толькі пачнеш адказваць на закіды тых, хто цябе спецыяльна правакуе, становішся на адзін узровень з тымі, хто цябе хоча зачапіць. А яны, акрамя гэтага, больш нічога не ўмеюць. Творчыя людзі розныя. Калісьці мне здавалася, што кампазітар, які напісаў такую прыгожую песню, ці паэт, аўтар такога выдатнага верша — гэта жыхары неба, анёлы... Зусім не. Таленавітыя людзі розныя бываюць. Ёсць талент, а ёсць характар чалавека. І асуджаць іх я не раю.

Прагучала пытанне і пра сумесныя праекты са спеваком Дэмісам Русасам, якога называлі «містар сто тысяч вольтаў». Анатоль Ярмоленка вельмі любіў творчасць гэтага артыста і, калі рыхтаваў свой юбілейны канцэрт, рызыкнуў з ім звязацца, даслаў свае запісы... І нечакана атрымаў адказ: «Ок, я прыеду і спяю на вашым канцэрце гэтую песню». Выбраў для выканання, вядома, «Алесю». Запіс таго сумеснага выступлення можна паглядзець на youtube-канале «Сябры», у якога больш чым сто тысяч падпісчыкаў. Дэмісу Русасу спадабалася, як беларускі артыст працуе; дамовіліся, што запросіць Анатоля Ярмоленку на свой сольны канцэрт, потым — у сумеснае турнэ... Але Русас захварэў і памёр.

У размове з залай Анатоль Ярмоленка параіў час ад часу прыпыняцца і задумвацца:

— У мітусні мы забываем вельмі важныя рэчы. Я намагаюся нагадваць пра тое, што як бы ні спяшаўся чалавек, трэба знаходзіць час для тых, хто з табой побач. Пагаварыць з бабуляй, з маці, з каханай жанчынай... Пасля пачынаеш шкадаваць, што гэтага не зрабіў, а ўжо нічога не вернеш. У мяне шмат на гэтую тэму ёсць песень.

«Сябрам» у гэтым годзе — пяцьдзясят гадоў. Таму часам на іх канцэрты прыходзяць мамы з дочкамі Алесямі, названымі ў гонар песні «Алеся». Другая культавая песня «Сяброў» — гэта «Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы» на словы Ніла Гілевіча.

— Прыязджаем куды-небудзь на гастролі — публіка просіць «Давай «лягу-прылягу», — з усмешкай успамінае спявак. — Запала гэта песня ў сэрца народа не толькі на Беларусі... Памятаю, у Афрыцы выступалі, і там гледачы, сярод якіх былі колішнія студэнты, што вучыліся ў Беларусі, дружна падпявалі. Ніл Сымонавіч Гілевіч калісьці казаў мне, што баіцца такой папулярнасці песні, бо яна не застольная, хоць яе пяюць за сталом. Гэта пра Радзіму, як чалавеку родная зямля надае сіл. Мы выступалі калісьці ў Афганістане, і я атрымаў ліст ад байца, які ляжаў, цяжкапаранены, у шпіталі. Ён жыць не хацеў... Але пачуў па радыё наша выступленне: «Вы мяне вылечылі гэтай песняй, бо ў ёй закладзена прага жыць і рухацца наперад».

Напрыканцы сустрэчы з гімназістамі прагучалі вядомыя песні, у тым ліку «Алеся», а галасы птушак, з якіх яна пачынаецца, аказваецца, насвіствае сам Анатоль Ярмоленка, і так праўдападобна, што, калі не пабачыш, не паверыш, што гэта не сапраўдныя птушкі.

— Я шчаслівы чалавек, які дажыў да праўнукаў, — звярнуўся да юных слухачоў Анатоль Іванавіч. — Вы ў нечым разумнейшыя за нас, больш «прасунутыя». Адзінае — занадта захапляецеся інтэрнэтам, а там трэба інфармацыю «фільтраваць», там шмат несумленных блогераў, якім вы верыце болей, чым дзяржаўным СМІ. Але калі вы падрасцеце і ў вас будуць свае дзеці, вы іх будзеце выхоўваць на нашых песнях, таму што яны грэюць душу. Хоць і я магу праспяваць любую песню, і вы можаце захапляцца рознымі выканаўцамі, але любіць трэба песні роднай зямлі.

Творчая сустрэча завяршылася, а гімназісты яшчэ доўга фатаграфаваліся з зорным госцем, бралі аўтографы... Знайшоўся час і для нашай гутаркі з Анатолем Ярмоленкам.

— Анатоль Іванавіч, у вашай творчасці адчуваецца моцная традыцыя беларускай народнай песні. Калісьці Уладзімір Караткевіч распавядаў, якое ўражанне на яго зрабіла сустрэча з Рыгорам Шырмам: «І адразу выяснілася, якая велічная рэч наша песня». Ці былі ў вас такія сустрэчы?

— Безумоўна, традыцыі беларускай народнай песні для нас важныя, хоць народных песень мы не спяваем. Мы выхоўваліся на апрацаваных Мулявіным беларускіх народных песнях, захапляліся імі, але, каб не быць падобнымі да «Песняроў», звярнуліся да аўтарскай песні. Нас натхняе беларуская літаратурная класіка. І Караткевіча я вельмі шаную, і п’есамі Купалы натхняўся: і «Паўлінкай», і «Тутэйшымі». Зрабіла ўражанне знаёмства з Рыгорам Барадуліным, ён нават падараваў мне кнігу з дароўным надпісам, у якім быў радок «Я люблю Ярмоленку». Зрэшты, сустрэчы з многімі беларускімі паэтамі сталі важнымі і плённымі. І з Віктарам Шніпам — мы выконвалі на яго словы песні «Усе мы родам з дзяцінства» і «Вяртайся дадому», і з Алесем Бадаком — зараз вялікай любоўю ў гледачоў карыстаецца песня на яго словы «Добрыя людзі». Шмат песень на словы Леаніда Дранько-Майсюка, Леаніда Пранчака. Адна з цудоўных песень апошняга часу на словы Пранчака — «Прызнанне», пра любоў да Беларусі, я выконваў яе падчас Дня адзінства 17 верасня на «Мінск-арэне», і ўся вялікая зала дружна ўстала. Аўтар слоў песні «Прыязджайце да нас у Беларусь» Іван Юркін вельмі цікавы чалавек, ён паэт і — генерал.

— Якім крытэрыям павінна адпавядаць слова, якое з’яднаецца з музыкай, ці можа быць, што верш кепскі, а музыка добрая? Ці верш — выдатны, глыбокі, а праспяваць яго немагчыма?

— Я заўсёды звяртаў увагу першым чынам на верш, на тэкст. Калі я яго зразумею, ён мне адгукнецца, я папрашу кампазітара напісаць музыку. І калі кампазітар зразумее, што я ўбачыў у гэтым вершы, і пранікнецца глыбінёй паэзіі, мне будзе лягчэй выконваць песню і даносіць да слухача. Я — гэта ўжо «фінальная інстанцыя» стварэння песні. Я не бяру вершы, якія мне не падабаюцца. І калі вершы глыбокія, мы перарабляем пад іх мелодыю, каб была арганіка.

— Цікава, бо звычайна ж бязлітасна перарабляюць менавіта вершы пад мелодыю... Ці даюць паэту «рыбу», на якую ён мусіць нешта напісаць…

— Усё ж такі я лічу, што «спачатку было Слова»... Я працую не з тэкстамі, а з паэзіяй. Вельмі складана іншым разам на выдатныя вершы паэта напісаць мелодыю, бо там ёсць думка, яе не пераставіш, не падрыфмуеш іначай пад мелодыю. І таму мелодыя павінна ісці за вершам. Прыемна, што цяпер мы працуем з кампазітарам Алегам Елісеенкавым, які адчувае мелодыку верша.

— Вельмі важная пазіцыя на фоне агульнай тэндэнцыі да спрошчання ў сучасным мастацтве, арыентаваным на шырокую публіку... Паэт-песеннік Дзербянёў наракаў, што тэксты на эстрадзе спрасціліся да таго, што рыфмуецца «ботинок» і «полуботинок»…

— Так, моладзь слухае часам тое, дзе ўвогуле тэкст не мае сэнсу: «ла-ла-ла», «ідзі сюды», «ідзі сюды» і досыць. Спявак павінен быць начытаным у паэзіі, мець літаратурны густ. І мець маральнае права выказваць тое ці іншае. Часам слухаю — і песня добрая, і мелодыя прыгожая, і словы глыбокія, а выканаўца яе не разумее. Ён выстаўляе наперад сваё «я», не пранікаецца ні паэзіяй, ні мелодыкай, і таму гэта не знаходзіць водгуку. Вядома, гэткае разуменне з гадамі прыходзіць. А можа, і не прыйдзе... Не кожнаму дадзена. З’яўляюцца выканаўцы, якія запісалі некалькі песень — і ўжо сольны канцэрт адразу. А глядач паслухаў трохі — і яму нецікава, яму ўжо трэба гульня святла, танцы, усе гэтыя «рукі вышэй». Сольны канцэрт трэба рабіць, калі ўжо ёсць вопыт, уменне размаўляць з гледачом. Безумоўна, у сольнай праграме трэба закладваць выхаваўчую функцыю: я распавядаю пра нашу зямлю, пра Радзіму, пра маці, пра тое, што робіць нас людзьмі, — гэта аснова нашай творчасці. А ў канцы, па заяўках, можа быць шоу, нешта забаўляльнае. А заканчваю песняй, у якой гаворыцца: прыязджайце ў Беларусь, паглядзіце, што за людзі тут жывуць, каб зразумець іх і палюбіць нашу краіну.

— Кажуць, што мова — не проста інструмент, яна мае ўласную ментальнасць, якая ўплывае на тых, хто ёю карыстаецца. Што для вас — спяваць менавіта на беларускай мове?

— Калі спяваеш на беларускай мове, адчуваеш — ты грамадзянін сваёй краіны, ты ганарышся гэтым. Ганарышся, што ў нас ёсць і мова, і герб, і гімн, і сцяг, і дзяржаўнасць, нягледзячы ні на якія абставіны. А беларуская паэзія павінна дапамагаць такому ўсведамленню, выхоўваць гонар за сваю Радзіму. Часам чую нараканні, што мова наша забываецца. Не забываецца! Моладзь, наадварот, зараз цікавіцца мовай. Дарэчы, больш паловы песень у нас на беларускай мове, і, калі выступаю ў Расіі, часта просяць выканаць песні менавіта па-беларуску. Мова наша прыгожая, спеўная, і дзе магу, я гэта паказваю. А іншым разам чую, як кажуць калегі: вось, просяць песню на беларускай мове, перакладзём з рускай на беларускую... Там не будзе той глыбіні, таму што нельга дакладна перадаць тое, што задумаў паэт, калі пісаў на беларускай мове.

— З аднаго боку, існуе паняцце піраміды мастацтва, на вастрыі якой эксперымент для нешматлікіх, які апускаецца ўніз і пашыраецца да шаблону... З другога — тое, што калісьці было ўсім даступным, робіцца элітным. Напрыклад, опера, якая сёння лічыцца жанрам не для знаўцаў, калісьці была ў Італіі народным жанрам — арыі спявалі ўсе, ад гандальера да гандляра…

— Бо не было «папсы»... А сёння з кожнай машыны такая даносіцца. FM-станцыі спрошчваюць музыку, спрошчваюць густ моладзі, і вырастаюць тыя, хто оперу не ўспрыме. Трэба знаходзіць спосаб, каб уплятаць нешта вартае паміж тым масавым прадуктам, што круцяць FМ, якія сёння дыктуюць моду на музыку. Нашы песні там «нефармат». Але ўсё роўна іх ведаюць, слухаюць, знаходзяць. Каб не страціць традыцыі, трэба вывучаць беларускую песню ў школе, нават каб у дзіцячым садку гучалі беларускія песні. Праўда, ужо і выхавацелі, і настаўнікі выхаваныя на іншай музыцы. Мы крыху прапусцілі гэта ў свой час, але цікавасць да добрай беларускай песні аднаўляецца. Зараз мы едзем у Санкт-Пецярбург, там нас чакае зала на пяць тысяч гледачоў, і вось патэлефанавалі, што ставяць нам другі канцэрт на дзень, бо надта вялікі попыт.

— Наколькі для вас важна абараніць уласнае бачанне ад нечых уплываў?

— Да неабходнасці такой абароны прыходзіш толькі з часам. Напачатку я чуў столькі парад наконт таго, якой павінна быць мая творчасць, — і ў Гомельскай абласной філармоніі, і ў Мінску... Хацелі з нас нейкі дыксіленд, помню, зрабіць. Казалі, ёсць «Песняры», і хопіць падобнага... Але я ішоў заўсёды сваім шляхам. Урэшце, з 1991 года мы знаходзімся на самафінансаванні, усе інструменты, касцюмы набываем за свае сродкі. Здараліся і цяжкія перыяды: калі пачаўся каранавірус, не было канцэртаў. Тады мне нават сваю машыну давялося прадаць, каб падтрымаць нашу дзейнасць. Але ў нас заўсёды былі поўныя залы. Я выконваю тыя песні, якія людзям патрэбныя, на нашых песнях выхоўваюцца. Я лічу, што павінен быць гонар за сваю дзяржаву. Калі я знаходзіўся ў журы міжнародных конкурсаў, здзіўляўся: выступае прадстаўнік якой-небудзь маленькай афрыканскай краіны, прыйшлі некалькі яго землякоў, і яны ўсю залу заводзяць, калі выступае іх выканаўца. А нашы артысты не заўсёды такую падтрымку сустракаюць, часам мы лепей прымаем гасцей, чым уласных артыстаў. А трэба любіць сваё, бараніць сваё, даражыць сваім.

— Я ведаю, што тэма Вялікай Айчыннай вайны вас заўсёды хвалявала. Што рыхтуеце да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў?

— Тэма Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі для мяне заўсёды будзе актуальнай. На гэтую тэму ў нас напісана столькі песень... Сярод іх шмат на музыку Ігара Лучанка і Эдуарда Ханка — калісьці канцэрт з іх песень мы назвалі «Мы прыйшлі з Перамогай». Рыхтуем з цудоўным кампазітарам Валерыем Галаўко праграму «Тры Іваны», пра тое, што аб’ядноўвае народы, якія разам прыйшлі да Вялікай Перамогі. Рыхтуецца праграма «Перамога», у якой прагучаць і ўсім вядомыя, любімыя слухачамі песні, і новыя. Запісаў на радыё песню на музыку Валерыя Іванова і словы Аляксандра Лягчылава «Вас осталось немного, переживших войну». І сапраўды, няшмат засталося такіх людзей... І трэба навучыць дзяцей і ўнукаў шанаваць гістарычную памяць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.